Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
ARTUHOVICH_MAIN

Уседзець на двух бензабаках

Нашыя сацсеткi

Як беларуская кампанія будавала запраўкі ў Еўропе, падтрымліваючы вайну ва Украіне і працуючы на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна

Аўтары

 

 

ТАЕМНЫ ЧЭМПІЁН

Што агульнага ў заправак «Беларуснафта», гандлёвага цэнтра «Галерэя» на Нямізе, гатэля DoubleTree by Hilton у Мінску і павільёнаў «БелДрук»? Да іх стварэння прыклала руку адна і тая ж кампанія – VDS.

 

Выданне «Белорусы и рынок» называе яе «таемным чэмпіёнам» краіны. Таемным – таму што фірма не на слыху. Чэмпіёнам – таму што гэта найбуйнейшы на постсавецкай тэрыторыі распрацоўшчык і вытворца навесаў, стэлаў, павільёнаў і іншых канструкцый для аўтазаправак, рытэйлу і гарадской прасторы.

 

Асноўная спецыялізацыя VDS – запраўкі. Штогод фірма можа выпускаць да тысячы станцый пад ключ. Для параўнання: ва ўсёй Беларусі іх крыху больш за 800.

 

Сярод кліентаў VDS нафтавыя кампаніі з ЗША, Вялікабрытаніі, Індыі і Грузіі. Таксама яна мае даччыную кампанію ў Расіі і прадстаўніцтва ў Казахстане. У Астане рыхтуюцца адкрыць яшчэ і завод VDS. Гэта будзе другая вытворчасць фірмы. Першая – у Мінску. Там жа размешчаны дызайн-цэнтр.

 

Выручка адной толькі кампаніі з групы VDS за 2024 год перавысіла 40 мільёнаў долараў, а чысты прыбытак склаў амаль 825 тысяч долараў. Пры гэтым на рахунках кампаніі назапасілася каля 23 мільёнаў долараў неразмеркаванага прыбытку. Актуальныя дадзеныя пра прыбыткі іншых актываў VDS недасяжныя.

 

Па ўсім відаць, што VDS – даволі буйны гулец. Крыніца з індустрыі ў размове з журналістам «Бюро» ўвогуле назвала кампанію адным з лідараў галіны:

«Вельмі моцная кампанія. Некалькі разоў былі на іх заводзе. Гэта вельмі сучаснае прадпрыемства, у рэспубліцы такога ўзроўню вельмі мала прадпрыемстваў».

Дык чаму ж VDS лічыць за лепшае заставацца ў цені? Гэта дапамагае ім хаваць несамавітыя і супярэчлівыя аспекты працы. Напрыклад, весці бізнэс у ЕС – і ў той жа час супрацоўнічаць з падсанкцыйнымі кампаніямі ў Беларусі і Расіі. Падтрымліваць вайну ва Украіне і акупацыйны рэжым у Данбасе. Спансаваць «рускі свет» і супрацоўнічаць з чыноўнікамі Лукашэнкі. Ва ўсім гэтым і не толькі замяшаныя VDS або звязаныя з ёй людзі, высветліла «Бюро».

Мы выказваем падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу «Хрысціянскай візіі» і «Кіберпартызанам»

 

 

СПРАВЫ СЯМЕЙНЫЯ

Кампанія VDS была заснаваная ў 1994 годзе ў Мінску. На афіцыйным сайце гаворыцца, што «ў пачатку шляху гэта была невялікая рэкламная студыя». Яе стварылі тры беларусы: Аляксандр Арцюховіч, Пётр Рабіцкі і Аляксей Шышко. Яны ж дагэтуль валодаюць VDS. Галоўную ролю мае Арцюховіч: у ягоным актыве не толькі большая доля фірмы, але і статус «ідэйнага натхняльніка».

 

ARTUHOVICH

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін (злева) і Аляксандр Арцюховіч (справа). Крыніца: church.by

 

У бізнэсе задзейнічаныя і сем’і траіх заснавальнікаў. Жонкі, дзеці, зяці і нявесткі – амаль усе працуюць у структурах VDS. Найбольшы ўплыў сярод іх мае жонка Арцюховіча – Аксана Канавалава.

 

Яна нарадзілася ў Беларусі, але ў 2009 годзе атрымала грамадзянства Расіі. Там жанчына вядзе бізнэс: на яе запісаныя падраздзяленне VDS і гандлёвы дом, што размяшчаюцца ў Смаленску.

 

У 2024 годзе чысты прыбытак расійскай VDS перавысіў 120 тысяч долараў, а яе гандлёвага дома амаль дасягнуў 1,3 мільёна долараў. Капітал фірмы складае больш як 350 тысяч долараў, а гандлёвага дома – больш за 6 мільёнаў долараў. Гэтыя грошы VDS зарабіла ў тым ліку на супрацоўніцтве з кампаніямі, якія падпалі пад санкцыі ЕС за падтрымку ўлады Лукашэнкі і Пуціна.

 

 

ТАКСІЧНЫЯ КЛІЕНТЫ

У 2021 годзе пад еўрапейскія санкцыі падпала «Беларуснафта».

«Кіраўніцтва кампаніі звальняла работнікаў, якія абвяшчалі забастоўкі, бралі ўдзел у антырэжымных пратэстах [пасля выбараў прэзідэнта] або публічна падтрымлівалі гэтыя пратэсты», – тлумачыў Еўрасаюз сваё рашэнне.

VDS санкцыі не збянтэжылі. Пасля іх увядзення фірма пахвалілася ў сацсетках, што працягне працу з «Беларуснафтай». І сапраўды, у 2023 годзе VDS пабудавала для «Беларуснафты» новы павільён і ўкамплектавала яго неабходным абсталяваннем. Па стане на 2025 год супрацоўніцтва працягваецца: VDS пісала пра гэта ў сваім тэлеграм-канале.

 

Другі кліент VDS, кампанія «Раснефць», падпала пад санкцыі ЕС яшчэ ў 2014 годзе – пасля анэксіі Крыма. У 2022 годзе абмежаванні зрабілі больш строгімі з-за поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Аднак VDS гэта не спыніла. У 2024 годзе кампанія выканала рэбрэндынг для заправак «Раснефці» і выступіла генеральным падрадчыкам у будаўніцтве трох станцый.

 

Для «Газпрамнефці» VDS праектавала і ўзводзіла запраўкі крыху раней – у 2018–2019 гадах. Аднак ужо тады гэтае супрацоўніцтва было таксічным: з 2014 года «Газпрамнефць» знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.

 

Праца з падсанкцыйнымі кампаніямі, аднак, не перашкаджае VDS весці бізнэс у Еўропе.

 

 

НА ДВУХ КРЭСЛАХ

У Румыніі, краіне Еўрасаюза, дзейнічае фірма VDS Development Services SRL. Беларуская VDS валодала ёю да 2018 года – потым кантроль перайшоў грамадзяніну Канады Міхаілу Журу. Здавалася б, на гэтым сувязь румынскай і беларускай кампаній абарвалася, засталася толькі агульная назва. Але не: на сайце беларускай VDS Міхаіл Жур прадстаўлены як «рэгіянальны дырэктар» у Румыніі.

 

«Бюро» знайшло старонку ягонай жонкі ў «Фэйсбуку». У адным з пастоў жанчына расказала, што Міхаіл – ураджэнец Беларусі, які спачатку эміграваў у Канаду, а потым ва Украіну. Там ён разам з жонкай працаваў у падраздзяленні VDS. У 2014 годзе, пасля ўварвання Расіі ў Данбас, сям’я пераехала ў Румынію.

 

Такім чынам, не застаецца сумневаў, што румынская VDS Development Services SRL па-ранейшаму кантралюецца беларускай VDS, проста праз давераную асобу.

 

2024 год румынская «дачка» VDS скончыла з чыстым прыбыткам у 240 тысяч долараў. За год да таго яна зарабіла амаль 435 тысяч долараў, а ў 2022 годзе – каля 780 тысяч долараў. Кампанія будавала АЗС, а таксама прадавала дэталі і камплектуючыя для іх.

 

Мяркуючы па сацсетках VDS, іх асноўны праект у Румыніі – запраўкі для Rompetrol, адной з самых магутных нафтавых кампаній ва Усходняй Еўропе. У 2012 годзе VDS правяла для іх рэбрэндынг, у 2019 годзе – абнавіла дызайн. Супрацоўніцтва працягвалася як мінімум да 2022 года, і яго вынікам сталі «сотні адфарматаваных і новых АЗС у Румыніі, Малдове, Грузіі, Балгарыі».

 

Таксама ёсць дадзеныя, што Rompetrol выкарыстоўвалі распрацоўкі VDS у 2024 годзе. У лютым яны адкрылі новую АЗС у Кішынёве – у фірмовым стылі, створаным VDS.

 

Да нядаўняга часу на сайце VDS былі пазначаныя кантакты прадстаўнікоў яшчэ ў дзвюх краінах Еўрасаюза – Эстоніі і Латвіі.

 

У Эстоніі VDS супрацоўнічала з фірмай Tankla Abi OÜ. Яна ўсталёўвае і абслугоўвае абсталяванне на заправачных станцыях. У 2017 годзе VDS і Tankla Abi OÜ разам пачалі рэбрэндынг для Alexela Oilадной з буйных эстонскіх сетак АЗС. Праца над праектам працягнулася як мінімум да 2022 года, а яго рэалізацыя – да 2023-га. Пра гэта VDS напісала ў сваім тэлеграм-канале, пазначыўшы: будаўніцтва фінансаваў у тым ліку Фонд ЕС.

 

Журналіст «Бюро» патэлефанаваў уладальніку Tankla Abi OÜ Андрэю Смірнову, каб даведацца пра дэталі яго супрацоўніцтва з VDS. Ён расказаў, што яго фірма была дылерам прадукцыі VDS у Эстоніі, але сумесная праца спынілася пасля пачатку вайны ва Украіне:

«Нашыя краіны спынілі ўзаемадзеянне. Бо ўзаемаадносіны паміж банкамі спыніліся, не было магчымасці ніякіх узаемаразлікаў».

У Латвіі VDS працавала з фірмай DLL Serviss. Гэта адна з вядучых кампаній па пастаўцы і абслугоўванні палівазаправачнага абсталявання ў краіне. Некалькі разоў яна выйгравала дзяржаўныя тэндары, у тым ліку звязаныя са Узброенымі сіламі Латвіі.

 

Журналіст «Бюро» звязаўся з DLL Serviss па тэлефоне. Менеджар кампаніі расказаў, што праца з VDS спынілася пасля пачатку вайны ва Украіне:

«Банкаўскія транзакцыі немагчымыя, грузаперавозкі, усякага роду абмежаванні, якія як набылі моц, так і супрацоўніцтва проста фізічна перастала быць магчымым».

Нягледзячы на страту партнёраў, VDS яўна не збіраецца сыходзіць з еўрапейскага рынку. У маі 2024 года яна брала ўдзел у выставе UNITI Expo ў нямецкім Штутгарце, на якой вяла перамовы са старымі кліентамі і шукала новых. Вось як фірма адсправаздачылася пра гэта ў тэлеграме:

«Каманда VDS правяла шэраг сустрэч з нашымі паважанымі замоўцамі – зверылі планы з прадстаўнікамі кампаній GULF і Compass, а таксама абмеркавалі перспектывы развіцця на рынку Паўднёвай Амерыкі з патэнцыйнымі партнёрамі. <...> Мы адкрылі для сябе новыя рынкі з патэнцыйнымі кліентамі, і даследавалі інавацыйныя тэхналогіі для паліўнага рытэйлу».

Журналіст «Бюро» патэлефанаваў кіраўніку VDS Аляксандру Арцюховічу, каб даведацца, як у яго атрымліваецца сумяшчаць працу з падсанкцыйнымі кампаніямі і весці бізнэс у Еўропе. Арцюховіч адмовіўся адказваць на пытанні і кінуў слухаўку. Двое іншых уладальнікаў VDS пакінулі званкі «Бюро» без адказу. Паведамленні ў мэсэнджарах і афіцыйны запыт на карпаратыўную пошту VDS таксама былі праігнараваныя.

 

Наколькі гэта легальна – весці бізнэс у Еўропе і працаваць з кампаніямі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЕС, «Бюро» расказаў юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк:

«ЕС не прымаў рашэння пра замарозку актываў кампаній, заснавальнікі якіх аказваюць паслугі падсанкцыйным кампаніям за межамі ЕС. Таксама ЕС не прымаў рашэння замарожваць актывы кампаній, якія звяртаюцца па паслугу да падрадчыка, які за межамі ЕС аказвае паслугі падсанкцыйным кампаніям. Гэта значыць, нельга сказаць, што VDS або еўрапейскія нафтавыя кампаніі парушаюць закон і ёсць падставы іх прыцягваць да адказнасці. Тут можна толькі ўздымаць пытанне пра рэпутацыю. «А ці ведаеце вы, што такі вось ваш падрадчык зарабляе на спонсарах рускай вайны? Вы яго таму абралі?» – такія публічныя абмеркаванні могуць сыграць ролю».

«Бюро» таксама высветліла, што акрамя падсанкцыйных кампаній VDS ахвотна супрацоўнічае і з беларускімі чыноўнікамі і духавенствам.

 

 

ШЛЯХ ВЕРЫ

VDS у межах сваёй палітыкі ўстойлівага развіцця высаджвае дрэвы ў пасёлку Гарадзішча, які некаторыя археолагі называюць прарадзімай Мінска. Гэта частка праекта па стварэнні ў Гарадзішчы археалагічнага комплексу. Партнёрамі VDS па праекце выступілі Мінгарвыканкам, Мінкультуры і НАН Беларусі. Акрамя азелянення яны праводзяць у Гарадзішчы раскопкі.

 

У 2022 годзе іх наведалі колішні прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка і цяперашні – Аляксандр Турчын, які ў тую пару ўзначальваў Мінаблвыканкам. Галоўчанка нават выступіў за прысваенне праекту VDS статусу «помніка рэспубліканскага значэння». На наступны год у Гарадзішча звезлі яшчэ больш чыноўнікаў: кіраўніка Мінкультуры і яго падначаленых, дэпутатку Мінскага раённага Савета і начальніка з Мінскага райвыканкама.

 

Гарадзішча нездарма прыцягнула ўвагу VDS. Паводле звестак «Кіберпартызан», заснавальнік кампаніі Аляксандр Арцюховіч жыў у гэтым пасёлку разам з дзецьмі і жонкай. На яе там аформлены ўчастак на 562 м2 з домам.

 

Таксама ў Гарадзішчы Арцюховічы наведваюць храм – Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. На яго сайце згадваецца, што пабудаваны ён у 2010 годзе намаганнямі неназваных «мясцовых жыхароў». Аднак Арцюховіч у адным відэа назваў храм «нашым», маючы на ўвазе калектыў VDS. Да рэлігіі ў кампаніі асаблівае стаўленне.

 

Проста на заводзе VDS ёсць дамовы храм, па ўсім прадпрыемстве і ў кабінетах вісяць выявы святых, а на фасадзе – вялізны праваслаўны крыж. Для работнікаў рэгулярна праводзяць рэлігійныя сустрэчы, у тым ліку на тэрыторыі завода. Для гэтых мэтаў у VDS нават ёсць свой духоўнік, Уладзімір Башкіраў. Ён жа – настаяцель храма ў Гарадзішчы.

 

Мяркуючы па паведамленнях на форумах, праваслаўе ў VDS пашырае менавіта Аляксандр Арцюховіч, і задаволеныя гэтым далёка не ўсе. Вось некалькі водгукаў былых супрацоўнікаў:

«Уладальнік страшэнна захоплены рэлігіяй, прымушае хадзіць у царкву, дзяцей сваіх і супрацоўнікаў накіраваў у семінарыю на навучанне. Кантралюе кожнага работніка, ці мае нацельны крыжык».

«Сацпакета няма, карпаратываў няма, ёсць навязванне рэлігіі».

«Пазіцыянуюць сябе праваслаўнымі людзьмі, а на самай справе проста здзекуюцца са сваіх супрацоўнікаў. Звальняюць без папярэджання і тлумачэння прычын».

У 2024 годзе Арцюховіч спансаваў першую мітрапаліцкую ёлку на Раство для дзяцей духавенства і чыноўнікаў. У якасці падарункаў яны атрымлівалі грошы і залатыя крыжыкі. За чатыры гады да таго кіраўнік VDS атрымаў ад мітрапаліта Веніяміна ордэн Кірылы Тураўскага II ступені за «шчырую працу на славу царквы».

 

Веніямін і Арцюховіч знаёмыя даўно. Яны разам друкавалі праваслаўныя кнігі. Служыцель царквы узначальваў выдавецкі савет Беларускай праваслаўнай царквы (ВС БПЦ), а бізнэсовец выступаў спонсарам.

 

Сутнасць працы ВС БПЦ у тым, што кнігі, якія атрымалі яго ўхвалу, распаўсюджваюць праз сістэму царкоўных установаў і арганізацый. Сярод тых, хто атрымліваў такую падтрымку, – адыёзны пісьменнік Мікалай Гаўрылаў. Вядомы ён, у першую чаргу, не сваімі опусамі, а дзейнасцю ў Данбасе.

 

Мужчына кіруе групай пры Свята-Елісавецінскім манастыры, якая збірае дапамогу для расійскіх вайскоўцаў, і ўваходзіць у групу Аляксея Талая, якая вывозіла ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

 

Аднак афіцыйна Гаўрылаў працуе ў кампаніі VDS.

 

 

ГЕНДЫРЭКТАР ПА БЯСПЕЦЫ

Біяграфія Мікалая Гаўрылава авеяная таямніцамі, якія ён сам жа і стварае. У інтэрв’ю мужчына расказвае, што скончыў талінскую мараходную вучэльню і хадзіў у далёкія плаванні. У базах «Кіберпартызан» мы не знайшлі гэтаму пацвярджэнняў. Затое выявілі ў Гаўрылава некалькі судзімасцяў.

 

З 1994 па 2000 год ён адбываў пакаранне ў Оршы – за разбойны напад і вымаганне. У 2007–2009 гадах сядзеў там жа за абрабаванне рэстарана і хуліганства. Пасля вызвалення Гаўрылаў заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, але без рэгістрацыі і дазволу. З-за гэтага была распачатая справа, але крымінальнага пераследу Гаўрылаў пазбег.

 

Паводле звестак за 2024 год, Гаўрылаў працаваў у VDS – «намеснікам генеральнага дырэктара па бяспецы». У структурах кампаніі ён аформлены яшчэ з 2017 года, але, мяркуючы па ўсім, супрацоўніцтва пачалося раней.

 

У 2015 годзе Мікалай Гаўрылаў каардынаваў «беларускія вакацыі» для дзяцей з Данецка. Тады дзяцей з харавой школы «Дабравест» у суправаджэнні дарослых на два тыдні прывезлі ў нашую краіну на адпачынак. Адным са спонсараў выступіла кампанія VDS: яна пакрыла транспартныя расходы. Вядома, што сямёра чалавек пасля тых «вакацый» засталіся ў Беларусі.

 

У наступным годзе Гаўрылаў каардынаваў яшчэ адну падобную паездку. БелТА адзначала, што зладзіць яе дапамаглі «многія неабыякавыя людзі і арганізацыі».

 

Аднак асноўная дзейнасць Гаўрылава ў Данбасе палягае ў іншым. Ён з групай паплечнікаў ездзіць на акупаваныя тэрыторыі. Паводле яго версіі, выключна з гуманітарнай дапамогай для мясцовых жыхароў, якую збірае Свята-Елісавецінскі манастыр. «Бюро» ж у адным з папярэдніх расследаванняў высветліла, што на самай справе дапамогу атрымлівалі і расійскія салдаты.

 

Гаўрылаў у сваім тэлеграм-канале і сам пісаў пра сустрэчы з ваеннымі і працу з «ПВК Вагнер». У іншых пастах ён расказваў, як дапамагаў акупацыйным уладам утрымліваць пазіцыі «падчас штурмаў» і вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь.

 

Старанні Гаўрылава не засталіся незаўважанымі. У 2023 годзе кіраўнік «адміністрацыі» акупаванага Марыупаля ўручыў «намесніку дырэктара VDS» узнагароду «за падтрымку Данбаса».

 

Каб даведацца, як Гаўрылаў сумяшчае службовыя абавязкі ў VDS з паездкамі ў Данбас, журналіст «Бюро» патэлефанаваў Гаўрылаву, але той не адказаў.

 

Ці можна лічыць зарплату, якую Гаўрылаву налічвае VDS, фінансаваннем ягоных паездак ва Украіну, «Бюро» растлумачыў юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк:

«Калі фірма аплачвае такія актыўнасці – а яна не можа быць не ў курсе, – то ўладальнікі неяк прама ці ўскосна зацікаўленыя ў такіх паездках. Можам зрабіць дапушчэнне, што яны лічаць, што ад гэтых паездак фірма атрымлівае выгаду, якая большая, чым патрачаныя на паездку грошы і час топ-менеджара. Магчыма, тут і хаваецца сакрэт умення атрымаць замовы ў «Беларуснафты» і «Раснефці», у якіх не так і проста стаць падрадчыкам».

Аляксандр Арцюховіч і VDS сваю пазіцыю па вайне ва Украіне адкрыта не выказвалі. Аднак у тэлеграм-канале кампаніі з захапленнем пісалі пра ўвагу Уладзіміра Пуціна да праектаў VDS у Расіі. Апошні раз – у 2024 годзе, калі Пуцін наведаў комплекс «Татнефць», рэалізаваны VDS. Таксама фірма рэгулярна віншавала чытачоў тэлеграм-канала з Днём Расіі, а ў 2023 годзе зладзіла супрацоўнікам сустрэчу з народным артыстам РСФСР Аляксандрам Міхайлавым, які актыўна падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне.

 

У 2024 годзе, у межах святкавання 30-годдзя, VDS арганізавала для работнікаў завода літургію ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Тым самым, які збірае дапамогу для расійскіх ваенных і накіроўвае яе ў Данбас праз Гаўрылава.

 

«Бюро» накіравала ліст VDS з просьбай пракаментаваць супрацоўніцтва са Свята-Елісавецінскім манастыром і дзейнасць Мікалая Гаўрылава ва Украіне. Кампанія праігнаравала наш запыт. Заснавальнікі VDS таксама не адказалі на званкі і паведамленні.

 

 

МЕСЦА СІЛЫ

Мікалай Гаўрылаў, як і яго кіраўнік Аляксандр Арцюховіч, – праваслаўны вернік. Ён прыхаджанін мінскага храма Узвіжання Крыжа Гасподняга. Гэты храм з’явіўся зусім нядаўна, у 2020 годзе, – пры непасрэдным удзеле Гаўрылава.

 

Рэч у тым, што побач з храмам размешчаны мемарыяльны комплекс, дзе пахаваныя больш за 80 тысяч савецкіх ваеннапалонных, замучаных у лагеры «Шталаг 352». Іх гісторыю Гаўрылаў апісаў у сваёй кнізе «…І абатрэ Бог кожную слязіну». У публікацыі была канкрэтная мэта – прыцягнуць увагу і, адпаведна, інвестыцыі да праекта пабудовы храма побач з мемарыяльным комплексам.

 

Кніга выйшла ў 2014 годзе пры падтрымцы выдавецкага савета БПЦ. Нагадаем, тады яго ўзначальваў цяперашні мітрапаліт Веніямін, а Аляксандр Арцюховіч быў спонсарам. Піяр-акцыя спрацавала: у 2016 годзе пачалося ўзвядзенне храма. Агенцтва «Минск-Новости» зазначала, што адным з самых важкіх аргументаў на карысць будаўніцтва стала кніга Гаўрылава.

 

У 2018 годзе ў храме ўсталявалі званы, ахвяраваныя фірмай «Неанафта». Яе ўласнікі – давераныя людзі бізнэсоўцаў Аляксея Алексіна і Мікалая Вараб’я, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЕС як «кашалькі» Лукашэнкі.

 

На Раство 2021 года храм Узвіжання Крыжа Гасподняга наведаў Аляксандр Лукашэнка. У 2025 годзе ён зноў надаў увагу храму: уручыў яго настаяцелю прэмію «За духоўнае адраджэнне».

 

Да таго моманту храм, адкрыты пры ім музей і мемарыяльны комплекс «Шталаг 352» сталі новым месцам ваенна-«патрыятычнай» прапаганды і «рускага свету» ў Беларусі.

 

Так, у сакавіку 2023 года тут прайшоў навукова-практычны круглы стол «Генацыд савецкага народа: гістарычныя і прававыя аспекты», арганізаваны Генпракуратурай.

 

У снежні таго ж года, у Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду, у храме правёў паніхіду мітрапаліт Веніямін. Пасля яе адбылася цырымонія ўскладання кветак да падножжа мемарыяла «Масюкоўшчына». У ёй бралі ўдзел кіраўнік МУС Іван Кубракоў, памочнік Лукашэнкі і інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў.

 

У красавіку і снежні 2024 года ў храме прайшлі набажэнствы: спачатку ў памяць пра вязняў канцлагераў, потым – пра ахвяр генацыду. Іх наведалі прадстаўнікі духавенства, Узброеных сіл і дзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама чыноўнікі, ветэраны і дэпутаты.

 

У верасні 2024 года Віктар Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з міністрам спорту Расіі Міхаілам Дзегцяровым. Пасля той накіраваўся ў «Шталаг-352» і ўсклаў кветкі да манумента. Таксама для расійскай дэлегацыі правялі экскурсію па тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. Гэты выбар быў не выпадковым, паведаміла «Бюро» «Хрысціянская візія». Паводле звестак ініцыятывы, Віктар Лукашэнка і яго сям’я – прыхаджане храма Узвіжання Крыжа Гасподняга.

 

 

ЗА ПРЫГОЖЫМ ФАСАДАМ

VDS пазіцыянуе сябе як сучасную, прагрэсіўную кампанію. Яна публічна выступае за гендарную роўнасць, захаванне экасістэм і асобны збор смецця. Ва ўнутраным кодэксе называе правы чалавека сваёй каштоўнасцю і адзначае, што «ні назвы, ні актывы кампаніі VDS не павінны выкарыстоўвацца для адстойвання інтарэсаў партый ці кандыдатаў». Аднак варта прыгледзецца лепш – і выяўляецца, што гэта толькі прыгожы фасад, за якім хаваецца падтрымка дыктатарскіх рэжымаў і людзей, якія спрыяюць вайне.

 

VDS ганарыцца працай з кампаніямі, якія ўзбагачаюць рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, яе заснавальнік дарыць падарункі дзецям чыноўнікаў, а гендырэктар па бяспецы дапамагае расійскім салдатам ва Украіне і вывозіць дзяцей з акупаваных тэрыторый. Усё гэта не прымушае VDS спыніць працу ў Еўропе, не перашкаджае ёй удзельнічаць у міжнародных выставах і заставацца рукапаціскальнай у коле вядомых у свеце нафтавых кампаній.

 

Цяпер, калі сутнасць VDS стала яўнай, перад яе еўрапейскімі партнёрамі ўзнікае непазбежнае пытанне: ці гатовыя яны працягваць працу з такім падрадчыкам?

 

Самой VDS таксама рана ці позна давядзецца зрабіць выбар. Бо чым даўжэй яна спрабуе ўседзець на двух крэслах, тым вышэйшы шанс, што ў Еўропе перастануць верыць у ейныя «прагрэсіўныя каштоўнасці», а ў Беларусі і Расіі – у ейную лаяльнасць.

Даданні па тэме