Санкцыямі па шкле
Гродзенскія шкляры здольныя ствараць цуды, калі трэба дагадзіць Аляксандру Лукашэнку. За два з паловай гады пабудавалі новы завод і абуладкавалі яго сучасным еўрапейскім абсталяваннем. Як гэтае абсталяванне трапіла ў Беларусь ва ўмовах санкцый, шырокай публіцы не паведамілі. «Бюро» сумесна з выданнямі IrpiMedia і Siena раскрывае таямніцы маштабнага праекта, завершанага толькі за кошт абкатаных кантрабандных схем.
«Гэта абсалютна ўнікальны праект, аналагаў якому не больш за 10 у свеце», – расхвальвала будаўніцтва новага шклянога завода ў Гродне супрацоўніца шклянога холдынга Таццяна Бондар.
Паводле яе слоў, будоўля ідзе ў няпросты эканамічны час і пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі.

Лістапад 2022 года, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка (другі злева) наведаў будоўлю вытворчасці шклатары ў Гродне. Крыніца: belta.by
Беларускі кіраўнік раптам занепакоіўся наконт экалогіі і запатрабаваў ад падначаленых паступова адмаўляцца ад пластыкавай упакоўкі. Урад распрацаваў спецыяльны план, які сярод іншага прадугледжваў павелічэнне магутнасцяў па вытворчасці шклатары.
Самы буйны вытворца бутэлек у Беларусі – Гродзенскі шклозавод. Ён ужо меў дзве вытворчыя пляцоўкі. Пасля распараджэння Лукашэнкі ў 2020 годзе пачалі будаваць яшчэ адну. Месца падабралі зручнае – у свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» з яе шырокімі падатковымі і мытнымі льготамі. Праект ацанілі ў 55 мільёнаў долараў. Будаўніцтва часткова фінансаваў «Банк развіцця», які дае льготныя крэдыты на дзяржаўныя патрэбы.
Для вытворчасці патрэбнае новае абсталяванне. Гродзенскі шклозавод знайшоў яго ў Італіі. У лютым 2021 года беларускае прадпрыемства падпісала кантракт з EMS Group на пастаўку трох новых ліній транспартавання, кантролю і ўпакоўкі шкляной тары ў палеты і перасоўвання палет з гатовай прадукцыяй на склад. Кошт абсталявання і запчастак – 1,85 мільёна еўра. Шэф-мантаж, пусканаладачныя працы і навучанне персаналу – яшчэ 200 тысяч еўра.
Згодна з кантрактам італьянцы мусілі адгрузіць абсталяванне ў Беларусь у 2022 годзе. Але іхныя планы парушыла ўварванне Расіі ва Украіну. Еўрапейскі саюз пакараў беларускі рэжым за садзеянне ваеннай агрэсіі і ўвёў эканамічныя санкцыі. З пачатку чэрвеня 2022 года італьянскія канвееры нельга было прывезці ў Беларусь. Маштабны праект апынуўся на мяжы правалу.
Тады на даляглядзе з’явіліся пасярэднікі з Літвы. Яны арганізавалі пастаўкі італьянскага абсталявання на Гродзенскі шклозавод у абыход санкцый. Адзін са сведкаў гэтых схем падзяліўся з намі падрабязнасцямі. Мы здабылі звесткі і дакументы, якія пацвярджаюць ягоныя словы. Як усё адбывалася?
МАРШРУТ ЗМЕНЕНЫ
22 ліпеня 2022 года ў 05:40 на літоўскі пункт пропуску ў Шальчынінкай прыбыў грузавік DAF. Беларускі кіроўца паказаў мытнікам дакументы на груз – у паўпрычэпе было італьянскае абсталяванне ад EMS Group для Гродзенскага шклозавода.
Грузавік на літоўскай мяжы (фота мае ілюстрацыйны характар). Крыніца: lrmuitine.lt
Літоўскія мытнікі праверылі дакументы і не прапусцілі машыну. Выявілася, што абсталяванне, якое было ў прычэпе, – у санкцыйным спісе, яго нельга вывозіць з ЕС у Беларусь. На кіроўца склалі адміністрацыйны пратакол і развярнулі аўтамабіль. Спроба даставіць італьянскія машыны ў Гродна выявілася няўдалай. Тады былі выкарыстаныя хітрыя схемы для абыходу санкцый.
«Мы не проста перавозім грузы – мы пазбаўляем вас ад лішняга стрэсу», – заяўляе ў сябе на сайце лагістычная кампанія Didneriai са шматгадовым досведам.
Як расказаў наш інфарматар, супрацоўнікі гэтай кампаніі зляпілі фіктыўную дамову паміж EMS Group і кампаніяй з Алматы Quarry Service Kazakhstan. Ад імя апошняй кантракт з італьянцамі падпісваў нейкі Рустам Алтынаў, але такі чалавек ніколі не кіраваў Quarry Service Kazakhstan. У казахстанскай кампаніі не адказалі на наш запыт.
Наконт суправаджальны дакументаў таксама асабліва не клапаціліся. Нумар і дата кантракта, як і нумары і даты рахункаў, засталіся такімі самымі, як былі раней. Вага і цана тавараў таксама цалкам супадаюць. Да адпраўкі падрыхтавалі шэсць машын з абсталяваннем. Толькі цяпер італьянскія канвееры везлі не ў Беларусь, а нібыта ў Казахстан.
Гэтая цэнтральнаазіяцкая рэспубліка не падпадала пад санкцыі ЕС, а значыць, еўрапейскае абсталяванне можна пастаўляць туды без праблем. Але вытворчыя лініі ў Алматы ніхто везці не збіраўся, расказаў наш інфарматар. Паводле ягоных слоў, па дарозе з Вільнюса іх накіравалі наўпрост у Гродна. Такая схема для абыходу санкцый называецца «лжывы транзіт». Пра яе мы расказвалі ў адным з нашых папярэдніх расследаванняў.
Паводле слоў нашага інфарматара, кіроўцы мянялі дакументы проста на нейтральнай памежнай паласе. Літоўскім мытнікам яны паказвалі накладныя, дзе атрымальнікам італьянскага абсталявання пазначаная кампанія з Алматы Quarry Service Kazakhstan. Перад уездам у Беларусь гэтыя дакументы хавалі і даставалі накладныя, дзе атрымальнікам італьянскага абсталявання ўжо быў Гродзенскі шклозавод. Паводле такой схемы з ліпеня па верасень 2022 года ў Беларусь заехала першая партыя з італьянскім абсталяваннем коштам больш як 450 тысяч еўра.
Мы заўважылі яшчэ адну цікавую дэталь у суправаджальных дакументах. Там быў пазначаны зусім іншы мытны код тавару. Не той, які падпадае пад санкцыі, а іншы, на які не распаўсюджваюцца еўрапейскія абмежаванні. Напэўна, перавозчыкі вырашылі падстрахавацца.
У гэтай гісторыі схема з падменай кода будзе ўжывацца для новых паставак італьянскага абсталявання ў Беларусь. Але ўжо не праз падстаўнога казахскага пасярэдніка, а наўпрост.
НАБРАНЫЙ НУМАР БОЛЬШ НЕ ІСНУЕ
Пасля падступнага нападу Расіі на Украіну заходнія краіны вырашылі пакараць беларускі рэжым за дапамогу ў ваеннай агрэсіі. ЕС забараніў экспарт тавараў, якія спрыяюць ваеннаму і тэхналагічнаму развіццю Беларусі. У санкцыйны спіс трапілі машыны для падымання, перасоўвання, пагрузкі і разгрузкі тавараў з мытным кодам 8428. Прасцей кажучы, стужачныя канвееры. Менавіта такое абсталяванне Гродзенскі шклозавод замовіў у італьянцаў з EMS Group.
Каб абысці санкцыі, у дакументах пазначалі іншы мытны код тавару – 8438. Гэта абсталяванне для прамысловага прыгатавання і вырабу прадуктаў і напояў. Такія машыны можна вывозіць з Еўропы ў Беларусь. Яны не пад санкцыямі. Але Гродзенскі шклозавод не выпускае прадукты і напоі, прадпрыемству патрэбнае было абсталяванне для выпуску шклотары.
Суўладальнік літоўскай кампаніі Didneriai Мар’янас Вавілавас у размове з нашымі калегамі з Siena пацвердзіў, што яны перавозілі італьянскае абсталяванне ў Гродна. Але бізнэсовец не прыгадаў, каб у дакументах мянялі мытны код тавару.
У нашым распараджэнні апынулася некалькі відэазапісаў схаванай камерай, дзе Вавілавас прызнаецца, што пастаўляў італьянскае абсталяванне ў Беларусь у абыход санкцый.
«Мы падабралі такі код, каб тавар быў не санкцыйны. Зрабілі ўсё як трэба», – кажа на відэа бізнэсовец.
Такім чынам, у пачатку 2023 года ў Беларусь заехала 27 грузавікоў з італьянскім абсталяваннем коштам звыш 1,8 мільёна еўра. Адпраўнік грузу – EMS Group. Атрымальнік – Гродзенскі шклозавод. Першая машына прыбыла ў студзені, апошняя – у сакавіку, а ўжо ў чэрвені на прамысловай пляцоўцы «Аульс» афіцыйна запусцілі новую шкляную вытворчасць.
Пляцоўка па вытворчасці шклотары «Аульс». Крыніца: grodnoglass.by
Намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскага шклозавода Рыгор Фуркаль пацвердзіў «Бюро», што на вытворчай пляцоўцы «Аульс» выкарыстоўваецца тры італьянскія лініі ад EMS Group.
«Дарэчы, даволі неблагое абсталяванне. Па якасці лепшае, чым расійскае», – зазначыў Фуркаль.
Ён запэўніў, што не ведае, як абсталяванне трапіла на Гродзенскі шклозавод, таму што працуе на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара толькі апошнія паўгода. Фуркаль парэкамендаваў нам звярнуцца па гэтым пытанні да начальніка новай вытворчасці Аляксандра Асташэўскага. На нашае пытанне, як санкцыйнае абсталяванне трапіла на Гродзенскі шклозавод, той адказаў: «Не маю ўяўлення». У італьянскай кампаніі EMS Group не адказалі на запыт.
Аляксандр Лукашэнка прыехаў з інспекцыяй на новую шкляную вытворчасць у красавіку мінулага года. Праходжваючыся па цэхах новага шклянога завода, ён выглядаў задаволеным і марыў пра цуд.

Красавік 2024 года, Аляксандр Лукашэнка наведаў новую шкляную вытворчасць. Крыніца: belta.by
Але цуду не здарылася. Цяжкія часы для Гродзенскага шклозавода былі яшчэ наперадзе.
НОВЫ ЎДАР
У год запуску новай вытворчай пляцоўкі Гродзенскі шклозавод святкаваў поспех. Па выніках 2023 года выручка прадпрыемства вырасла на 13% – да 142 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак павялічыўся на 30% – да 9,9 мільёна рублёў. Сапраўдныя праблемы пачаліся ў 2024 годзе. З кастрычніка цалкам запрацавалі новыя санкцыі, якія забаранялі пастаўкі шкляной тары з Беларусі ў ЕС.
Асноўную масу бутэлек Гродзенскі шклозавод звычайна прадаваў беларускім вытворцам прадуктаў і алкагольных напояў. Але больш як траціна вырабленых тавараў ішла на экспарт. Пераважна – у Польшчу. Новыя еўрапейскія санкцыі закрылі такую магчымасць.
Гродзенскі шклозавод трапіў у цяжкае фінансавае становішча, вынікае з праектаў урадавых дакументаў, якія «Бюро» атрымала ад аб’яднання BelPol.
На прадпрыемстве сталі паспешна перанакіроўваць экспарт на ўсход, але і там сутыкнуліся з праблемамі. Рэч у тым, што ў Расіі хапае ўласных вытворцаў шклатары – каля 30. Іх прадукцыя таксама падпала пад санкцыі ЕС. Утварыўся прафіцыт шкляной тары – аб’ёмы вытворчасці істотна перавышалі попыт. Расіяне сталі гнаць лішкі ў Беларусь і адціскаць Гродзенскі шклозавод. Беларуская прадукцыя не вытрымлівала канкурэнцыі з расійскай, таму што была на 5-20% даражэйшай па цане.
Гродзенскі шклозавод губляў выручку, а яму трэба было выплачваць пазыкі. Каб дапамагчы прадпрыемству, ураду давялося рабіць неадкладныя захады. У снежні мінулага года з інавацыйнага фонду яму выдаткавалі 6 мільёнаў рублёў на выплату асноўнага доўга і працэнтаў па крэдыце, выдадзеным якраз на будаўніцтва новай вытворчай пляцоўкі. Той самай, якую пабудавалі паводле распараджэння Лукашэнкі і куды ў абыход санкцый завезлі італьянскія канвееры.
Толькі за кошт гэтай дапамогі Гродзенскі шклозавод летась спрацаваў з невялікім прыбыткам. Калі б яе не далі, то прадпрыемства панесла б страты, сказана ва ўрадавых дакументах. Сёлета Гродзенскаму шклозаводу павінны былі выдаткаваць яшчэ 16 мільёнаў рублёў, каб разлічыцца па крэдыце.
Яшчэ адна праблема – даўгі за газ. На пачатак гэтага года – амаль 10 мільёнаў рублёў. Тут ужо спатрэбілася асабістае ўмяшанне Лукашэнкі. Урад просіць адтэрміноўку да канца наступнага года і растэрміноўку аж да канца 2030 года. Мы не ведаем, ці ўхваліў беларускі кіраўнік гэтую прапанову. Але менавіта яго агрэсіўная палітыка ў дачыненні да суседзяў прывяла да такіх вынікаў. Гродзенскі шклозавод ратуюць за народныя грошы.
