Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
SOLIDNYI ULOV_MAIN

Салідны ўлоў

Нашыя сацсеткi

З кім атачэнне Лукашэнкі ловіць рыбу ў Расіі

Аўтары

У беларускіх уладаў няма выхаду да мора, але яны здолелі выгадна прышвартавацца ў Расіі, атрымліваючы там квоты на вылаў рыбы ўжо больш як дваццаць гадоў. Рыбны промысел прыносіць мільёны долараў і аддадзены на водкуп найбліжэйшаму колу Аляксандра Лукашэнкі. «Бюро» разабралася, як уладкаваны гэты бізнэс, хто на ім зарабляе і пры чым тут сябры Уладзіміра Пуціна.

У гэтым матэрыяле мы выкарыстоўваем дадзеныя, атрыманыя ад «КіберПартызан»

 

 

УДАЛЫ ШЛЮБ

Фешэнебельны сталічны рэстаран «Лебядзіны» – улюбёнае месца адпачынку «беларускай эліты». У ліпені 2021 года ў ягоным раскошным убранні выйшла замуж старэйшая ўнучка Аляксандра Лукашэнкі – Вікторыя. На вяселле ў «Лебядзіны» заехаў павіншаваць маладых і дзед:

«Вы пішаце вашу гісторыю…»

Як зазначыў прарэжымны тэлеграм-канал «Пул першага», мерапрыемства прайшло «прыгожа, душэўна, у коле родных і блізкіх». Пазней СМІ высветлілі, што абраннікам Вікторыі Лукашэнкі стаў палачанін Дзмітрый Дзятлаў. Але як склалася жыццё маладой пары пасля ўрачыстасці, шырокай грамадскасці не дакладвалі. Нядаўна «Бюро» расказала, што ў 2022 годзе сужэнцы Дзятлавы сталі бацькамі. А выйшаўшы з дэкрэта, унучка Лукашэнкі атрымала пасаду другога сакратара ў беларускім МЗС.

 

Svad'ba Viktorii Lukashenko i Dmitriya Dyatlova

Вяселле Вікторыі Лукашэнкі і Дзмітрыя Дзятлава. Крыніца: t.me/pul_1/

 

Як паказала нашае расследаванне, муж Вікторыі таксама злавіў сваю залатую рыбку за хвост. І, хутчэй за ўсё, не без дапамогі свайго высокапастаўленага цесця. «Бюро» высветліла, што Дзмітрый Дзятлаў стаў топ-менеджарам у перспектыўным рыбным бізнэсе, які вядзе атачэнне Лукашэнкі пры падтрымцы свайго аўтарытарнага патрона.

 

 

ЗЯЦЬ – НЯМА ЧАГО ЎЗЯЦЬ?

Дзмітрый Дзятлаў вучыўся на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. На гэтым факультэце ў тыя ж гады вучылася і Вікторыя Лукашэнка. Пераддыпломную практыку студэнт ФМА Дзятлаў праходзіў у кампаніі «ЗахадТрансЭкспедыцыя».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «ЗАХАДТРАНСЭКСПЕДЫЦЫЯ»
ZAPADTRANSEKSPEDICIYA_1
ZAPADTRANSEKSPEDICIYA_2
ZAPADTRANSEKSPEDICIYA_3

Фірма займаецца перапрацоўкай і перавозкай звадкаваных вуглевадародных газаў – прапану і бутану. Кампаніяй сумесна валодае (25%) і кіруе бізнэсоўка Людміла Няронская. Пасля заканчэння ВНУ ўчорашні студэнт атрымаў у «ЗахадТрансЭкспедыцыі» салідную пасаду – намеснік начальніка камерцыйнага аддзела.

«Гэтая дама [Няронская] мае [ў Беларусі] пэўную вагу і пэўныя лабісцкія магчымасці», – расказаў «Бюро» дасведчаны беларускі бізнэсовец.

Няронская звязаная са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі – Віктарам. Дзеці Няронскай і Лукашэнкі вучыліся разам у прэстыжнай мінскай гімназіі №16. А ў 2019 годзе Няронская з жонкай і дзецьмі ўплывовага чыноўніка лётала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На зваротным шляху да іх далучыўся і сам Віктар Лукашэнка.

Раней журналісты-расследавальнікі высветлілі, што Людміла Няронская сумесна валодае (25%) прыватнай медыцынскай клінікай «Мерсі», якая стала манапалістам па ўсталяванні эндапратэзаў у Беларусі пасля гучнай «карупцыйнай» «справы артапедаў». Некаторы час толькі ў «Мерсі» беларусы мелі магчымасць усталяваць імпартныя эндапратэзы, але па значна завышаным кошце.

 

Няронская таксама была саўладальніцай другой беларускай крыптабіржы iExchange. Партнёрам біржы значыўся «МТБанк», які належаў у свой час сям’і набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў Алексіных. Пасля ўвядзення заходніх санкцый банк запісалі на фірму Stoneva Limited, якая зарэгістраваная ў Эміратах дакладна па тым жа адрасе, што і кампанія Petrotrade FZЕ сына «тытунёвага магната» Аляксея Алексіна – Дзмітрыя.

Дзякуючы «КіберПартызанам» мы высветлілі, што зяць Віктара Лукашэнкі працягвае рабіць кар’еру ў бізнэс-структурах Няронскай. У 2022 годзе Дзятлаў пераходзіць з «ЗахадТрансЭкспедыцыі» ў яе новыя кампаніі: «Марскія промыслы» і «Марскія сезоны».

ВЫПІСКІ З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «МАРСКІЯ ПРОМЫСЛЫ» І ТАА «МАРСКІЯ СЕЗОНЫ»
MORSKIE PROMYSLY_1
MORSKIE PROMYSLY_2
MORSKIE SEZONY_1
MORSKIE SEZONY_2

У абедзвюх фірмах ён заняў пасаду намесніка дырэктара па агульных пытаннях. І ўжо да сярэдзіны 2023 года ў гэтых кампаніях Дзятлаў стаў зарабляць больш за 10 тысяч беларускіх рублёў за месяц, у той час як сярэдняя зарплата па краіне была ў 5 разоў меншай.

 

BEL_1

 

 

ЛЬГОТНЫЯ ЎМОВЫ

«Марскія сезоны» з’явіліся адносна нядаўна – у кастрычніку 2022 года. Кампанія будуе рыбаперапрацоўчы завод у свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск» і карыстаецца шырокімі падатковымі і мытнымі льготамі. Акрамя таго, гэты інвестпраект Няронскай уключылі ў дзяржаўную праграму «Аграрны бізнэс» і выдалі льготны крэдыт у 240 мільёнаў беларускіх рублёў на будаўніцтва завода.

«Наш палкоўнік [Лукашэнка] жа хоча сябе бачыць будаўніком моцнай і росквітнай Беларусі, ён жа хоча, каб усё, што вакол зроблена, лічылася зробленым ім. Адпаведна, яму вельмі лёгка прадаюць такія вытворчыя гісторыі», – каментуе беларускі бізнэсовец, абазнаны ў сітуацыі.

У «Марскіх сезонах» «Бюро» расказалі, што завод у Віцебску знаходзіцца на пачатковай стадыі будаўніцтва. Яго ўзвядзенне зойме яшчэ прыкладна два гады. На заводзе хочуць выпускаць не толькі філе і фарш з мінтая, але і пельмені з рыбы і іншыя паўфабрыкаты. Гатовую прадукцыю плануецца прадаваць у першую чаргу на ўнутраным рынку, а таксама экспартаваць пераважна ў краіны ЕАЭС.

 

Акрамя таго, «Марскія сезоны» будуюць яшчэ адзін завод па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў пад Мінскам.

 

Stroitel'stvo rybopererabatyvayuschego zavoda v Kolyadichah

Будаўніцтва рыбаперапрацоўчага завода ў Калядзічах. Крыніца: seaseasons.by

 

Нядаўна кампанія абвясціла, што шукае працаўнікоў: слесара-рамонтніка, электраманцёра, наладчыка абсталявання, апрацоўшчыка рыбы, кіроўцу пагрузчыка, кладаўшчыка, ліфцёра, прыбіральшчыка памяшканняў, бухгалтара. Месцам працы пазначаны горад Мінск, вуліца Сцябнёва, дом 2. Па гэтым адрасе знаходзіцца дзяржаўнае прадпрыемства «Белрыба». «Марскія сезоны» плануюць адладзіць там свае вытворчыя працэсы, пакуль не адкрыецца завод у Віцебску. Мінтай для вырабу філе, фаршу і іншай прадукцыі будуць завозіць з Расіі. Для гэтага ёсць усе магчымасці.

 

Рэч у тым, што Людміла Няронская валодае рыбалоўным бізнэсам і ў Расіі. Ёй належыць палова кампаніі «Саюзныя рыбныя промыслы» – рэзідэнта свабоднага порта «Уладзівасток».

СТРУКТУРА ЎЛАСНАСЦІ РАСІЙСКАЙ КАМПАНІІ «САЮЗНЫЯ РЫБНЫЯ ПРОМЫСЛЫ» – ВЫПІСКА З ІНФАРМАЦЫЙНАЙ СІСТЭМЫ «СПАРК»
SOYUZNYE RYBNYE PROMYSLY

Яна можа на працягу пяці гадоў з дня заснавання не плаціць падатак на прыбытак з асноўнай дзейнасці. У 2023 годзе падаткам на прыбытак не абкладаліся 73,7% ад даходу кампаніі. Дарэчы, згаданы вышэй Дзмітрый Дзятлаў, муж унучкі Аляксандра Лукашэнкі, пазначаны членам савета дырэктараў «Саюзных рыбных промыслаў» у справаздачы за 2023 год.

ТЛУМАЧЭННІ ДА БУХГАЛТАРСКАГА БАЛАНСУ І СПРАВАЗДАЧЫ ПРА ФІНАНСАВЫЯ РЭЗУЛЬТАТЫ ТАА «САЮЗНЫЯ РЫБНЫЯ ПРОМЫСЛЫ» – 2023 ГОД
POYASNENIYA K BUHGALTERSKOMU BALANSU I OTCHETU O FINANSOVYH REZUL'TATAH OOO «SOYUZNYE RYBNYE PROMYSLY» – 2023 GOD

«Надта выгадныя ўмовы даюцца толькі асаблівым людзям. Відавочна, што Лукашэнка і яго найбліжэйшае атачэнне з’яўляюцца гэткімі. Яны ўваходзяць у катэгорыі алігархаў расійскага разліву. Ні аднаму з прэзідэнтаў сяброўскіх для Расіі дзяржаў такія ўмовы не даюцца», – падкрэсліў у размове з «Бюро» генеральны дырэктар «Трансперэнсі Інтэрнэшнл – Расія ў выгнанні» і дырэктар НКА «Арктыда» Ілля Шуманаў.

«Саюзныя рыбныя промыслы», якімі сувалодае Людміла Няронская, ловяць рыбу на ўласным судне «Парфірый Чанчыбадзэ», а таксама на арандаваных рыбалавецкіх суднах. У 2023 годзе Беларусь упершыню атрымала квоту на вылаў 50 тысяч тон мінтая ў Берынгавым і Ахоцкім морах. Летась рыбную квоту павялічылі да 51 тысячы тон.

«Ім [беларусам] аддаюць тое, што вылоўлівалі японцы і карэйцы, таму што іх жа цяпер адтуль [з Далёкага Усходу] практычна адсунулі. Дапускаю, што гэта была ініцыятыва беларускага боку. Лукашэнка не раз абмяркоўваў гэтыя пытанні на асабістых сустрэчах з Пуціным», – расказаў «Бюро» расійскі эксперт у рыбнай галіне, які пажадаў застацца неназваным.

 VYLOV RYBY V ROSSII

Вылаў рыбы ў Расіі. Крыніца: vestnikapk.ru

 

Беларусь атрымлівае квоты пры ўмове, што будзе лавіць рыбу на пару з Расіяй. Партнёр Людмілы Няронскай у «Саюзных рыбных промыслах» – расійская кампанія «Ізумруд». «Бюро» высветліла, што гэтая фірма звязаная з уплывовымі расійскімі бізнэсоўцамі Ратэнбергамі.

 

 

СЯБРЫ ПУЦІНА

Адзіны ўладальнік «Ізумруда» – закрыты паявы інвестыцыйны фонд «Паўночная Эгіда – Стратэгічны». Гэтым інвестфондам кіруе кампанія «Паўночная Эгіда», якой валодае Сафія Нагінская.

СТРУКТУРА ЎЛАСНАСЦІ РАСІЙСКІХ КАМПАНІЙ «ІЗУМРУД» І «ПАЎНОЧНАЯ ЭГІДА» – ВЫПІСКІ З ІНФАРМАЦЫЙНАЙ СІСТЭМЫ «СПАРК»
IZUMRUD
SEVERNAYA EGIDA

Расійскія СМІ называлі гэтую жанчыну трымальніцай актываў уплывовых бізнэсоўцаў Ратэнбергаў. Масавая ўцечка файлаў з іх кампаніі паказала, што расійскія мільярдэры выкарыстоўвалі закрытыя інвестфонды, каб утаіць валоданне актывамі пасля ўвядзення персанальных санкцый.

 

Дырэктарка «Ізумруда» – Кацярына Далжэнка. Раней яна працавала ў кампаніі «Рыаліс», якая кіруе шыкоўным рэстаранам рускай кухні ў цэнтры Масквы пад брэндам «Гусятникоff». Рэстаран называлі ўласнасцю сям’і Ратэнбергаў.

 

BEL_2

 

У размове з «Бюро» Кацярына Далжэнка назвала чуткамі інфармацыю пра тое, што за кампаніяй «Ізумруд», якую яна ўзначальвае, стаяць уплывовыя бізнэсоўцы Ратэнбергі.

«Побач проста стаяць», – пасміхаючыся, сказала дырэктарка «Ізумруда».

У «Саюзных рыбных промыслах» адмовіліся ад каментараў што да ўдзелу Ратэнбергаў у сумесным прадпрыемстве па вылаве рыбы.

«Гэта такая тыповая схема працы Ратэнбергаў: калі нідзе яны самі афіцыйна не свецяцца, але заўсёды ёсць наміналы, якія раней працавалі з імі, а цяпер удзельнічаюць у франціраванні іх бізнэсаў», – патлумачыў Ілля Шуманаў.

Барыс і Аркадзь Ратэнбергі – не толькі алігархі, якія нажылі капітал пры Уладзіміры Пуціне, але і два самыя старыя сябры расійскага прэзідэнта. Яны пазнаёміліся ў юнацтве, калі займаліся барацьбой у ленінградскай спартовай секцыі. Сяброўства захавалася на доўгія гады, і калі ў 2000 годзе Пуцін прыйшоў да ўлады, браты Ратэнбергі ўвайшлі ў яго найбліжэйшае атачэнне, вынікае з апісання OCCRP.

 

Мяркуючы па ўсім, менавіта дзякуючы гэтай сувязі Ратэнбергі прыдбалі свой шматмільярдны скарб: яны атрымлівалі велізарны прыбытак на дзяржкантрактах. У 2008 годзе Аркадзь набыў у «Газпрома» пяць будаўнічых і рамонтных прадпрыемстваў. Аб’яднаўшы іх, ён стварыў вядучую расійскую будаўнічую кампанію ў нафтагазавым сектары – «Стройгазмантаж». Цяпер яна ўваходзіць у лік ключавых падрадчыкаў «Газпрома» і атрымлівае мноства выгадных кантрактаў без удзелу ў тэндарах.

«Ратэнбергі з’яўляюцца не толькі старымі сябрамі расійскага прэзідэнта, але і атрымліваюць самыя смачныя кавалкі ў расійскай эканоміцы», – растлумачыў генеральны дырэктар «Трансперэнсі Інтэрнэшнл – Расія ў выгнанні».

Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў ЗША, дзякуючы сяброўству з Пуціным Ратэнбергі атрымалі кантракты на будаўніцтва аб’ектаў для зімовых Алімпійскіх гульняў – 2014 у Сочы на суму звыш сямі мільярдаў долараў. Таксама «Стройгазмантаж» выйграў тэндар на іншы буйны праект – будаўніцтва моста паміж мацерыковай часткай Расіі і анексаваным Крымам. Forbes ацэньвае багацце Аркадзя і Барыса Ратэнбергаў у 2024 годзе ў 5,4 млрд долараў. Яны знаходзяцца пад санкцыямі ЗША і ЕС.

 

VLADIMIR PUTIN I ARKADII ROTENBERG

Уладзімір Пуцін узнагародзіў Аркадзя Ратэнберга за будаўніцтва Крымскага моста. Крыніца: svoboda.org/ТАСС

«Тое, што Ратэнбергі ў рыбнай тэме, ніхто не аспрэчвае. Яны жаруць усё, што прыносіць грошы», – расказаў «Бюро» беларускі бізнэсовец, знаёмы з сітуацыяй.

Кампаніі Ратэнбергаў часта ўваходзяць у партнёрскія праекты, дзе яны выступаюць гарантамі забеспячэння іх устойлівасці і атрымліваюць свой працэнт за гэта, падкрэсліў кіраўнік «Трансперэнсі Інтэрнэшнл – Расія з выгнанні». Ён звярнуў увагу і на тое, што цяперашні кіраўнік Расрыбалоўства Ілля Шастакоў – сын спартовага функцыянера і былога дэпутата Дзярждумы Васіля Шастакова, які ў маладосці займаўся барацьбой у адной секцыі разам з Пуціным і Ратэнбергамі.

«Гэта асобны аргумент на карысць таго, чаму Ратэнбергі залезлі ў рыбныя квоты – Расрыбалоўства гэтыя квоты і размяркоўвае», – заўважыў Ілля Шуманаў.

 

 

БРЭСЦКІЯ РЫБАКІ

Акрамя «Саюзных рыбных промыслаў» рыбныя квоты ў Расіі асвойвае яшчэ адно сумеснае беларуска-расійскае прадпрыемства – «Саюзрыба».

СТРУКТУРА ЎЛАСНАСЦІ РАСІЙСКАЙ КАМПАНІІ «САЮЗРЫБА» – ВЫПІСКА З ІНФАРМАЦЫЙНАЙ СІСТЭМЫ «СПАРК»
SOYUZRYBA

Палова кампаніі належыць беларускаму прадпрыемству «Санта Брэмар», якое знаходзіцца пад кантролем уплывовага беларускага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага. Астатнімі 50% у «Саюзрыбе» валодае расійская кампанія «СРПК», якая мае сувязь з Ратэнбергамі.

 

У прыватнасці, «СРПК» валодае трацінай гандлёвага дома «ЕРЦ», які прадае крабаў ва ўсёй Расіі. Партнёры «СРПК» у гандлёвым доме – Аркадзь Пінчэўскі (1%) і маскоўская фірма «Істочнік» (33%). Пінчэўскі раней працаваў у будаўнічых фірмах, якія называлі актывамі сям’і Ратэнбергаў, а «Істочнік» кантралюе давераная асоба расійскіх мільярдэраў – ужо згаданая намі Сафія Нагінская.

 

BEL_3

СТРУКТУРА ЎЛАСНАСЦІ РАСІЙСКІХ КАМПАНІЙ «ГАНДЛЁВЫ ДОМ «ЕРЦ» І «ІСТОЧНІК» – ВЫПІСКІ З ІНФАРМАЦЫЙНАЙ СІСТЭМЫ «СПАРК»
TORGOVYI DOM «ERC»
ISTOCHNIK

Аляксандр Машэнскі адмаўляе сувязі «Саюзрыбы» з сям’ёй Ратэнбергаў.

«Паводле нашай інфармацыі, сярод заснавальнікаў «СРПК» адсутнічаюць згаданыя Вамі людзі [браты Ратэнбергі] альбо нехта іншы, хто дзейнічае ад іх імя», – напісаў «Бюро» беларускі бізнэсовец.

Ён таксама падкрэсліў, што яго «Саюзрыба» не мае ніякіх бізнэс-сувязяў з Аркадзем і Барысам Ратэнбергамі.

 

«Саюзрыба» базуецца ў Мурманску і ловіць рыбу ў Баранцавым і Балтыйскім морах. Прадпрыемства мае рыбалоўны траўлер «Брэст».

«Згодна з умовамі выдавання квот спашукальнікамі могуць быць расійска-беларускія сумесныя прадпрыемствы, якія валодаюць неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базай для іх засваення. «Саюзрыба» адпавядае гэтым умовам. Квоты паміж расійска-беларускімі прадпрыемствамі размяркоўвае Мінсельгасхарч Беларусі. У далейшым «Саюзрыба» выконвае абавязанні, звязаныя з атрыманнем квот, у тым ліку па іх аплаце, у агульным парадку, як любая іншая рыбаздабыўная расійская кампанія», – патлумачыў Аляксандр Машэнскі.

Вылаўленую ў Расіі рыбу перапрацоўваюць на борце і на заводах групы «Санта». Холдынг мае буйное рыбаперапрацоўчае прадпрыемства, якое знаходзіцца ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Акрамя таго, больш як дзесяць год таму «Санта Брэмар» выкупіла завод па вытворчасці прэсерваў з рыбы і морапрадуктаў у Нагінску. З дня заснавання «Саюзрыба» вядзе паспяховую дзейнасць – прадпрыемства ніколі не працавала са стратамі. Сёлета яно зможа вылавіць амаль 9 тысяч тон шпротаў, траскі, пікшы і селядцоў.

 

 

ВЫГАДНЫ ГЕШЭФТ

Беларусь не мае выхаду да мора і дамовілася пра вылаў рыбы ў расійскіх водах у 2002 годзе. Першапачаткова квоты былі невялікімі. Паводле дадзеных расійскага выдання Forbes, з 2005 па 2019 гады Беларусь на бязвыплатнай аснове атрымала права на вылаў 75 тысяч тон рыбы ў расійскіх морах. У Расрыбалоўстве не адказалі на наш запыт наконт квотаў для Беларусі.

«Мы [Беларусь] тут як бедныя сваякі, якім нешта кідаюць з панскага стала. Што атрымалася выгандляваць, тое і выгандлявалі. Доранаму каню ў зубы не глядзяць», – расказаў беларускі бізнэсовец, знаёмы з сітуацыяй.

Беларусь спраўна скарыстоўвала рыбныя квоты, перыядычна просячы іх павялічыць, і такі дамаглася свайго. Сёлета сумесныя прадпрыемствы змогуць вылавіць амаль 65 тысяч тон рыбы ў Балтыйскім, Баранцавым, Берынгавым і Ахоцкім морах. 85% выдадзеных квотаў прыпала на далёкаўсходні рэгіён, дзе ловіць рыбу кампанія «Саюзныя рыбныя промыслы», саўладальніцай якой з’яўляецца Людміла Няронская. Беларусы атрымалі права на вылаў 6 тысяч тон ціхаакеанскіх селядцоў і 50 тысяч тон мінтая ў Ахоцкім і Берынгавым морах.

 

Нашая крыніца на расійскім рыбным рынку расказала, што гэтыя квоты можна прадаць на чорным рынку – тона мінтая каштуе каля 400 долараў. Калі «Саюзныя рыбныя промыслы» перапрададуць сваю квоту, то змогуць зарабіць 20 мільёнаў долараў. У 2023 годзе выручка прадпрыемства склала звыш 20 мільёнаў долараў, а чысты прыбытак – звыш 3,6 мільёна долараў.

 

У цэлым, падатковыя прэферэнцыі і льготныя крэдыты адкрываюць шырокія магчымасці для бізнэсу Людмілы Няронскай. Карыстаючыся дзяржаўнай падтрымкай, яна можа выгадна лавіць рыбу ў Расіі і перапрацоўваць яе ў Беларусі. А муж унучкі Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў у такім выпадку зможа атрымліваць высокі заробак у ейных кампаніях.

«Усе ключавыя галіны ў Расіі, якія генеруюць прыбытак, як правіла, падзеленыя ўнутры кланаў, кожны з якіх мае сувязь альбо наўпрост з прэзідэнтам РФ, альбо з бліжэйшым атачэннем прэзідэнта РФ. У Беларусі люстраная сістэма, але мацней завязаная на Лукашэнку і членаў яго сям’і. Гэта такі капіталізм сяброў, які будуецца на перадачы часткі рэсурсаў на водкуп бліжэйшаму атачэнню», – сказаў генеральны дырэктар «Трансперэнсі Інтэрнэшнл – Расія ў выгнанні» і дырэктар НКА «Арктыда» Ілля Шуманаў.

Людміла Няронская адмовілася ад каментараў па тэлефоне. Прадстаўнік Ратэнбергаў не адказаў на наш запыт.

Даданні па тэме