Ціхі тыл
За чатыры гады расійска-ўкраінскай вайны рэжым Лукашэнкі стаў ключавым саюзнікам і надзейным тылам для пуцінскай арміі. Беларускія прадпрыемствы па поўнай працуюць на патрэбы ваеннай машыны Крамля. «Бюро» раскрывае некаторыя дэталі крывавага супрацоўніцтва, якое забірае жыцці мірных людзей.
СМЯРОТНАЯ ЗБРОЯ
«Ён быў на сваім працоўным месцы, калі ўдарылі авіябомбы. Тэмпература гарэння была такой, што не засталося і костак. Гэты самы вясёлы, самы добры, самы шчыры чалавек у свеце за секунду ператварыўся ў попел» – так украінка Ганна Харламава апісвае гібель свайго былога мужа.

Расія ўдарыла па будаўнічым гіпермаркеце ў Харкаве. Крыніца: suspilne.media
Жыццё Антона Палякова абарвалася падчас расійскай атакі на Харкаў 25 мая 2024 года. Каля чатырох гадзін дня франтавыя знішчальнікі Су-34 скінулі авіябомбы на будаўнічы гіпермаркет «Эпіцэнтр», дзе працаваў 42-гадовы харкаўчанін. У выніку бамбавання загінулі 19 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Больш за паўсотню чалавек атрымалі траўмы.
Расійскія знішчальнікі атакавалі харкаўскі гіпермаркет планіруючымі авіябомбамі. У вытворчасці гэтых боепрыпасаў задзейнічаныя дзясяткі кампаній. «Бюро» знайшло ва ўсёй гэтай гісторыі беларускі след. Мінскія заводы «Пеленг» і «АКБ ТСП» пастаўлялі кампаненты двум ваенным прадпрыемствам, якія ўдзельнічаюць у выпуску тых самых авіябомбаў, скінутых на Харкаў.
У нашым распараджэнні апынуліся мытныя дадзеныя дзясятка прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі. З гэтых дадзеных вынікае, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання беларускія кампаніі забяспечвалі разнастайным абсталяваннем і кампанентамі ваенныя заводы Расіі. Аб’ёмы экспарту – больш за 150 мільёнаў долараў. У асноўным за кошт паставак «Пеленга» і «АКБ ТСП».

Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны дало нам спіс з 19 беларускіх арганізацый, якія працуюць на патрэбы расійскай арміі.
Сярод іх як прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу, уключаючы 2566-ты завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення, «Волатаўта», Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), так і звычайныя заводы, у тым ліку Брэсцкі электралямпавы завод, Маладзечанскі завод парашковай металургіі, Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ) і іншыя.
«Дзякуючы таму, што беларускія прадпрыемствы залучаныя ў працэс абыходу санкцый і маюць магчымасць вырабляць вузкаспецыялізаванае абсталяванне, Расія можа нарошчваць вытворчасць пэўных відаў узбраення, якія ўжываюцца падчас баявых дзеянняў», – зазначыў у каментары для «Бюро» Паўло Радзь з аналітычнага цэнтра «Українська призма».
Мытныя дадзеныя паказалі, што з 2022 па 2025 гады завод «АКБ ТСП» паставіў электрапрывады і сервакантролеры для калужскага прыборабудаўнічага завода «Тайфун», а «Пеленг» – блокі кіравання, паваротныя прыстасаванні, камплект кабеляў, апаратуру панарамнага прыцэла камандзіра і прыборы распазнавання цэляў для маскоўскай кампаніі «Ведапроект». Паводле звестак украінскай разведкі, гэтыя расійскія прадпрыемствы бяруць удзел у ланцужку па вытворчасці авіябомбаў УМПБ Д-30СН. «Тайфун» вырабляе карпусы баявых частак, а «Ведапроект» у межах кааперацыі пастаўляе сістэмы канечнага навядзення.
«Тэарэтычна беларускія прадпрыемствы могуць быць задзейнічаныя ў атрыманні падсанкцыйных камплектуючых або нават у вытворчасці ўласных дэталяў для авіябомбаў УМПБ Д-30СН», – сказаў Паўло Радзь.
У «АКБ ТСП» не хаваюць, што супрацоўнічаюць з абароннымі прадпрыемствамі Расіі, але нібыта не ведаюць, якое канчатковае прымяненне іхнай прадукцыі.
«Яны [калужскі прыборабудаўнічы завод «Тайфун»] замовілі нашу серыйную прадукцыю, але як яны яе далей выкарыстоўваюць, я не маю ўяўлення. Я не ведаю, чым яны там займаюцца, у мяне няма доступу да іх прадукцыі. Мы ніякім чынам не ўдзельнічаем у гэтай кампаніі [вайне супраць Украіны]. Ні наўпрост, ні апасродкавана. Ніякай зброяй мы не гандлюем», – сказаў «Бюро» кіраўнік «АКБ ТСП» Сяргей Вінаградаў.
Між тым ЕС і ЗША наклалі санкцыі на гэтае беларускае прадпрыемства за сувязі з расійскай абаронкай.
Генеральны дырэктар «Пеленга» Павел Пазднякоў адмовіўся ад каментарыяў. «Пеленг» таксама знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі за пастаўку кампанентаў для расійскай ваеннай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца на вайне супраць Украіны.
ЦІХАЯ ГАВАНЬ
Беларуска-расійскае партнёрства не абмяжоўваецца пастаўкамі дэталяў для вытворцаў авіябомбаў. У мытных дадзеных мы знайшлі і іншыя прыклады.
«Пеленг» – буйны беларускі вытворца оптыкі і электронікі з дзяржаўнай доляй. Прадпрыемства прадало оптыка-электронныя блокі маскоўскай кампаніі «Оружейные мастерские», а таксама оптыка-электронныя станцыі агляду – Канструктарскаму бюро машынабудавання (КБМ) з Каломны, якое распрацоўвала ракетныя комплексы «Точка-У» і «Іскандэр-Э», «Вярба» і «Ігла», «Штурм-С» і «Хрызантэма-С». Паводле дадзеных украінскай разведкі, на магутнасцях «Пеленга» таксама робяць сістэмы кіравання агнём для танкаў Т-90М, прыцэлы для танкаў Т-72БА, Т-90С, Т-90М «Прарыў», Т-90МС і БТР-82А, а таксама датчыкі для зенітных ракетных комплексаў «Панцыр-С1» і «Панцыр-С1М».
«АКБ ТСП» – прыватнае беларускае ваеннае прадпрыемства, звязанае з Сяргеем Бацяноўскім, зяцем былога прэм’ер-міністра Сяргея Лінга. Кампанія паставіла ў Падмаскоўе транспартныя модулі для ракетных комплексаў. Атрымальнікам грузу ў мытных дэкларацыях пазначанае Навукова-вытворчае аб’яднанне машынабудавання, якое распрацоўвала баявыя крылатыя ракеты, стратэгічныя ракетныя комплексы і малыя касмічныя апараты.

Май 2020 года, Аляксандр Лукашэнка наведаў вопытна-выпрабавальны ўчастак «АКБ ТСП», дзе распісаўся на першай беларускай зенітнай кіраванай ракеце. Крыніца: president.gov.by
«Нас на Захадзе… (і) украінцы папракаюць: «Вы дапамагаеце Расіі». А чаму мы не павінны дапамагаць?.. Мы [Лукашэнка і тэлевядучая Вольга Скабеева] паехалі на прадпрыемства, дзе боепрыпасы вырабляюць, і яна ўбачыла боепрыпасы, ракеты, якія мы пастаўляем Расіі... Мы нічога не хаваем. Ідзе вайна, наш саюзнік ваюе», – прызнаваўся Аляксандр Лукашэнка.
З самага першага дня вайны беларускія ўлады дапамагалі расійскай арміі, як маглі: далі ў карыстанне ваенную і медыцынскую інфраструктуру, прыкрывалі авіяцыю ў сваёй паветранай прасторы, навучалі мабілізаваных, перадавалі боепрыпасы і тэхніку са сваіх складоў, стваралі гіпатэтычную пагрозу на мяжы з Украінай.
«Гэты этап характарызаваўся практычна ўсебаковым прыцягненнем рэжыму Лукашэнкі да аказання дапамогі расійскай арміі, што было абумоўлена выкарыстаннем беларускай тэрыторыі для наступу на паўночныя рэгіёны Украіны, а таксама знаходжаннем на тэрыторыі Беларусі вялікага кантынгенту расійскіх войскаў», – падкрэсліў Паўло Радзь з аналітычнага цэнтра «Українська призма».
Паводле ягоных слоў, пачынаючы з вясны 2023 года, калі Расія завяршала працэс вываду войскаў з Беларусі, роля рэжыму Лукашэнкі крыху трансфармавалася. Цяпер акрамя стварэння гіпатэтычнай пагрозы на мяжы з Украінай ён таксама праводзіць інфармацыйна-псіхалагічныя спецыяльныя аперацыі. А беларускі ваенна-прамысловы комплекс працуе на патрэбы пуцінскай арміі.
«Цяпер Лукашэнка важны не столькі як баявая адзінка, колькі як ціхая гавань, дзе вырабляюць прадукцыю ваеннага прызначэння без рызыкі яе паражэння, бо Украіна наносіць удары па расійскіх абаронных прадпрыемствах, але ўстрымліваецца ад удараў па беларускай тэрыторыі», – сказаў Паўло Радзь.
Ён вылучыў тры асноўныя вектары працы беларускага ВПК.
Першы вектар звязаны з выпускам спецыялізаванай колавай тэхнікі. Да прыкладу, на колавыя шасі, якія вырабляе беларускае прадпрыемства «МЗКЦ», усталёўваюцца ракетныя комплексы «Топаль-М», «Іскандэр» і С-400 «Трыумф». А, паводле дадзеных украінскай разведкі, Мінскі аўтамабільны завод пастаўляе грузавікі на замову расійскіх ваенных.

Шасі МЗКЦ, на якім можа размяшчацца ракетны комплекс «Іскандэр». Крыніца: volatdefence.com
Другі вектар, паводле слоў украінскага эксперта, датычыць рамонту і мадэрнізацыі тэхнікі. У прыватнасці, 558-мы авіяцыйны рамонтны завод ажыццяўляе рамонт і мадэрнізацыю расійскіх самалётаў, такіх як Су-25, Су-27, Су-30 і МіГ-29, а таксама верталётаў Мі-8 і Мі-24. Паводле дадзеных украінскай разведкі, супрацоўнікаў барысаўскага 2566-га завода па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення прыцягваюць да рамонту зенітных кіраваных ракет тыпу 9М33, а на мінскім Заводзе СВТ робяць рамонт і сэрвіснае абслугоўванне электроннай апаратуры для ракетных комплексаў.
Трэці вектар ахоплівае выпуск аптычных прыбораў, прыцэльных комплексаў, сістэм кіравання агнём і зброяй, а таксама радыёэлектроннага абсталявання і праграмных комплексаў. Да прыкладу, лідскі завод «Оптык» пастаўляў у Расію аптычныя дэталі для прыцэльна-назіральных комплексаў, якія выкарыстоўваюцца на бронетраспарцёры БТР-82. А мінскі «Інтэграл» з’яўляецца адным з галоўных вытворцаў мікрасхем для шырокага спектра ракет. Так, паводле дадзеных украінскай разведкі, з сакавіка 2022 года па чэрвень 2024 года кампанія экспартавала ў Расію больш як 6 мільёнаў мікрасхем за 130 мільёнаў долараў.

Люты 2025 года. Аляксандр Лукашэнка наведвае «Інтэграл». Крыніца: president.gov.by
Беларуская электроніка была выяўленая ў крылатых ракетах Х-69. Расія выкарыстоўвала іх для атакі на крытычную інфраструктуру Украіны. Так, паводле звестак выдання «Українська правда», у красавіку 2024 года такімі ракетамі цалкам знішчаная Трыпольская цеплавая электрастанцыя. Яна была буйнейшым пастаўшчыком электраэнергіі ў Кіеўскай, Чаркаскай і Жытомірскай абласцях.
«Маштабы разбурэнняў – жахлівыя. Грашыма гэта не ацаніць. Гэта для нас самы вялікі выклік за ўсю гісторыю прадпрыемства», – казаў топ-менеджар «Центрэнерго» Андрэй Гота.
ЗАЛАТАЯ ЖЫЛА
Да вайны каля сотні беларускіх прадпрыемстваў пастаўлялі амаль дзве тысячы найменняў прадукцыі для 255 абаронных прадпрыемстваў Расіі. Цяпер іх нашмат больш. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі гаварыў пра тры тысячы беларускіх прадпрыемстваў, якія «пастаўленыя на службу расійскай вайне».
«Нашае супрацоўніцтва мае двухбаковы характар, які базуецца на ўзаемным абмене тэхналогіямі. Цяпер Расійская Федэрацыя, выконваючы сваю дзяржаўную абаронную замову, не можа абысціся без беларускіх камплектуючых, роўна гэтак жа і мы не можам абысціся без расійскіх. Наменклатура складовых частак, дэталяў і вузлоў, якія ўзаемна выкарыстоўваюцца, настолькі шырокая, што можна казаць пра паўнавартасную інтэграцыю вытворчых ланцужкоў», – расказваў кіраўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (ДВПК) Беларусі Дзмітрый Пантус.
Ён адмовіўся гаварыць з «Бюро» па тэлефоне наконт выкарыстання беларускай тэхнікі і кампанентаў на вайне супраць Украіны. Мы накіравалі запыт у ДВПК, але не атрымалі адказу.
Беларускія ўлады сталі ключавым саюзнікам Расіі ў вытворчасці ўзбраення з-за лагістычнай зручнасці, выкарыстання аднолькавых або падобных тыпаў тэхнікі, унікальнай экспертызы беларускіх збройнікаў у тых сферах, дзе Расія не валодае неабходнымі тэхналогіямі.
«Мінск убачыў магчымасці для сур’ёзнага заробку на пастаўках сваёй прадукцыі ў Расію, таму вырашыў імі скарыстацца», – зазначыў Паўло Радзь.
Паводле звестак ініцыятывы BelPol, у 2024 годзе экспарт прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі вырас да 1,2 мільярда долараў супраць амаль 500 мільёнаў долараў у 2022 годзе.
«Бум выпуску ваеннай прадукцыі ў Беларусі абумоўлены не ўнутранымі патрэбамі Беларусі, а вайной ва Украіне», – сказана ў дакладзе BelPol.
Служба знешняй разведкі Украіны паведамляла, што Беларусь плануе і далей нарошчваць абаронную вытворчасць для патрэбаў расійскага ВПК.
«Урад Беларусі паскарае запуск вытворчасцяў, звязаных з беспілотнікамі, электронікай двайнога прызначэння і прыцэльнай тэхнікай. Праекты з ваенным патэнцыялам сталі прыярытэтнымі ў інавацыйнай стратэгіі краіны, якая раней факусавалася на грамадзянскіх галінах», – зазначалі ў разведцы.
Да прыкладу, паводле звестак украінскай разведкі, у Беларусі плануюць наладзіць поўны цыкл вытворчасці 122-мм рэактыўных снарадаў і 152-мм артылерыйскіх снарадаў.

Ліпень 2024 года. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка сустракаюцца на Валааме. Крыніца: kremlin.ru
Беларусь і Расія ўжо сфарміравалі праграму ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва да 2030 года. Яна прадугледжвае сумесныя навукова-даследчыя працы над новымі ўзорамі ўзбраення і мадэрнізацыяй існуючых, запуск сумеснай вытворчасці гатовых узораў узбраення, ваеннай тэхнікі і іх кампанентаў, а таксама рэалізацыю захадаў сумеснай палітыкі ў галіне цэнаўтварэння, стандартызацыі і каталагізацыі ваеннай прадукцыі.
«Ва ўмовах вайны расійскія патрэбнасці для беларускага ВПК сталі «залатой жылай», бо беларускія вытворцы могуць не толькі пастаўляць вялікую колькасць прадукцыі ў Расію, але і прадаваць яе па значна завышаным кошце», – падкрэсліў Паўло Радзь.
Ва Украіне лічаць, што рэжым Лукашэнкі і ён асабіста павінны панесці адказнасць за свой саўдзел у расійскай агрэсіі.
«І для гэтага ёсць усе юрыдычныя падставы», – зазначыў у размове з выданнем «Українська правда» міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.