Гандляры смерцю
Азербайджан выкарыстоўваў беларускую зброю супраць армянскага боку падчас вайны ў Нагорным Карабаху. Зенітна-ракетныя комплексы знішчалі беспілотнікі падчас крывавых баёў. Пра гэта сведчаць эксклюзіўныя дакументы, якія атрымала «Бюро».
Гэтыя дакументы таксама паказваюць, як было наладжанае ваеннае супрацоўніцтва паміж постсавецкімі краінамі. Беларускія ўзбраенні паступалі ў Азербайджан праз афшорную кампанію, за якой стаяць уплывовыя бізнэсоўцы. Эксперты папярэджваюць: такая схема падвышае карупцыйныя рызыкі.
У нас з’явілася больш як 200 гігабайт электронных лістоў ад беларускага вытворцы зброі «Тэтраэдр». Файлы распаўсюдзілі хактывісты з Anonymous Liberland and the Pwn-Bär Hack Team. «Бюро» і партнёры даследавалі ўцечку і выявілі ў ёй дэталі сакрэтных здзелак паміж Азербайджанам і Беларуссю напярэдадні Другой карабахскай вайны.
СМІ ўжо расказвалі пра пастаўкі беларускай зброі ў гарачую кропку, але дакументы, што трапілі да нас, упершыню раскрываюць, як гэтая зброя апынулася і выкарыстоўвалася на вайне.
РАКЕТАМІ ПА БЕСПІЛОТНІКАХ
Мінская кампанія «Тэтраэдр» – гонар беларускай абароннай галіны. Гэтае недзяржаўнае прадпрыемства ў асноўным займаецца мадэрнізацыяй старой вайсковай тэхнікі. Прыватныя абаронныя прадпрыемствы ў Беларусі – рэдкасць. Яны, як правіла, заснаваныя былымі работнікамі дзяржаўнага сектара, якія карыстаюцца наладжанымі сувязямі ў ваенных і прамысловых колах. Заснавальнік і нязменны ўладальнік «Тэтраэдра» Андрэй Вахоўскі – выхадзец з ваеннай навукі.

Кастрычнік 2017 года, Андрэй Вахоўскі (справа) прымае міністра абароны Азербайджана Закіра Гасанава (злева) на прадпрыемстве «Тэтраэдр». Крыніца: mod.gov.az
Адзін з паспяховых праектаў яго кампаніі – удасканалены зенітна-ракетны комплекс С-125-2ТМ «Пячора-2ТМ». Пасля дапрацоўкі гэты ЗРК лічыцца эфектыўным у барацьбе з цэлямі, якія нізка ляцяць і маюць малы памер, – баявымі беспілотнікамі. «Пячора-2ТМ» стаіць на ўзбраенні такіх краін, як В’етнам, Лаос, Казахстан і Азербайджан, сказана ў лісце беларускага прадпрыемства аднаму з патэнцыйных кліентаў.
Уцечка дакументаў паказала, што мінскае прадпрыемства «Тэтраэдр» актыўна дапамагала азербайджанскай арміі мадэрнізаваць сістэму супрацьпаветранай абароны напярэдадні вайны ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе.

Снежань 2019 года, ЗРК С-125-2ТМ «Пячора-2ТМ» на баявых стрэльбах у Азербайджане. Крыніца: mod.gov.az
Мы знайшлі ва ўцечцы згадку пра як мінімум 16 кантрактаў, якія «Тэтраэдр» падпісаў з азербайджанскімі партнёрамі з 2006 па 2020 год. У прыватнасці, у 2017 годзе мінскае прадпрыемства падпісала адразу два кантракты на рамонт, тэхнічнае абслугоўванне і суправаджэнне зенітна-ракетных комплексаў «Пячора-2ТМ» агульным коштам звыш 12 мільёнаў долараў.
Паспяховую ўгоду аформілі неўзабаве пасля візіту ў Мінск міністра абароны Азербайджана Закіра Гасанава, які пабываў на прадпрыемстве «Тэтраэдр» і застаўся задаволены беларускай зброяй.
«Узброеныя сілы Азербайджана карыстаюцца ўзбраеннем і тэхнікай беларускай вытворчасці, і я з поўнай адказнасцю заяўляю, што гэта высакаякаснае ўзбраенне і абсталяванне ваеннага прызначэння. Мы будзем у гэтым плане ў вайсковай сферы супрацоўнічаць яшчэ больш і канкрэтна», – зазначаў тады Гасанаў.
Зенітна-ракетныя комплексы С-125-2ТМ «Пячора-2ТМ» спачатку ўдзельнічалі ў вучэннях напярэдадні Другой карабахскай вайны, а потым «актыўна ўжываліся» і падчас баёў. У праекце справаздачы за 2020 год «Тэтраэдр» раскрыў падрабязнасці.
«Баявыя разлікі ЗРК С-125-2ТМ да 12 разоў за суткі ажыццяўлялі перавод сродкаў ЗРК з баявога становішча ў паходнае і назад, здзяйснялі марш на новую стартавую пазіцыю, вялі баявую работу. Па выніках баявых дзеянняў імі знішчаныя 11 БПЛА праціўніка», – сказана ў дакуменце.
Азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў паведамляў, што падчас Другой карабахскай вайны яны знішчылі 22 армянскія беспілотнікі.

Снежань 2019 года, ЗРК С-125-2ТМ «Пячора-2ТМ» на баявых стрэльбах у Азербайджане. Крыніца: mod.gov.az
Мінабароны Арменіі, спаслаўшыся на дзяржаўную таямніцу, не пракаментавала інфармацыю пра страту 11 беспілотнікаў. У ведамстве таксама не падалі інфармацыі пра тое, колькі С-125-2ТМ армянскі бок паразіў падчас армяна-азербайджанскага супрацьстаяння за апошнія гады. Кампанія «Тэтраэдр» і Андрэй Вахоўскі не адказалі на запыт.
ТАЕМНЫЯ ПАСЯРЭДНІКІ
«Тэтраэдр» вёў справы з азербайджанскімі вайскоўцамі таемна. Як высветлілі «Бюро» і партнёры, беларускую зброю прадавалі праз пасярэдніка з Брытанскіх Віргінскіх астравоў. Кампанія называецца N.P.O. Navigation Systems.
Пасярэдніцтва – не рэдкасць у міжнародным гандлі зброяй і не абавязкова звязанае з парушэннем закона, вынікае з сумеснага даклада Інстытута ААН па даследаванні праблем раззбраення, даследніцкай арганізацыі Conflict Armament Research і Цэнтра Стымсана. Але калі ў такіх угодах бяруць удзел афшорныя кампаніі, то гэта дазваляе хаваць інфармацыю пра сапраўдных выгадаатрымальнікаў.
«Такое ўтойванне можа маскаваць імя і грамадзянства сапраўдных уладальнікаў або фактычную краіну экспарту або перагрузкі зброі», – падкрэсліў у каментары для выдання Hetq старэйшы навуковы супрацоўнік міжнароднай няўрадавай арганізацыі Transparency International Колбі Гудман, які даследуе карупцыю ў абаронным сектары.
Брытанскія Віргінскія астравы лічацца самай сакрэтнай падатковай гаванню, якая не раскрывае звесткі пра фінансавыя паказчыкі і ўладальнікаў кампаній. Але дзякуючы масіўнай уцечцы дадзеных з афшораў Pandora Papers нам удалося даведацца, чые інтарэсы схаваныя за N.P.O. Navigation Systems.
Падчас супрацоўніцтва з «Тэтраэдрам» афшорнай кампаніяй валодалі два азербайджанцы – Фуад Сеідаліеў і Арыф Рагімаў. Яны маюць вінны бізнэс Savalan Aspi Winery, абодва значацца топ-менеджарамі кансалтынгавай кампаніі Aspi Consulting Engineers. Апошняя брала ўдзел у працэсе прыватызацыі дзяржуласнасці ў Азербайджане. У прыватнасці, кансультавала мясцовае міністэрства эканамічнага развіцця пры продажы малых гідраэлектрастанцый.
Не менш важны занятак бізнэсоўцаў – гэта гандаль зброяй. Ва ўцечцы «Тэтраэдра» Сеідаліеў і Рагімаў прадстаўленыя як топ-менеджары азербайджанскай кампаніі Azairtechservice. Цяпер яна называецца Esis Technologies. Гэта не пачатковец у ваеннай індустрыі.
У 2011 годзе Azairtechservice стварыў сумеснае прадпрыемства з беларускім «Тэтраэдрам» для мадэрнізацыі старых зенітна-ракетных комплексаў. Праз тры гады з’явілася сумеснае прадпрыемства па мадэрнізацыі баявых верталётаў ужо з паўднёваафрыканскай кампаніяй Paramount Group. У 2016 годзе азербайджанская кампанія дамовілася пра супрацоўніцтва ў абароннай сферы з турэцкай кампаніяй Havelsan, якая спецыялізуецца на сістэмах кіравання, мадэлявання, бяспекі і выведкі. У сеціве Azairtechservice называлі «другім міністэрствам абароннай прамысловасці».

Андрэй Вахоўскі (першы справа) і Фуад Сеідаліеў (другі злева) у Азербайджане, 2009 год
Мы спыталі ў азербайджанскага міністэрства абароны, чаму яны выбралі менавіта N.P.O. Navigation Systems у якасці пасярэдніка пры складанні ўгодаў з беларускім «Тэтраэдрам» і якую камісію атрымала афшорная фірма за сваю працу, але не атрымалі адказу.
Сеідаліеў сказаў па тэлефоне, што не мае ніякага дачынення да кампаніі N.P.O. Navigation Systems, але дакументы з уцечкі Pandora Papers сведчаць пра адваротнае.
Яго партнёр Рагімаў не адказаў на запыт.
Раней Hetq раскрыў, што азербайджанскае міністэрства абароны закупляла беларускую зброю наўпрост у дзяржаўных прадпрыемстваў. Да прыкладу, у 2022 годзе беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Белспецзнештэхніка» паставіла мінабароны Азербайджана дзве мабільныя станцыі радыёэлектроннай барацьбы з БПЛА «Навальніца-С» за 9,7 мільёна долараў.
Эксперты бачаць карупцыйныя рызыкі ў здзелках па гандлі зброяй з удзелам афшорных кампаній.
«Выкарыстанне азербайджанскімі брокерамі кампаніі, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх астравах, павышае рызыку спробаў утаіць фінансавыя і палітычныя сляды ўгодаў, у тым ліку ў дачыненні да сумнеўных камісійных і адкатаў», – зазначыў Колбі Гудман з Transparency International Defense and Security.
Паводле яго слоў, гэтыя рызыкі ўзмацняюцца з-за слабога рэгулявання кампаній на Брытанскіх Віргінскіх астравах, а таксама вельмі слабай засцярогай абароннага сектара ад карупцыі ў Азербайджане.
«Чым болей узроўняў сакрэтнасці і непразрыстасці ў гандлі зброяй, тым болей магчымасцяў для асабістай выгады ў карумпаваных чыноўнікаў», – дадаў у каментары для «Бюро» старэйшы навуковы супрацоўнік SIPRI Пітэр Віземан.
НЕСУМЛЕННАЯ ГУЛЬНЯ
На высокім узроўні Беларусь і Азербайджан не хаваюць ваеннае супрацоўніцтва. Ільхам Аліеў асабіста аглядаў прынятыя на ўзбраенне беларускія рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Паланэз».
«І якасць прадукцыі самая высокая, і эфектыўнасць. Таму невыпадкова, што ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі мае ўжо добрую гісторыю, даволі вялікія аб’ёмы і добрую тэндэнцыю да пашырэння», – казаў Аліеў падчас візіту да Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе.

Лістапад 2018 года, Ільхам Аліеў з візітам у Мінску. Крыніца: president.gov.by
Пастаўкі беларускай зброі ў Баку даўно абвастраюць напружанасць паміж Ерэванам і Мінскам. Беларусь і Арменія з’яўляюцца саюзнікамі па ваенным блоку – Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Азербайджан туды не ўваходзіць. У Ерэване асцерагаліся ваеннай агрэсіі з боку Баку, таму пастаўкі беларускай зброі свайму праціўніку лічылі непрымальнымі.
У 2023 годзе ў выніку ваенных дзеянняў Азербайджан усталяваў поўны кантроль над Нагорным Карабахам. Каля 115 тысяч армян беглі з рэгіёна. Лукашэнка назваў Другую карабахскую вайну «вызвольнай» для Азербайджана, дадаўшы, што ён і Аліеў верылі ў перамогу. Пасля гэтага армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што болей ніколі не паедзе ў Беларусь, пакуль ёй кіруе Аляксандр Лукашэнка.
