Дар’я Шманай жыла ў маскоўскай кватэры Аляксандра Машэнскага?
«Бюро» высветліла, што дарадніца-пасланніца пасольства Беларусі ў Расіі Дар’я Шманай магла жыць у маскоўскай кватэры ўплывовага беларускага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага.

Дар’я Шманай. Крыніца: russia.mfa.gov.by
З уцеклых базаў дадзеных мы даведаліся, што ў красавіку 2023 года Дар’я Шманай атрымала ад Федэральнай службы судовых прыставаў паведамленне пра завінавачанасць па адміністрацыйным правапарушэнні ў памеры 3 тысяч расійскіх рублёў. Ліст быў накіраваны былой супрацоўніцы службы пратакола Лукашэнкі на маскоўскі адрас: Ленінградскі праспект, 2.

Як стала вядома «Бюро», гэтая кватэра плошчай 105 квадратных метраў была набытая ў маі 2003 года ўладальнікам холдынга «Санта Брэмар» Аляксандрам Машэнскім. Па сённяшні дзень ён застаецца аднаасобным уласнікам маскоўскай нерухомасці.
Мы накіравалі Аляксандру Машэнскаму афіцыйны запыт з просьбай пракаментаваць, на якіх падставах Дар’я Шманай пражывала ў ягонай кватэры. Бізнэсовец перадаў журналісту «Бюро» праз свайго сакратара, што «ён не каментуе плёткі».