Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Еўропа зачыняе вароты для «Алютэха»

Буйны дыстрыб’ютар тавараў «Алютэха» ў Чэхіі і Славакіі заявіў пра спыненне продажу беларускай прадукцыі з-за санкцый.

«З-за санкцый мы не можам прадаваць ідэальныя вароты «Алютэх». Дзякуй, што вы з намі. Мы спадзяемся, што санкцыі хутка скончацца», – напісаў у пачатку гэтага тыдня на сваёй старонцы ў сацсетках славацкі дыстрыб’ютар CFU s.r.o, які працуе на рынку пад брэндам Alutechdoors.sk.

screenshot

Скрыншот паста дыстрыб’ютара «Алютэха». Крыніца: інстаграм-акаўнт alutechdoors_sk_cz

 

Сёлета ў сакавіку «Бюро» разам з калегамі з нямецкіх выданняў Paper Trail Media і Manager Magazin выпусціла расследаванне пра тое, як буйны прамысловы холдынг «Алютэх» пастаўляў беларускія панэлі, дзверы, вароты і тавары са сталі ў Еўропу ў абыход санкцый. Сума паставак – звыш пяці мільёнаў долараў.

 

Тры месяцы таму нашыя калегі з Investigace.cz працягнулі гэтую тэму і больш падрабязна расказалі пра лагістычны цэнтр «Алютэха» ў Чэхіі, праз які распаўсюджвалі беларускую падсанкцыйную прадукцыю ў ЕС. Чэшскія расследавальнікі высветлілі, што гаражныя вароты «Алютэх» па-ранейшаму прапаноўваліся дыстрыб’ютарамі як на чэшскім, так і на славацкім рынках.

 

Прычым прадаўцы не хавалі, што тавары вырабляліся ў Беларусі і ўвозіліся ў ЕС. Прадстаўнік Alutechdoors.sk тады расказаў, што грузавік з Беларусі прыбываў у Еўропу кожныя 3-4 тыдні. Цяпер ён патлумачыў, чаму больш не прадае беларускую прадукцыю.

«Мне давядзецца звольніць большую частку сваіх супрацоўнікаў. Такая ж доля напаткае і іншых дыстрыб’ютараў, бо цяпер няма магчымасці пастаўляць беларускія вароты ў Еўропу. У той жа час кліенты задаволеныя якасцю прадукцыі, а пастаўкі прайшлі без праблем. Ад санкцый больш за ўсё пакутуюць еўрапейскія трэйдары, а не Беларусь ці Расія», – сказаў дырэктар па продажы дыстрыб’ютарскай кампаніі ў каментары для Investigace.cz.

Ён дадаў, што звяртаўся да Еўракамісіі з просьбай зрабіць паслабленні па санкцыях, але яму адказалі, што гэта немагчыма.

 

Выданне Paper Trail Media таксама звярнулася да дыстрыб’ютараў «Алютэха» ў Германіі. Яны заявілі, што знялі беларускую прадукцыю з продажу. У адной кампаніі сказалі, што спынілі продаж сталёвых варот пад брэндам «Алютэх» яшчэ вясной. Тым часам нямецкая пракуратура спыніла расследаванне ў дачыненні да прамысловага холдынга з-за адсутнасці доказаў.