Як «кашалёк» Лукашэнкі зарабляў на «Сонцастаянні»
У канцы чэрвеня ў Пружанах адгрымеў рок-фестываль «Сонцастаянне». «Бюро» высветліла новыя падрабязнасці з бэкстэйджу гэтага z-open-airа.
Нагадаем, што ў жніўні 2024 года «кашалёк» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў стварыў юрыдычную асобу «Сонцастаянне» для правядзення відовішчных культурна-масавых мерапрыемстваў.
А праз месяц зарэгістраваў на сябе асабіста таварны знак «Сонцастаянне», які цалкам супадае з афіцыйным лагатыпам фестывалю.

У кастрычніку фірма змяніла сталічную прапіску на Пружаны – месца правядзення фэсту і малую радзіму самога Зайцава.
Дамен сайта «Сонцастаянне» з красавіка 2025 года належыць аднайменнай фірме, якой валодае «гаманец» Лукашэнкі.

«Бюро» высветліла, што турыстычная фірма Аляксандра Зайцава Explora, якую кантралюе яго «Эйчэмсі груп», прапаноўвала турыстычныя пакеты, яны ўключалі падвоз на свой уласны фестываль і пражыванне.

Выглядае так, што Аляксандр Зайцаў мог няблага зарабіць на «Сонцастаянні». Паводле звестак інфармацыйнага партнёра фестывалю, сёлета open-air сабраў 30 тысяч гледачоў, што не дзіўна, бо на піяр мерапрыемства падрадзілі дзясяткі блогераў і нават кінулі ўсю моц дзяржрэсурсу – тэлебачанне, радыё і друкаваныя СМІ.
Дарэчы, у распараджэнні рэдакцыі маюцца дадзеныя, што папярэднім уласнікам дамена сайта «Сонцастаянне» была «Першая прадзюсарская кампанія» – той самы прадакшн, які падпісваў рабскія кантракты з фіналістамі беларускага «Х-фактару» – пра гэта мы нядаўна распавялі ў нашым расследаванні «Фабрыка рабоў».

Нагадаем, 50% «Першай прадзюсарскай кампаніі» знаходзяцца ва ўласнасці Дзмітрыя Ракусава – былога міліцыянера, набліжанага да Аляксандра Зайцава і Віктара Лукашэнкі. Менавіта Ракусаў, як «прадстаўнік суарганізатара», актыўна піярыў «Сонцастаянне» ў дзяржаўных СМІ. «Бюро» лічыць, што гэтым таемным суарганізатарам якраз і можа быць «Першая прадзюсарская кампанія».
Яшчэ адным шэрым кардыналам «Сонцастаяння» з’яўляецца блогерка Аляксандра Вітус – жонка футбаліста Максіма Вітуса, які гуляў за брэсцкае «Дынама», калі клубам яшчэ валодаў Зайцаў. У сваім інстаграм-акаўнце яна актыўна піярыла фестываль – і гэта зусім не выпадковасць. Яна супрацоўніца Аляксандра Зайцава і атрымлівае за гэта заробак.
Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што з лютага 2024 года Вітус лічыцца ў фірме «Трэндхол», на якую запісаныя модныя буцікі «кашалька» Лукашэнкі – «Аўтлет парк». Яна прасоўвала ў сваім інстаграме і іхныя аўтлеты, пакуль тыя яшчэ былі жыццяздольнымі.
З сакавіка 2024 года яна фігуруе і як супрацоўніца «Эйчэмсі груп».