Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Як партнёр Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі адкрыў гламурны бізнэс у Літве

За апошнія гады ў Беларусі значна вырасла колькасць крамаў дзьюці-фры. Самую буйную сетку пад брэндам BDF у кааперацыі з Кіраўніцтвам справамі Лукашэнкі развівае бізнэсовец Артур Гранц з армянскім і беларускім грамадзянствам. Бязмытны гандаль прыносіць добрыя прыбыткі.

 

Як высветліла «Бюро» з калегамі з LRT, частка даходаў ад прымежнага гандлю сышла з Беларусі ў Літву. У гэтай балтыйскай краіне Артур Гранц разам з сям’ёй адкрыў рэстаран і цэнтр адпачынку.

 

 

ЯК УЛАДКАВАНЫ ПРЫМЕЖНЫ БІЗНЭС У БЕЛАРУСІ

Апошнімі гадамі ў Беларусі актыўна развівалася сетка крамаў дзьюці-фры – на пачатак гэтага года такіх было 96.

«Нягледзячы на вызваленне ад мытных пошлін, такія крамы прыносяць у бюджэт пэўныя грашовыя сродкі, у тым ліку і валютную выручку», казаў Аляксандр Лукашэнка.

SHOPS

Крама дзьюці-фры. Крыніца: belamarket.by

 

Беларускія ўлады паступова рабілі больш строгім заканадаўства, каб падабраць пад сябе бязмытны гандаль алкаголем, тытунём і прадметамі раскошы. Уладальнікі крамаў дзьюці-фры павінны плаціць у бюджэт 10% ад выручкі кожны квартал. Доступ на гэты рынак можна атрымаць толькі са згоды Аляксандра Лукашэнкі.

 

Цяпер у Беларусі працуюць чатыры гульцы: «Дыпмаркет», «МаркетЛіга», «Беламаркет Хелена Валеры» і «Беламаркет д’юці фры».

«Дыпмаркет» валодае шасцю крамамі дзьюці-фры і падначальваецца Кіраўніцтву справамі Аляксандра Лукашэнкі. «Беламаркет Хелена Валеры» на 49,99% належыць «Дыпмаркету», астатняе кантралюе старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель і яе першая намесніца Рыта Брыцікава. Гэты дзяржаўна-прыватны бізнэс валодае 20 крамамі дзьюці-фры.

 

«МаркетЛіга» мае 31 краму бязмытнага гандлю. Кампанія на 100% належыць невядомай эмірацкай фірме Alex General Trading FZE. Да чэрвеня 2022 года ў «МаркетЛізе» мелі долі Нацыянальны алімпійскі камітэт і Прэзідэнцкі спартовы клуб, якімі кіруюць сыны Аляксандра Лукашэнкі.

Больш за ўсё крамаў бязмытнага гандлю мае «Беламаркет д’юці фры» – 39. Кампанія на 50,01% належыць бізнэсоўцу Артуру Гранцу, а 49,99% – у дзяржаўнага прадпрыемства «Дыпмаркет», падкантрольнага Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі.

 

GRANTS

Артур Гранц. Крыніца: forbes.ua

Артур Гранц нарадзіўся ў Баку, адвучыўся ў Беларусі. Яшчэ падчас вучобы заняўся бізнэсам. У 90-я наладзіў імпарт прадуктаў у Беларусь і Расію – вазіў алей і сметанковае масла з Польшчы і Аргенціны, маргарын з Фінляндыі, курыныя ножкі з ЗША, цукар-сырэц з Бразіліі.

 

У 2000-х пераехаў у Літву. Спачатку пастаўляў сыравіну для вытворчасці цукру, затым стварыў лагістычны хаб – праз яго ў Расію ішла ў асноўным бытавая тэхніка Bosch, Siemens, Indesit, Sony, Samsung. З 2010 года запусціў крамы дзьюці-фры ва Украіне з нямецкай кампаніяй Gebr. Heinemann. Спачатку – у аэрапорце, потым – на наземных пераходах. З 2020 года валодае часопісам Forbes ва Украіне.

 

 

ЯК УЛАДКАВАНЫ БІЗНЭС ГРАНЦА Ў БЕЛАРУСІ І ЛІТВЕ

На прымежны гандаль моцна паўплывалі міграцыйны крызіс і вайна. Украіна цалкам закрыла мяжу з Беларуссю, а краіны ЕС – шмат якія памежныя пераходы.

 

На мяжы з Польшчай цяпер працуюць чатыры пункты пропуску, на мяжы з Літвой – два, і адзін – на мяжы з Латвіяй. «Беламаркет д’юці фры» мае крамы на гэтых пераходах, а таксама ў нацыянальным аэрапорце Мінск.

 

Нягледзячы на складаныя знешнія абставіны, «Беламаркет д’юці фры» паказвае добрыя фінансавыя вынікі. У 2022 годзе чысты прыбытак кампаніі перавысіў 4 мільёны рублёў. У 2023 годзе ён павялічыўся да 7,77 мільёна рублёў, а ў 2024 годзе крыху знізіўся – да 6,69 мільёна рублёў.

 

Раней частка прыбытку ад прымежнага бізнэсу сыходзіла ў выглядзе дывідэндаў у Літву. Рэч у тым, што Гранц валодае сваёй доляй у беларускіх крамах дзьюці-фры праз літоўскую кампанію Mello Trading. З 2018 па 2020 год яна атрымала больш за 3,7 мільёна еўра дывідэндаў ад «Беламаркет д’юці фры». З 2021 па 2024 год Mello Trading працавала на страту.

«З 2022 года дывідэнды з Беларусі не выплачваліся. <…> Выплата дывідэндаў у гэты перыяд фактычна была немагчымая з-за дзейных у Беларусі фінансавых абмежаванняў, кантролю за рухам капіталу і павышанай рызыкі блакіроўкі банкаўскіх аперацый», – паведамілі ў літоўскай кампаніі Mello Trading.

Там падкрэслілі, што ім «належыць толькі фінансавы актыў [«Беламаркет д’юці фры»] у гэтай юрысдыкцыі [Беларусі]», аднак з-за дзейных абмежаванняў і прававых акалічнасцяў яны «не маюць магчымасці ім распараджацца».

 

Са студзеня 2023 года беларускі ўрад забараніў літоўскай фірме прадаваць або перадаваць сваю долю ў «Беламаркет д’юці фры».

 

Mello Trading – не адзіны актыў Гранца ў Літве. Разам з сям’ёй ён валодае рэстаранам HeJi, які лічыцца адным з самых дарагіх у Вільні і ўключаны ў гід Michelin.

 

HEJI

Рэстаран HeJi. Крыніца: heji.lt

 

Гранцам таксама належыць прэміяльны цэнтр адпачынку Esperanza Resort з гатэлем, спа і рэстаранам у маляўнічай мясціне на беразе возера Унгурыс недалёка ад Тракая. Цэнтр адпачынку рамантавалі тры гады і адчынілі мінулым летам. У праект маглі быць укладзеныя грошы Mello Trading, якая атрымлівала дывідэнды з Беларусі.

 

Esperanza Resort

Цэнтр адпачынку Esperanza Resort. Крыніца: профіль Esperanza Resort у Facebook

 

Як паказваюць фінансавыя справаздачы, у спробе прыцягнуць інвестараў Esperanza Resort выпусціла аблігацыі больш чым на 11 мільёнаў еўра. Частку з іх выкупіла іншая літоўская кампанія AG Invest LT. Яна была створаная ў 2024 годзе, аддзяліўшыся ад Mello Trading і атрымаўшы ад яе звыш 8 мільёнаў еўра ў выглядзе неразмеркаванага прыбытку. Менавіта пасля гэтага AG Invest LT інвеставала ў Esperanza Resort.

 

У Mello Trading пацвердзілі, што падчас рэарганізацыі перавялі AG Invest LT больш за 8 мільёнаў еўра, назапашаных з 2008 года ад аперацый у розных юрысдыкцыях і не звязаных выключна з Беларуссю. Пры гэтым у кампаніі запэўнілі, што не ўкладвалі заробленыя ў Беларусі грошы ні ў рэстаран, ні ў цэнтр адпачынку.

«Асноўныя даходы холдынгавай кампаніі былі атрыманыя ў выглядзе дывідэндаў з Украіны, Кіпра, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Грузіі, што пацверджана міжнароднымі аўдытарамі. Улічваючы гэта, няма падставаў сцвярджаць, што рэстаран або SPA-цэнтр былі прафінансаваныя за кошт даходаў ад дзейнасці duty-free ў Беларусі» – зазначылі ў літоўскай кампаніі.

Пасле масавых рэпрэсій, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, міграцыйнага крызісу і саўдзелу ў расійскай агрэсіі літоўскія ўлады паслядоўна выступалі за санкцыйны націск на беларускі рэжым. Сёлета ў сакавіку пад абмежаванні трапіла адміністрацыя Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Менавіта з гэтай структурай Артур Гранц ужо шмат гадоў развівае крамы дзьюці-фры ў Беларусі праз сваю літоўскую кампанію.