«Кашалькі» Лукашэнкі працягваюць будаваць «Мінск-Свет» нягледзячы на санкцыі
Сербскія бізнэсоўцы Карычы стварылі сетку кампаній, каб працягнуць будаўніцтва буйнога шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Свет» пасля таго, як замоўца праекта – кампанія «Дана Астра» – падпала пад еўрапейскія санкцыі.

Комплекс «Мінск-Свет». Крыніца: minskworld.by
Увесну 2021 года ў Мінску былі зарэгістраваныя чатыры новыя фірмы: «Луксуда», «Дубай Інвестмент», «Гранд Атрыум Дэвелапмент» і «Джы Файв Канстракшн». «Бюро» высветліла, што за ўсімі гэтымі фірмамі стаіць бізнэсовец Мустафа аль-Тобгі. Гэты 44-гадовы брытанскі падданы – блізкі сябар сям’і Карычаў.
Раней мы сутыкаліся з падобным спосабам абыходу санкцый – стварэннем новых кампаній і афармленнем іх на давераных асоб.

Офісы «Луксуда», «Дубай Інвестмент», «Гранд Атрыум Дэвелапмент» і «Джы Файв Канстракшн» размешчаныя ў комплексе «Мінск-Свет». Усе чатыры кампаніі звязаныя паміж сабой тэлефонным нумарам і электроннай поштай, якую выкарыстоўвае замоўца комплексу – кампанія «Дана Астра».
«Луксуда» і «Джы Файв Канстракшн» будуюць новыя кварталы ў комплексе «Мінск-Свет», а «Дубай Інвестмент» яшчэ і міжнародны фінансавы цэнтр. «Гранд Атрыум Дэвелапмент» акрамя жылля пабудавала гандлёва-грамадскі цэнтр «Авія Мол».

Першая справа – Алена Лазаравіч, дачка Багалюба Карыча; другі справа – Горан Лазаравіч, зяць Багалюба Карыча; трэці справа – Боян Карыч, пляменнік Багалюба Карыча; першы злева – Мустафа аль-Тобгі. Крыніца: instagram.com
У 2024 годзе чыноўнікі знайшлі парушэнні, якія тычыліся ўтрымання будаўнічых пляцовак у «Мінск-Свеце». Праз год Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца з даўгабудамі ў сталіцы – з трынаццаці аб’ектаў восем знаходзіліся ў комплексе Карычаў.
«Яны прыйшлі сюды працаваць, падпісалі з намі інвестыцыйныя пагадненні, дагаворы, узялі на сябе абавязкі. Няхай выконваюць, калі хочуць працаваць тут», – сказаў Лукашэнка.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Багалюбам (першы злева) і Драгамірам Карычамі. Крыніца: president.gov.by
Фінансавыя паказчыкі кампаній «Луксуда», «Дубай Інвестмент», «Гранд Атрыум Дэвелапмент» і «Джы Файв Канстракшн» за 2022–2024 гады засакрэчаныя беларускім урадам.
САНКЦЫЙНЫЯ ЗАХАДЫ
Сербскія бізнэсоўцы Карычы і іхныя актывы аднымі з першых падпалі пад заходнія санкцыі за сувязі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. У снежні 2020 года ЕС уключыў у «чорны спіс» беларускія кампаніі «Дана Астра» і «Дана Холдынгз». У жніўні 2021 года да санкцый ЕС далучыліся ЗША, абвясціўшы Карычаў будаўнічымі «кашалькамі Лукашэнкі». Пад амерыканскія абмежаванні падпалі беларускія кампаніі «Дана Астра», «Эмірэйтс Блю Скай» і «Дубай Вотэр Фронт», а таксама кіпрская кампанія Dana Holdings і яе былы бенефіцыяр Небайша Карыч. У чэрвені 2022 года ЕС увёў санкцыі супраць Багалюба Карыча, бацькі Небайшы Карыча.

Небайша (злева) і Багалюб (справа) Карычы на фоне Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску. Крыніца: facebook.com
Але сербскае сямейства зрабіла захады на апярэджанне за два тыдні да ўвядзення самых першых абмежаванняў. У снежні 2020 года беларускія бізнэсы Карычаў адышлі пад кантроль таго самага Мустафы аль-Тобгі, а бенефіцыярам кіпрскай фірмы Dana Holdings стаў яшчэ адзін сябар сербскіх бізнэсоўцаў – Нагіп Бехлулі.
Карычы абскардзілі еўрапейскія санкцыі ў судзе, але не дасягнулі поспеху. У ЗША сітуацыя склалася іначай. Сёлета ў жніўні амерыканскае Міністэрства фінансаў зняло абмежаванні з кіпрскай кампаніі Dana Holdings і Небайшы Карыча. Рашэнне было прынятае на фоне перамоваў адміністрацыі Дональда Трампа з беларускімі ўладамі пра вызваленне палітычных зняволеных. Крыніца «Радыё Свабода» запэўніла, што рашэнне пра зняцце санкцый не звязанае з перамовамі і з’яўляецца тэхнічным крокам.
Выявілася, што ў чэрвені гэтага года кіпрская фірма Dana Holdings была ліквідаваная, што магло паслужыць падставай для выключэння яе з «чорнага спіса». Чаму знялі санкцыі з Небайшы Карыча, не зусім зразумела.
«Сіла і цэласнасць нашых санкцый залежаць ад нашай здольнасці ўключаць людзей у адмысловы спіс, але таксама і ад нашай гатоўнасці выключаць людзей з гэтага спіса, бо канчатковай мэтай санкцый з’яўляецца не пакаранне, а змена паводзінаў і заахвочванне адказнасці», – патлумачыў «Бюро» амерыканскі чыноўнік.
Беларускія кампаніі «Дана Астра», «Эмірэйтс Блю Скай» і «Дубай Вотэр Фронт» застаюцца пад амерыканскімі санкцыямі. У кастрычніку 2023 года «Дубай Вотэр Фронт» перайменавалі ў «Аркора Дэвелапмент», а «Эмірэйтс Блю Скай» – у «Лайбрары Лэйн». Першая кампанія пабудавала ў Мінску жылыя комплексы «Чайкоўскі» і «Вівальдзі», а таксама бізнэс-цэнтр Capital Palace на Кастрычніцкай плошчы. Другая – жылыя комплексы «Маяк Мінска» і «Парк Чалюскінцаў», а таксама гандлёва-забаўляльны цэнтр Dana Mall.
Мы накіравалі запыты Багалюбу Карычу і прадстаўнікам сербскага сямейства, але не атрымалі адказу.