Хто выратаваў Ганну Лукашэнку ад еўрапейскіх санкцый?
Літва прапаноўвала ўключыць нявестку Аляксандра Лукашэнкі ў санкцыйны спіс ЕС, але ейную кандыдатуру заблакавала Славакія. Такую інфармацыю атрымала «Бюро» ад трох не звязаных адна з адной крыніц у палітычным, дыпламатычным і праваабарончым колах.
Ганна Лукашэнка – адзіная з уплывовага беларускага сямейства, хто не падпаў пад санкцыі ЕС. У чорным спісе ўжо знаходзяцца Аляксандр Лукашэнка, яго сыны Віктар і Дзмітрый і яшчэ адна нявестка Лілія.

Ганна Лукашэнка. Крыніца: sb.by
5 жніўня 2024 года ЕС прыняў чарговы пакет санкцый супраць беларускага аўтарытарнага рэжыму. У санкцыйны спіс прапаноўвалі ўнесці Ганну Лукашэнку, але адна з еўрапейскіх краін заблакавала такую прапанову.
«Ганна Л. [Ганна Лукашэнка] была прапанаваная Літвой і сапраўды заблакаваная Славакіяй», – сказаў еўрапейскі чыноўнік нашым калегам з выдання VSquare.org.
У літоўскім і славацкім міністэрствах замежных спраў не пацвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю. У славацкім МЗС патлумачылі, што кожная ініцыятыва па ўключэнні ў санкцыйны спіс ЕС падрабязна разглядаецца з пункту погляду інтарэсаў Славакіі і ЕС, а таксама з пункту погляду прававой абгрунтаванасці і ўстойлівасці санкцый.
«Абмеркаванне прапановаў ЕС па санкцыях праходзіць у закрытым рэжыме, ацэньваюцца палітычныя і прававыя аспекты санкцыйных ініцыятыў. Калі яны ацэньваюцца як недастатковыя з пункту гледжання іх абароны ў судах ЕС, то такая санкцыйная ініцыятыва адкладваецца», – адказалі дыпламаты нашым калегам са славацкага расследавальніцкага цэнтра Яна Куцяка.
Цяперашні прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца выступае за нармалізацыю адносінаў з Расіяй і Беларуссю. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яму наведаць Брэсцкую крэпасць у маі гэтага года. Фіца ўжо бываў у Мінску ў 2016 годзе падчас папярэдняга прэм’ерскага тэрміну. На сустрэчы з Лукашэнкам ён называў Беларусь сяброўскай краінай. Лукашэнка тады падзякаваў славацкаму прэм’еру за нармалізацыю адносінаў Беларусі і ЕС.

Роберт Фіца (справа) сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Крыніца: president.gov.by
«Ваша краіна данасіла да кіраўніцтва ЕС сапраўднае становішча ў Беларусі», – казаў Лукашэнка.
Летась Лукашэнка і Фіца абмяняліся віншаваннямі з нагоды юбілеяў (70-годдзя і 60-годдзя адпаведна).