Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Людзі Шэймана займелі жыллё ў «раі для гангстараў»

Менеджары з атачэння ўплывовага беларускага дзяржаўнага дзеяча Віктара Шэймана валодаюць раскошнымі апартаментамі ў Дубаі. Гэта паказала новая ўцечка дадзеных, атрыманая OCCRP. Мы верыфікавалі інфармацыю пра нерухомасць у дубайскіх рэестрах.

 

Яўген Жоўнер у жылых комплексах Damac Bay і Liv Marina, якія будуюцца, набыў дзве кватэры. Агульная плошча апартаментаў звыш 150 квадратных метраў.

 

Damac Bay

Жылы комплекс Damac Bay у Дубаі. Крыніца: axcapital.ae

 

Liv Marina

Жылы комплекс Liv Marina ў Дубаі. Крыніца: livuae.com

 

У размове з «Бюро» Жоўнер адмаўляў, што валодае нерухомасцю ў Дубаі, але мы знайшлі пацвярджэнне ў мясцовым рэестры.

 

Таццяна Аношка з’яўляецца суўладальніцай кватэры плошчай больш як 350 квадратных метраў у жылым комплексе Kempinski Residences на востраве Палм-Джумейра.

 

Kempinski Residences

Жылы комплекс Kempinski Residences у Дубаі. Крыніца: kempinski.com

 

Аношка адмовілася даваць каментары па тэлефоне. Мы даслалі ёй запыт, але яна не адказала на яго.

 

Дубай вядомы не толькі як блізкаўсходні фінансавы цэнтр, эмірат мае змрочную рэпутацыю падатковай гавані і цэнтра адмывання грошай, у тым ліку праз нерухомасць. Яго яшчэ называюць «раем для гангстараў».

«Карупцыянеры і палітычна значныя асобы, якія пазбягаюць публічнай адказнасці, выкарыстоўваюць такія таемныя юрысдыкцыі, як ААЭ, каб утойваць актывы ва ўсіх навідавоку», – адзначала экспертка вашынгтонскага Цэнтра перспектыўных абаронных даследаванняў C4ADS Марыя Джудыта Барселі.

Яўген Жоўнер працаваў у Адміністрацыі і Упраўленні спраў Аляксандра Лукашэнкі. Ён быў суўладальнікам кампаніі «Глобалкастам», якой кіравала Таццяна Аношка.

 

«Глобалкастам» звязаная з правай рукой Аляксандра Лукашэнкі, яго старым і бліжэйшым паплечнікам Віктарам Шэйманам. Шэйман займаў у Беларусі высокія пасады. Цяпер з’яўляецца спецыяльным пасланнікам Лукашэнкі. З 2004 года Шэйман знаходзіцца пад санкцыямі ЕС як адказны за знікненне палітычных крытыкаў Лукашэнкі ў 1999–2000 гадах.

 

«Глобалкастам» лавілі на нелегальных пастаўках адзення і санкцыйных прадуктаў у Расію. Журналісты таксама расказвалі, як кампанія ўдзельнічала ў шэрай схеме рээкспарту кветак. У 2020 годзе «Глобалкастам» спыніла сваю дзейнасць, але справа яе працягвае жыць. Асаблівую ролю ў гэтым грае група кампаній «Алексвіт», важную пасаду ў якой займае Таццяна Аношка. Група кампаній працуе па разнастайных шэрых схемах для абыходу санкцый, рээкспарту і паралельнага імпарту.

 

Падрабязна пра дзейнасць «Алексвіта» і шыкоўнае жыццё Таццяны Аношкі вы зможаце пачытаць у нашым расследаванні «Новыя беларускія». Раней мы таксама расказвалі пра дубайскую нерухомасць сямей Алексіных і Карычаў, якія лічацца «кашалькамі Лукашэнкі».