На загад Крамля
Крэмль навязвае сваю ідэалогію ў Беларусі праз падкантрольныя арганізацыі. Гэта вынікае з дакументаў, якія трапілі да нас ад крыніцы ў еўрапейскай выведцы. Яна сцвярджае, што дзейнасць маскоўскіх агентаў уплыву курыруе адміністрацыя Пуціна. За прасоўванне расійскіх інтарэсаў на еўрапейскім кірунку адказвае спецыяльнае ведамства – упраўленне па прыгранічным супрацоўніцтве.

Калаж: Mart Nigola / Delfi Estonia
Мы вывучылі сакрэтныя дакументы, напісаныя ў пуцінскай адміністрацыі. У іх пазначана, якім чынам трэба расказваць беларускаму грамадству пра адносіны з Расіяй і «падкопы варожага Захаду».
ТРАЯНСКІЯ КОНІ
Расійскія наратывы ў Беларусі, Малдове і краінах Балтыі прасоўвае сетка з арганізацый. Гэта Расійская асацыяцыя прыбалтыйскіх даследаванняў (РАПД) і фонд «Гістарычная памяць» (ФГП), а таксама парталы Ru.Baltic і «Евразия.Эксперт», вынікае са справаздачы, падрыхтаванай для ўпраўлення па прыгранічным супрацоўніцтве Адміністрацыі прэзідэнта РФ.
Калі РАПД і Ru.Baltic болей засяроджаныя на краінах Балтыі, то расійскі парадак дня ў Беларусі актыўна адпрацоўваюць ФГП і «Евразия.Эксперт».
Выданне «Евразия.Эксперт» запрацавала ў 2016 годзе пры падтрымцы расійскага Дзяржаўнага акадэмічнага ўніверсітэта гуманітарных навук. Карэспандэнцкія пункты размешчаныя ва ўсіх краінах Еўразійскага эканамічнага саюза: Арменіі, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане і Расіі.
«Выданне стала пляцоўкай для «зверкі гадзіннікаў» паміж экспертамі з Беларусі, Расіі і іншых краін ЕАЭС. На гэтай аснове атрымалася стварыць своеасаблівую «майстэрню» для прапрацоўкі і экспертнай «абкаткі» перспектыўных праектаў у межах Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС», – сказана ў адной з прэзентацый.
Галоўны рэдактар «Еўразія.Эксперт» – член расійскага Савета па знешняй і абароннай палітыцы Аляксандр Насовіч. У рэдакцыйную калегію ўваходзіць генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэка Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін, вядомы сваімі прарасійскімі поглядамі.

Вадзім Гігін. Крыніца: sb.by
КРАМЛЁЎСКІЯ НАРАТЫВЫ
Мы параўналі публікацыі на партале «Евразия.Эксперт» з крамлёўскай метадычкай па Беларусі за мінулы год і знайшлі каля дзясятка артыкулаў, дзе выданне слова ў слова паўтарае крамлёўскія наратывы.
Такім чынам, у распрацаваным чыноўнікамі медыяплане ёсць прамая інструкцыя, якія падзеі і якім чынам трэба асвятляць у Беларусі з 10 па 16 ліпеня 2023 года.
У гэтыя дні ў Беларусі праходзіла некалькі мерапрыемстваў. Адно з іх – фестываль мастацтваў «Славянскі базар». У крамлёўскай метадычцы пазначана, як менавіта расказаць пра гэтае свята публіцы:
«Фестываль у Віцебску, у якім штогод бяруць удзел калектывы з розных краін, служыць бясспрэчным доказам бесперспектыўнасці спробаў краін Захаду дамагчыся «адмены» расійскай і беларускай культуры. Агрэсіўная антырасійская і антыбеларуская палітыка асуджаная на правал».
І аўтары партала «Евразия.Эксперт» падхапілі і цалкам перадрукавалі ключавыя тэзісы з медыяплана. Паглядзець можна тут, тут, тут, тут, тут, тут, тут і тут. Крамлёўскія наратывы паўтараліся і сёлета. Паглядзець можна тут, тут, тут, тут і тут.
Галоўны рэдактар «Евразия.Эксперт» Аляксандр Насовіч не захацеў размаўляць на гэтую тэму.
Мы выявілі, што нават газета адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» ў артыкулах пра «Славянскі базар» і выставу «Інапрам» выкарыстала ключавыя тэзісы з крамлёўскай метадычкі.
«Асноўнымі інструментамі расійскага ўплыву ў Беларусі цяпер, па сутнасці, выступаюць беларускія дзяржаўныя СМІ. Яны існуюць у адной ідэалагічнай і каштоўнаснай рамцы з Расіяй», – расказаў «Бюро» Ян Аўсеюшкін з міжнароднай экспертнай ініцыятывы iSANS, якая даследуе варожыя сеткі ўплыву, што распаўсюджваюць прапаганду, дэзынфармацыю і фэйкавыя навіны ў Еўропе і Еўразіі.
Эксперт нагадаў, што падчас пратэстаў у Беларусі з дзяржаўных медыя звольнілася шмат супрацоўнікаў. Тады ў Беларусь на дапамогу прыехаў дэсант з расійскіх прапагандыстаў, у тым ліку з Russia Today. Яны наладзілі прапагандысцкую машыну ў Беларусі, якая пасля іх ад’езду працягвала працаваць у той наратыўнай рамцы, якую ім заклалі.
Пасля 2020 года рэжым Лукашэнкі цалкам перайшоў на расійскія наратывы, часам мяняючы інфармацыю пад свае патрэбы, таму што ўбачыў пагрозу ў беларусацэнтрычных ініцыятывах.
«Пасля задушэння пратэстаў інфармацыйную палітыку ў Беларусі сталі вызначаць рэакцыянеры, а яны найбольш лаяльныя да Расіі. Настроеныя на перамены журналісты аказаліся на другасных ролях, калі ўвогуле не вылецелі з сістэмы пасля чыстак», – заўважыў Аўсеюшкін.
Паводле яго слоў, пасля блакіроўкі незалежных медыя ў Беларусі моцна змяніўся інфармацыйны ландшафт. Там прадстаўленыя расійскія і рэжымныя СМІ, што таксама ўплывае на настроі ў грамадстве.
«Так, сярод беларусаў няма выразнай падтрымкі вайны і жадання ваяваць, але ўсё адно існуе частка беларускага грамадства, якая падзяляе расійскі пункт гледжання. І калі інфармацыйная апрацоўка працягнецца, то гэтая частка беларускага грамадства можа павялічыцца, што можа сыграць сваю ролю ва ўцягванні Беларусі ў бягучыя або патэнцыйныя новыя канфлікты на баку РФ», – апісаў пагрозы Аўсеюшкін.
ПЕРАПІСАЦЬ ГІСТОРЫЮ
Калі выданне «Евразия.Эксперт» і беларускія дзяржаўныя СМІ прасоўваюць у Беларусі актуальныя расійскія наратывы, то фонд «Гістарычная памяць» працуе з больш складанымі матэрыямі. Фонд заснаваны ў 2008 годзе, каб «супрацьдзейнічаць фальсіфікацыі гісторыі ва ўрон інтарэсам Расіі». «Гістарычная памяць» матэрыяльна і публічна падтрымліваецца расійскімі дзяржаўнымі структурамі. Дырэктарам фонду з’яўляецца адыёзны гісторык і публіцыст Аляксандр Дзюкаў.

Аляксандр Дзюкаў. Крыніца: belta.by
У размове з «Бюро» ён паведаміў, што ўпершыню чуе пра крамлёўскія метадычкі. Дзюкаў адмаўляў сувязі з упраўленнем па прыгранічным супрацоўніцтве Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Паводле яго слоў, фонд даўно сутыкаецца з дыскрэдытацыяй з боку спецслужбаў краін Балтыі.
«У гэтым выпадку гэта адна з чарговых спробаў дыскрэдытацыі, з якой сутыкаецца наш фонд», – сказаў Дзюкаў.
«Гістарычная памяць» стварыла разгалінаваную сетку падкантрольных няўрадавых арганізацый у розных краінах, сказана ў справаздачы фонду за 2008–2018 гады. Сярод такіх арганізацый у Беларусі: асацыяцыя гісторыкаў «Саюзная ініцыятыва памяці і згоды» і інфармацыйны партал IMHOclub.by. У справаздачы за 2008–2018 гады «Гістарычная памяць» хваліцца адным з паспяховых кейсаў па дыскрэдытацыі ідэі стварэння мемарыяла ў Курапатах.
«Наладжаныя ў палітыка-экспертных колах Беларусі сувязі дазволілі даведацца, што Адміністрацыя Прэзідэнта РБ замовіла навуковую прапрацоўку праблемнага пытання аб Курапатах. Фондам «Гістарычная памяць» у сціслыя тэрміны было праведзенае даследаванне колькасці расстраляных у Курапатах. Паводле вынікаў даследавання ў расійскіх навуковых часопісах была апублікаваная серыя артыкулаў пра рэальныя маштабы савецкіх рэпрэсій у Беларусі. Было даказана, што ў Курапатах расстраляна не 250, а 7-8 тысяч чалавек. Праз наяўныя магчымасці апублікаваныя намі прынцыповыя ацэнкі ўдалося ўключыць у выніковы зборнік для Адміністрацыі Прэзідэнта РБ», – гаворыцца ў дакуменце.
У фондзе не хаваюць, што Беларусь з’яўляецца найбольш камфортнай краінай для працы «Гістарычнай памяці» ў супрацоўніцтве з профільнымі беларускімі акадэмічнымі, архіўнымі і музейнымі ўстановамі. У 2022 годзе фонд падпісаў пагадненне пра супрацоўніцтва з Генеральнай пракуратурай Беларусі, каб даследаваць «факты генацыду грамадзянскага насельніцтва СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд». «Гістарычная памяць» таксама супрацоўнічае з беларускім таварыствам «Веды», якое ўзначальвае ўжо згаданы намі Вадзім Гігін.
Адной з апошніх паспяховых кампаній расійскага фонду ў Беларусі Ян Аўсеюшкін з iSANS назваў дэгераізацыю кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага. «Гістарычная памяць» прасоўвала наратыў, што Каліноўскі з’яўляецца палякам і не мае ніякага дачынення да Беларусі, а паўстанцы займаліся тэрорам супраць мірнага насельніцтва Беларусі.
У цэлым, адзначыў Аўсеюшкін, яны спрабавалі стварыць канструкт, што Каліноўскі – гэта такі беларускі Бандэра, і ў іх часткова атрымалася, таму што беларускія чыноўнікі, якія вызначаюць гістарычную палітыку, сталі паўтараць гэтыя наратывы.
«Калі пачынаецца праца з гістарычным наратывам, калі перапісваюцца падручнікі, то гэта ўжо закладвае ідэалагічныя рамкі на гады наперад. Тое, што цяпер для нас лічыцца абсалютна нармальным і з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай ідэнтычнасці, праз дзесяць гадоў сістэмнай працы расійскіх актараў такія рэчы ў Беларусі могуць стаць чужымі для значнай долі насельніцтва. Гэта прывядзе да яшчэ большага разрыву ў грамадстве, будзе падрываць асновы беларускай незалежнасці», – сказаў эксперт з iSANS.
КРАМЛЁЎСКІЯ КУРАТАРЫ
Дзейнасць прарасійскіх сіл у Беларусі курыруе ўпраўленне па прыгранічным супрацоўніцтве Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Яно створанае ў 2018 годзе для прасоўвання нацыянальных інтарэсаў Расіі на тэрыторыі былога СССР. Тры гады таму яно было рэфармаванае і стала адказваць за еўрапейскі кірунак: краіны Балтыі, Малдова і Беларусь. У 2021 годзе ўпраўленне распрацавала план па ўзмацненні расійскага ўплыву ў Беларусі да 2030 года. Сярод мэтаў – забяспечыць ваенную прысутнасць у Беларусі, спрасціць працэдуру выдачы беларусам расійскіх пашпартоў, увесці адзіную валюту для дзвюх краін.
«Беларусь – галоўная мішэнь упраўлення па прыгранічным супрацоўніцтве сёння і была такой прынамсі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Саюзная дзяржава [Беларусі і Расіі] з’яўляецца адным з асноватворных слупоў знешняй палітыкі Пуціна. Беларусь таксама важная для Расіі з геаграфічнага пункту погляду. Яна знаходзіцца на перадавой у напрамку Калінінграда і забяспечвае стратэгічную абарону супраць меркаванай заходняй пагрозы», – сказала крыніца ў еўрапейскай выведцы.
Упраўленне па прыгранічным супрацоўніцтве ўзначальвае Аляксей Філатаў. Гэты высокапастаўлены чыноўнік з пуцінскай адміністрацыі ўключаны ў санкцыйны спіс ЕС у красавіку 2022 года як «адказны за каардынацыю агрэсіўнай палітыкі Крамля, у тым ліку дзейнасць па аказанні шкоднага ўплыву, у дачыненні да Украіны і акупаваных рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей».

Аляксей Філатаў. Крыніца: cominf.org
Упраўленне Філатава падначальваецца Дзмітрыю Казаку – даўняму і вельмі блізкаму паплечніку Уладзіміра Пуціна. Са студзеня 2020 года Казак займае пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Казак знаходзіцца ў санкцыйным спісе ЕС з 2014 года як «адказны за інтэграцыю Крыма ў склад Расіі».
Місія ўпраўлення па прыгранічным супрацоўніцтве носіць яскрава выражаны ідэалагічны характар – правядзенне інфармацыйных аперацый і аперацый уплыву ў краінах Балтыі, Беларусі і Малдове, адзначыў у размове з Delfi Estonia дырэктар Міжнароднага цэнтра абароны і бяспекі Індрэк Канік.
На яго думку, упраўленне не можа рэальна ўплываць на грамадства, прынамсі ў краінах Балтыі, таму што яны могуць працаваць толькі ў тых грамадствах, дзе няма супрацьдзеяння. Адной з такіх краін была Малдова, але і там, паводле ацэнкі Каніка, поле для дзейнасці ўпраўлення стала нашмат больш вузкім, чым раней.
«Застаецца Беларусь, але і там трэба быць асцярожным, каб не раззлаваць Лукашэнку. Праўда, з 2020 года ў яго значна скарацілася прастора для манеўру», – адзначыў Канік.