Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Сам сабе рэжысёр

«Музычная медыякампанія» працягвае пашыраць бізнэс у прамысловых маштабах і запусціла свой уласны відэапрадакшн, ужо адпрацаваўшы дзяржзамовы.

 

У кастрычніку Беларускі металургічны завод (БМЗ) адсвяткаваў юбілей – 40 год. Да гэтай знамянальнай для прадпрыемства падзеі новы відэапрадакшн прэзентаваў іміджавы кліп завода на песню «Мацнейшыя за сталь», аўтарам якой, само сабой, стала Ганна Сялук.

Здымкі роліка праходзілі ў гарачых цэхах жлобінскага гіганта машынабудаўніцтва пры ўдзеле супрацоўнікаў прадпрыемства, а новы «гімн БМЗ» выканалі артысты, якія супрацоўнічаюць з «Музычнай медыякампаніяй» – група Cosa Nostra, Вікторыя Алешка, Ганна Благава, Андрэй Цямчык і саліст арт-групы «Беларусы» Валер Шмат.

 

Акрамя таго, у гонар юбілею БМЗ запрашаў беларусаў на святочны канцэрт у Жлобіне. Забаўлялі людзей «зоркі» ўсё той жа «Музычнай медыякампаніі», а хэдлайнерам гарадской вечарынкі стаў расійскі спявак Niletto.

 

«Бюро» таксама знайшло на амерыканскім відэахостынгу Vimeo камерцыйныя ролікі вытворчасці «Музмедыя прадакшна» для іншых буйных беларускіх машынабудаўнічых холдынгаў: «Белшыны», Магілёўскага аўтамабільнага завода (МААЗ) і БелАЗа.

 

BELAZ

Бэкстэйдж са здымак іміджавага роліка БелАЗа. Крыніца: інстаграм-акаўнт @muzmedia_production

 

Акрамя дзяржпрадпрыемстваў відэапрадакшн «Музычнай медыякампаніі» не забывае пра ўласныя інтарэсы і паспеў ужо нарабіць новых кліпаў і сваім выканаўцам: Аляксандры Мелех, трыа «Ружовыя ружы», Леры Бернатовіч & Арцёму Скаролю і Вользе Козыр – пераможніцы вакальнага праекта «Зорны шлях – 2», які сам жа і прадзюсуе.

 

Мы ўжо шмат разоў пісалі пра дзейнасць «Музычнай медыякампаніі», якая звязаная з нявесткай Лукашэнкі, вядомай шырокім масам пад псеўданімам Ганна Сялук. Прадзюсарскі цэнтр актыўна займаецца «развіццём музычнай індустрыі» ў Беларусі: прасоўвае артыстаў эстрады, валодае радыёстанцыямі, арганізоўвае праўладныя мерапрыемствы і, як мы нядаўна расказвалі, нават замахнуўся на дзіцячыя святы.

«Музычная медыякампанія» – гэта прадзюсарскі цэнтр, у якім намесніцай дырэктара з’яўляецца Таццяна Кулакова. Гэта родная сястра Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.

 

«Музычная медыякампанія» належыць Палацу рэспублікі Упраўлення спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) – аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Імаверна, Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб утаіць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі – АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.