Рэха вайны. Хто забяспечвае дронамі войскі Карпянкова?
Унутраныя войскі пад камандаваннем генерал-маёра Мікалая Карпянкова закупілі больш за 80 дронаў за апошнія два ў паловай гады. На гэта з бюджэту патрачана 215 тысяч рублёў.

Крыніца: sb.by
Ва ўсіх брыгадах і асобных батальёнах унутраных войскаў створаныя падраздзяленні спецыяльнага прызначэння па выкарыстанні беспілотных лятальных апаратаў. Іх ужывалі на вучэннях – аператары па кіраванні дронамі навучаныя весці разведку і кідаць бомбы.
«Цяпер беспілотная авіяцыя – цэлы род войскаў, які можна эфектыўна выкарыстоўваць, захоўваючы жыцці нашых байцоў, наносячы праціўніку непрымальны ўрон. Гэта вельмі сур’ёзна павышае нашыя баявыя магчымасці», – расказваў раней Карпянкоў.
Паводле ягоных слоў, у сярэдзіне сакавіка 2023 года на ўзбраенні ўнутраных войскаў было звыш 100 дронаў – разведвальных і разведвальна-ўдарных. З мая 2023 года, згодна са звесткамі электроннай гандлёвай пляцоўкі, для ўнутраных войскаў закупілі яшчэ як мінімум 81 беспілотны лятальны апарат.

Мікалай Карпянкоў на спаборніцтвах па тактычнай стральбе. Крыніца: t.me/vvmvdrb
Больш за ўсё дронаў закупіў беларускі спецназ – вайсковая частка 3214, што базуецца ў мінскім мікрараёне Уручча. Яе вайскоўцы душылі мірныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе. Для іх набылі 21 беспілотнік за 34 тысячы рублёў.
«У сучаснай Беларусі ўсе магчымасці, якія маюць так званыя праваахоўныя органы, могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій. Цяпер дроны як інструмент рэпрэсій не ўжываюцца, бо няма, напрыклад, акцый пратэсту», – сказаў у каментары «Бюро» прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BelPol Уладзімір Жыгар.
У цэлым, паводле ягоных слоў, дроны ўжо выкарыстоўваюцца міліцыяй для кантролю дарожнага руху, а таксама для навучання народнага апалчэння.
«Гэта свайго роду новы павеў, прадыктаваны ў тым ліку вайной ва Украіне. Рэжым, убачыўшы, якую важную ролю іграюць аператары дронаў і самі дроны ў сучаснай вайне, безумоўна, спрабуе гэта выкарыстаць», – зазначыў Жыгар.
АДЧУВАЛЬНЫЯ ДРОНЫ
Усе дроны для ўнутраных войскаў набывалі паводле працэдуры закупкі з адной крыніцы, якая лічыцца больш простым і неканкурэнтным спосабам выбару пераможцы. 14 з 15 тэндараў выйграла кампанія «Хобі-Парк».
Камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў асабіста развозіў дроны па раённых аддзелах міліцыі ў Хойніках, Лоеве, Ельску, Нароўлі, Брагіне і Мазыры для навучання атрадаў народнага апалчэння. Прычым у паведамленнях прэс-службы ўнутраных войскаў падкрэслівалася, што гэта менавіта беспілотнікі ад «Хобі-Парка».

Мікалай Карпянкоў перадае супрацоўніку міліцыі дрон ад кампаніі «Хобі-Парк». Крыніца: t.me/vvmvdrb
Кампанія таксама называлася ў ліку пастаянных памочнікаў вайскова-патрыятычных клубаў, створаных паводле рашэння Карпянкова. У лістападзе мінулага года ён перадаў вайскова-патрыятычнаму клубу «Рысь-Нароўля» тры квадракоптары ад «Хобі-Парка».
Кампанія з’явілася ў 2010 годзе. Яна гандлюе разнастайнай электронікай, у тым ліку квадракоптарамі кітайскай кампаніі DJI. Дырэктар і асноўны ўладальнік «Хобі-Парка» – бізнэсовец Віктар Пылаеў. Раней працаваў у авіякампаніі «Трансавіяэкспарт», якая пастаўляла зброю ў гарачыя пункты. Да прыкладу, у Лівію.
Віктар Пылаеў адмовіўся каментаваць пастаўкі дронаў для сілавікоў.
«Гэта даволі адчувальная інфармацыя», – сказаў «Бюро» дырэктар і саўладальнік «Хобі-Парка».
Паводле звестак «Кіберпартызан» за мінулы год, у «Хобі-Парку» працавалі некалькі былых сілавікоў: былы супрацоўнік прыватнай ваеннай кампаніі «Кідма тэк» Аляксандр Гуткоўскі, былы работнік дзяржаўнага ваеннага прадпрыемства «КБ Радар» Максім Кузьмук, а таксама былы начальнік аддзела выкарыстання БПЛА на авіяцыйным прадпрыемстве МНС Сяргей Лапіч.
«Хобі-Парк» пастаўляў дроны і спадарожныя матэрыялы не толькі ўнутраным войскам, але і іншым дзяржаўным органам. Сярод іх: дэпартамент фінансаў і тылу МУС, дэпартамент аховы МУС, Дзяржаўны пагранічны камітэт, Следчы камітэт, Ваенная акадэмія, акадэмія МУС і іншыя. З лістапада 2019-га па верасень 2025 года за кошт дзяржкантрактаў з сілавымі ведамствамі «Хобі-Парк» зарабіў больш за 10 мільёнаў рублёў.
«УСЁ ДЛЯ ПЕРАМОГІ»
«Хобі-Парк» актыўна працуе і на расійскім рынку. Некаторыя кліенты звязаныя з калявайсковымі структурамі.
Да прыкладу, згодна з мытнымі дадзенымі, у лістападзе 2023 года «Хобі-Парк» паставіў тры кітайскія квадракоптары DJI за 50 тысяч долараў маскоўскай кампаніі «Нябесная механіка» (Skymec). Расійскае выданне «Важные истории» расказвала, што «Нябесная механіка» прадавала кітайскія дроны DJI расійскім няўрадавым арганізацыям, якія падтрымліваюць уварванне ва Украіну. Адна з такіх арганізацый – «Народны фронт. Усё для перамогі», які збірае сродкі на абсталяванне для падраздзяленняў расійскай арміі.
Дырэктар і саўладальнік «Хобі-Парка» Віктар Пылаеў адмовіўся каментаваць гэтыя пастаўкі.
«Навошта вам гэта?! Вы проста шукаеце смажаныя факты! Займіцеся іншымі тэмамі», – сказаў Пылаеў.
На фоне вайны ва Украіне «Хобі-Парк» істотна нарасціў абароты. У 2022 годзе выручка вырасла ў 11 разоў – да 59 мільёнаў рублёў. Але потым абароты сталі падаць. У 2024 годзе выручка знізілася на 35% – да 22 мільёнаў рублёў.