Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
TETERIN_MAIN

Аграімперыя Цяцерына

Нашыя сацсеткi

Як Лукашэнка зрабіў Сяргея Цяцерына аграбаронам на сваёй малой радзіме

Аўтары

Аляксандр Лукашэнка гадамі падаваў сваю малую радзіму – гарадскі пасёлак Копысь у Аршанскім раёне – як узорную «вёску будучыні». Туды вазілі дэлегацыі, паказвалі добраўпарадкаванне, адкрывалі рамесныя цэнтры і новыя вытворчасці – як доказ таго, што дзяржава ўмее ажыўляць правінцыю.

 

Але «Бюро» высветліла, што тады ж блізкі сябар Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Цяцерын у гэтай мясцовасці крок па кроку збіраў пад сябе зямлю, нерухомасць і вытворчасці.

 

Пад шыльдай фермерскай гаспадаркі ў трох суседніх пасёлках, Копысі, Хімах і Александрыі, узнікла прыватная аграімперыя – палі, сады, сыраварня, пякарня, мясаперапрацоўка – і заадно кіраванне дзяржаўнымі сельгасактывамі.

 

 

КОПЫСКАЕ АДРАДЖЭННЕ

У ліпені 2017 года Лукашэнка наведаў Копысь, сваю малую радзіму, і абвясціў яе ўзорам для пераўтварэння пасёлкаў ва ўсёй краіне. Заявіўшы, што ўлады «проста мусяць выратаваць» маленькія гарады і неперспектыўныя вёскі. Пасля гэтага Копысь паслядоўна ператваралі ў паказальную «вёску будучыні», якая дэманструе добраўпарадкаванне, лакальную прамысловасць і «ажыўленне рэгіёнаў».

 

Але які рэальны кошт «копыскага адраджэння»? Падлічыць яго наўпрост амаль немагчыма. «Бюро» знайшло некалькі прыкладаў і сумаў затрат на развіццё пасёлка з насельніцтвам у 600 чалавек.

 

Так, у снежні 2017 года ў рэспубліканскі бюджэт указам Лукашэнкі ўнеслі змены і з фонду нацыянальнага развіцця вылучылі на «развіццё Копысі» без малога 10 мільёнаў рублёў. І гэта толькі за адзін год. Або вось іншы праект, па перакідванні сцёкавых водаў з Копысі ў Оршу, бюджэт на 2019 – 2023 гады склаў крыху больш за 6 мільёнаў рублёў. Агулам 16 мільёнаў рублёў толькі ў двух вядомых выпадках.

 

Аднак у пабудове «вёскі будучыні» брала ўдзел не толькі дзяржава. Гісторыя стварэння аграімперыі лукашэнкаўскага сябра, які стаў у тым жа 2017 годзе кіраўніком федэрацыі тэніса, неаддзельная ад самой Копысі як палітычнага праекта ўладаў Беларусі.

 

«Бюро» сабрала і прааналізавала ўсе бізнэсы і валоданні «кашалька» і сябра Лукашэнкі Сяргея Цяцерына ў пасёлках Хімы, Копысь і Александрыя.

 

TETRIN

Сяргей Цяцерын. Крыніца: belta.by

 

 

СЯБРОЎСТВА З ЛУКАШЭНКАМ

Хто такі Сяргей Цяцерын? Былы спартовец і трэнер, які пазнаёміў Аляксандра Лукашэнку з вялікім тэнісам яшчэ ў 1990-я гады.

 

З тых часоў Цяцерын стаў адным з найбольш заўважных людзей з нефармальнага атачэння кіраўніка Беларусі, перажыўшы шмат іншых са старой світы Лукашэнкі. На працягу многіх гадоў ён рэгулярна з’яўляўся побач з Лукашэнкам: на спартовых мерапрыемствах, «Славянскім базары», разам яны касілі траву, збіралі кавуны і бульбу, удзельнічалі ў суботніках і секлі дровы.

 

TETERIN & LUKASHENKO

Сяргей Цяцерын і Аляксандр Лукашэнка на ўборцы кавуноў. Крыніца: belta.by

 

Любяць яны і выпіваць разам. У 2012 годзе на адпачынку Лукашэнкі ў Сочы Сяргей Цяцерын паведаміў яму пра перамогу Вікторыі Азаранкі на Australian Open – Лукашэнка ў адказ кінуўся яго абдымаць і крычаць «Налівай!». Падобная гісторыя паўтарылася пасля перамогі Арыны Сабаленкі на Australian Open у 2023 годзе, яны сядзелі за адным сталом, чокаліся, і Цяцерын прамовіў тост: «За краіну і прэзідэнта!»

 

Не абыходзілася і без падарункаў. Так, праз адну са сваіх кампаній Сяргей Цяцерын падарыў серабрысты Rolls-Royce 1954 года Службе бяспекі Лукашэнкі, яго кошт ацэньвалася на момант падарунку ў 100 тысяч долараў.

 

Паралельна сяброўству Сяргей Цяцерын займаў высокія пасады ў спартовай галіне і ўладнай вертыкалі: першы намеснік міністра спорту і турызму, памочнік прэзідэнта, дырэктар алімпійскага спарткомплекса «Раўбічы», віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, кіраўнік тэніснай федэрацыі Беларусі.

 

У чэрвені 2021 года бізнэсовец трапіў пад персанальныя санкцыі ЕС за сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам.

 

За гады сяброўства з Лукашэнкам Цяцерын стварыў цэлую сетку кампаній і разнастайных бізнэсаў. Кінабары, імпарт рознай прадукцыі, рэкламны рынак, дэзінфекцыя аўтамабіляў на мяжы, будаўніцтва, фермерская гаспадарка.

 

Нярэдка былы тэнісіст прасоўваў свае праекты праз асабістыя лісты да Лукашэнкі з просьбамі пра асаблівыя ўмовы. Роля Лукашэнкі ў гэтых бізнэсах палягала ў стварэнні рэжыму прывілей і выключнага доступу. Напрыклад, так Цяцерын атрымаў лукашэнкаўскім указам права на абавязковую дэзінфекцыю транспарту на мяжы.

 

Адным з праектаў бізнэсоўца стала і фермерская гаспадарка недалёка ад Копысі – роднай вёскі Аляксандра Лукашэнкі.

 

 

ЗБІРАННЕ ЗЕМЛЯЎ

Гісторыя фермерскай імперыі Сяргея Цяцерына пачынаецца ў Хімах, у невялікім пасёлку ўсяго за некалькі кіламетраў ад Копысі і рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Александрыі.

 

Паводле іроніі лёсу Хімы былі папярэднім пасёлкам, які павінен быў стаць «узорам для ўсёй краіны». Яшчэ ў далёкім 2011 годзе Аляксандр Лукашэнка абвясціў грандыёзныя планы па ператварэнні пасёлка Хімы да 2025 года ў месца росквіту і цэнтр аграпрамысловага комплексу. І так атрымалася, што гэтым аграпрамысловым комплексам стала ферма яго сябра – Сяргея Цяцерына.

 

У маі 2018 года Сяргей Цяцерын зарэгістраваў у Хімах фермерскую гаспадарку. Спачатку назваў яе сваім імем па бацьку «Сямёныч», але затым змяніў на болей празаічнае – «Старт ТС». І пачаў збіранне земляў.

 

Першы вядомы перададзены Цяцерыну ўчастак датуецца чэрвенем 2018 года – 0,5299 га каля вёскі Хімы «для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі», у пажыццёвае спадчыннае валоданне. За перадачу гэтай зямлі Цяцерын заплаціў 168 рублёў Аршанскаму хлебакамбінату. Усяго праз некалькі месяцаў, восенню 2018 года, Сяргей Цяцерын будзе збіраць кавуны і бульбу разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

 

Ужо на наступны года працэс далучэння земляў рэзка паскорыўся. За 2019 год Цяцерын атрымаў у пажыццёвае спадчыннае валоданне шэсць участкаў супольна на 13,3 га.

 

У 2020 годзе райвыканкам працягнуў перадаваць землі ў ваколіцах Цяцерыну. На гэты раз гэта былі ўчасткі агульнай плошчай 2,2319 га. Фермер кампенсаваў страчаную выгаду – на думку Аршанскага райвыканкама, яна склала 1 рубель 16 капеек.

 

Усяго мы налічылі 14 участкаў, перададзеных Сяргею Цяцерыну з 2018 па 2021 год у пажыццёвае спадчыннае валоданне, сукупнай плошчай амаль 30 гектараў.

 

Зямельна-кадастравы план дапаўняе карціну на мясцовасці. Аранжавым пазначаныя землі Цяцерына, зялёным – мяжа населенага пункта. Хімы амаль у кальцы.

ЗЯМЕЛЬНА-КАДАСТРАВЫ ПЛАН ВЁСКІ ХІМЫ АРШАНСКАГА РАЁНА
PLAN HIM

У 2022 годзе Лукашэнка прызнаўся, што гэта ён папрасіў бізнэсоўца Сяргея Цяцерына добраўпарадкаваць Хімы, і пахваліў яго за аднаўленне вёскі:

«Ён іх [участкі] выкупіў. Ідэальная вёска. Усё прывёў у парадак, гэтыя дамы аднавіў, недзе новыя пабудаваў. Людзі ў чарзе стаяць, каб туды прыехаць і адпачыць».

 

 

НЕРУХОМАСЦЬ У ХІМАХ І ОФІС ГАНАРОВАГА КОНСУЛА

Адной зямлёй Цяцерын не абмежаваўся. У сакавіку 2021 года на балансе СФГ «Старт ТС» ужо лічыўся цэлы комплекс участкаў і пабудоў.

 

У лісце, накіраваным гаспадаркай у Аршанскі філіял РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», ад 12 лютага 2021 года пералічаныя пяць аб’ектаў 2020 года пабудовы ў вёсцы Хімы з сумарным коштам на той момант 596 тысяч рублёў. Гэта дамы з лазнямі, альтанкамі, скляпамі і іншым.

 

Фермерская гаспадарка Сяргея Цяцерына валодае гэтай нерухомасцю ў арэнду, за якую штогод плаціць 52 рублі. Тэрміны арэнды ад 50 да 100 гадоў.

 

Сярод дакументаў, якія атрымала «Бюро», мы знайшлі перапіску, дамовы і плацежныя даручэнні паміж СФГ «Старт ТС» і РУП «Завод газетнай паперы». З іх відаць, што ў 2019 – 2020 гадах цяцерынская гаспадарка закупіла ў завода гатовыя будаўнічыя рашэнні: дамы, лазні, прыбудовы. Ключавыя дамовы афармляліся на СФГ «Старт ТС» як на пакупніка, аднак частку абавязанняў аплачваў асабіста Цяцерын як фізічная асоба.

 

Таксама Сяргей Цяцерын мае ўласную сядзібу ў Александрыі, па суседстве з рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. Участак у 0,2498 га ён атрымаў ад мясцовага выканкама яшчэ ў 2013 годзе. І аформлены ён у пажыццёвае спадчыннае карыстанне. Там знаходзіўся афіцыйны офіс Цяцерына як ганаровага консула Грузіі ў Беларусі. Але ў красавіку 2026 года стала вядома, што Сяргей Цяцерын больш не займае гэтую пасаду.

 

 

МЯСНЫЯ ПАРОДЫ ЗА БЮДЖЭТНЫЯ ГРОШЫ

«Старт ТС» займаецца не толькі забудовай участкаў, але і развівае садоўніцтва, пчалярства, вырошчвае бульбу.

 

У 2024 годзе фермерская гаспадарка Цяцерына спрацавала з выручкай у 2,6 млн рублёў і чыстым прыбыткаў крыху большым за 23 тысячы рублёў. У 2025 годзе яе ўнеслі ў дзяржаўную праграму інвестыцыйных праектаў, дзе для яе ўдзельнікаў прадугледзелі крэдыты «Банка развіцця» і магчымасць бюджэтных трансфертаў.

 

З часам «Старт ТС» перастала быць проста толькі шматпрофільнай фермерскай гаспадаркай. І пачала ператварацца ў галаўную кампанію аграімперыі. Пад кіраўніцтва структур сябра Лукашэнкі Сяргея Цяцерына завялі і дзяржаўныя сельгасактывы. У аператыўным кіраванні апынуліся як мінімум дзве гаспадаркі – «Межава-Агра» і «Зубрэвічы-Агра».

 

Перадачу Цяцерыну паднеслі як гісторыю «аздараўлення» праблемных актываў.

 

Абодва прадпрыемствы займаюцца вырошчваннем і ўтрыманнем чырвонай мясной жывёлы пароды лімузін. Паведамлялася пра планы закупіць 170 галоў каштоўнай мясной пароды – прычым палову кошту павінна была кампенсаваць дзяржава.

 

Сам Цяцерын анансаваў будаўніцтва двух сучасных комплексаў: на тэрыторыі «Межава-Агра» – на 1200 галоў, на тэрыторыі «Зубрэвічы-Агра» – мяснога, на 800 галоў. Згадваецца і маштаб «Межава-Агра»: каля 6 тысяч гектараў пашы, з іх прыкладна 4 тысячы планавалі заняць пад веснавую сяўбу, 2 тысячы гектараў – пад кукурузу на сілас і зерне і 500 гектараў – пад цукровыя буракі.

 

 

КІЛБАСА З МЯРЦВЯЧЫНЫ

Паралельна з’явілася асобная кампанія – «Межава Старт». Асноўны від дзейнасці – перапрацоўка і кансерваванне мяса. Сузаснавальнікі: Андрэй Кузьменка (былы дырэктар ААТ «Александрыйскае») і цяцерынская СФГ «Старт ТС» – па 50% у кожнага. З чэрвеня 2025 года ў фірмы дзейнічае ліцэнзія на рознічны гандаль алкаголем і тытунёвай прадукцыяй. Кампанія мае ўласную краму ў Оршы пад брэндам «Свой».

 

У 2024 годзе выручка склала 26,87 млн рублёў, чысты прыбытак – 1,6 мільёна рублёў.

 

Фірма рэгулярна ўсплывае ва ўнутраных і публічных паведамленнях органаў кантролю.

 

Так, яна фігуруе ва ўнутраным дакуменце УУС Віцебскага аблвыканкама, апублікаваным BelPol. Згодна з дакументам, службовыя асобы сельгасарганізацый некалькіх раёнаў утойвалі падзеж буйной рагатай жывёлы, здаючы фактычна дохлую жывёлу на «Межава Старт» пад выглядам жывой для наступнай перапрацоўкі. Па сутнасці, кампанія перарабляла падлу ў мясныя паўфабрыкаты.

 

Некалькі разоў кампанія згадвалася і ў заявах Рассельгаснагляду: у ейнай прадукцыі знаходзілі лістэрыі, з-за чаго Рассельгаснагляд абмяжоўваў пастаўкі ў Расію.

 

 

КАВЯРНЯ ДЗЕДА

Яшчэ адна цяцерынская кампанія – «Хімы Старт ТС». Кампанія з’явілася ў верасні 2024 года. 100% долі мае цяцерынская СФГ «Старт ТС».

 

Паводле звестак гандлёвага рэестра, у маі 2025 года кампанія зарэгістравала кавярню «У Трафіма». У той жа «Старт ТС» ёсць уласны алкаголь пад назвай «Дзед Трафім». Так звалі дзеда Аляксандра Лукашэнкі. У яго ж гонар названая Трафімава крыніца ў Александрыі, куды беларускі кіраўнік вадзіў Уладзіміра Пуціна падчас візіту ў Беларусь.

 

Юрыдычнае жыццё кампаніі аказалася кароткім. У жніўні 2025 года таварыства спыніла дзейнасць шляхам далучэння да СФГ «Старт ТС», а ў сакавіку 2026-га кавярня была перапісаная на асноўную кампанію.

 

 

СЫРНАЯ КОСКА

Але не мясам адзіным. У кастрычніку 2023 года ў Копысі на вуліцы Кастрычніцкай Цяцерын зарэгістраваў прадпрыемства «Мілккап Старт». Гэта падавалася як грандыёзная падзея, нібыта ў Копысі «адрадзілі» вытворчасць сыроў. Але фактычна адраджэнне пачалося нашмат раней – і нават пры іншай кампаніі.

 

Кампаніяй-папярэдніцай быў «Савушкаў прадукт», які належаў іншаму «кашальку» Лукашэнкі – Аляксандру Машэнскаму. Яшчэ ў 2018 годзе ў склад новастворанай кампаніі «Савушкаў-Орша» ўвайшоў «Аршанскі гарлачык» з дзвюма пляцоўкамі – у Оршы і Копысі.

 

Да жніўня 2020 года прэса прэзентавала «Савушкаў-Орша» як новую высокатэхналагічную пляцоўку, фактычна наноў створаную на месцы былога Аршанскага малочнага камбіната. Агульная сума інвестыцый у «Савушкаў-Орша» з пляцоўкамі ў Оршы і Копысі з моманту набыцця склала 41,3 мільёна долараў, а да канца 2020 года мусіла перавысіць 45 мільёнаў долараў.

 

Калі раней копыскі сырны цэх выпускаў звычайныя паўцвёрдыя сыры, то пры «Савушкаве» там пачалі рабіць новы прадукт – цвёрдыя крафтавыя «Сыры з Александрыі». У жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка наведаў пляцоўкі «Савушкаў-Орша». Ці быў у маршруце менавіта копыскі цэх – не паведамлялася. У гэтыя гады СФГ «Старт ТС» Сяргея Цяцерына супрацоўнічала з «Савушкаў-Орша» і выпускала на іх магутнасцях сыр сулугуні.

 

Але ўжо пад канец 2023 года копыскі цэх раптоўна стаў «былым цэхам» «Савушкаў-Орша» і перайшоў да кампаніі «Мілккап Старт». Адзіны ўладальнік новай юрыдычнай асобы – цяцерынская СФГ «Старт ТС».

 

Пасля змены ўладальніка змянілася і прадуктовая лінейка. Калі пры «Савушкаве» ў Копысі рабілі цвёрдыя крафтавыя сыры, то пры цяцерынскім уладаранні лінейка спрасцілася. Цяпер там вырабляюць розныя віды сулугуні, а таксама сыр «Пасма» (рус. «Прядь»).

 

Да снежня 2024 года «Мілккап Старт» стаў згадвацца як адзін з праектаў ініцыятывы «Адзін раён – адзін праект», удзельнікі якой могуць атрымліваць льготныя крэдыты ад «Банка развіцця».

 

Кампанія скончыла 2024 год з выручкай у чатыры мільёны рублёў і чыстым прыбыткам у 10 тысяч беларускіх рублёў.

 

Таксама прадпрыемству перадалі памяшканне былой копыскай пякарні – «адрадзіць» вытворчасць мясцовага хлеба. На адкрыцці ў студзені 2025 года дзяржпрэса пісала, што кампанія Цяцерына за свой кошт адрамантавала і абсталявала аб’ект, уклаўшы каля 500 тысяч рублёў.

 

У красавіку 2025 года Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць «нечакана» дапоўніў маршрут і заехаў на сырную вытворчасць Цяцерына. І застаўся незадаволеным убачаным. Лукашэнка запатрабаваў дэтальнай праверкі з удзелам санэпідэмслужбы і іншых спецыялістаў, а Камітэту дзяржкантролю даручыў разабрацца, якія сродкі інвестар уклаў у прадпрыемства.

«10-15 гадоў таму пабудавалі, добрае прадпрыемства і абсталяванне сучаснае. Бяры малако, перапрацоўвай, сыры прадавай. Вунь у Расіі з рукамі, нагамі [забіраюць]. Зарабляйце грошы. Дык яны ж мне адкрыта маняць. Пытаюся, а колькі можаце перапрацаваць? – 200 тонаў. А перапрацоўваюць 60. Ды нічога падобнага! Там былі жульніцкія схемы. Не 60 перапрацоўваюць там, а дзве тоны за суткі. А астатняе малако, што атрымлівалі, перапрадавалі і на гэтым зараблялі. А гэта як называецца? Ну гэта мы найбліжэйшым часам разбярэмся», – заявіў на нарадзе Лукашэнка неўзабаве пасля візіту ў Копысь.

Ужо ў ліпені 2025 года ў прадпрыемства змяніўся дырэктар, а ў жніўні таго ж года «Мілккап Старт» далучылі да цяцерынскай «Старт ТС». Вытворчасць сыру і пякарню перапісалі на галаўную фермерскую кампанію Цяцерына.

 

Такім чынам, гісторыя «копыскага адраджэння» аказваецца гісторыяй двух паралельных працэсаў.

 

Пакуль рэспубліканскі бюджэт уліваў мільёны рублёў у інфраструктуру пасёлка, а чыноўнікі вазілі дэлегацыі глядзець на «вёску будучыні», блізкі да Лукашэнкі Сяргей Цяцерын метадычна збіраў пад сябе зямлю за сімвалічныя кампенсацыі, паглынаў вытворчасці і ўбудоўваў дзяржаўныя сельгасактывы ва ўласную сетку кампаній.

 

Імперыя Цяцерына будавалася дзякуючы спрыянню ўлады – праз ільготны доступ да зямлі, перадачу дзяржгаспадарак у «аператыўнае кіраванне» і візіты самога Лукашэнкі на «сяброўскія» вытворчасці.

Даданні па тэме