Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
DOM MOSKVY_MAIN

Рускі свет з дастаўкай дадому

Нашыя сацсеткi

Як маскоўскія ўлады прасоўваюць крамлёўскія інтарэсы ў Беларусі

Аўтары

Цёплым травеньскім днём у самым цэнтры Мінска сабраліся ўдзельнікі «Руху Саюз», якія праводзяць акцыі па раздачы георгіеўскіх стужак і збіраюць гуманітарку для расійскіх ваенных. На сходзе яны абмяркоўвалі актуальныя пытанні, абменьваліся досведам і будавалі планы на будучыню. Сустрэча праходзіла за закрытымі дзвярыма ў Доме Масквы ў Мінску.

 

Паводле задумы ўладаў, культурна-дзелавы цэнтр павінен быў стаць бізнэс-мостам паміж сталіцамі дзвюх краін, але на справе больш вядомы як рассаднік рускага свету. Гэтая ідэалогія лічыцца агрэсіўнай і накіраванай на ўсталяванне новага міжнароднага парадку, які забяспечыў бы Расіі дамінуючае становішча ў свеце. Пад дахам Дома Масквы ў Мінску рэгулярна праходзяць прапагандысцкія мерапрыемствы і збіраюцца пракрамлёўскія актывісты накшталт удзельнікаў «Руху Саюз».

 

DOM MOSKVY

Дом Масквы ў Мінску. Крыніца: facebook.com

«Дом Масквы ў Мінску з’яўляецца элементам мяккай сілы Крамля і важны як пляцоўка для размяшчэння розных ініцыятыў, правядзення мерапрыемстваў, сустрэч і іншых актыўнасцяў у Беларусі», – зазначыў у размове з «Бюро» старэйшы аналітык міжнароднай ініцыятывы iSANS Ян Аўсеюшкін.

Дацкая грамадская тэлерадыёкампанія атрымала ад крыніцы архіў з больш як 270 тысяч лістоў Маскоўскага дома суайчынніка (МДС) і падзялілася звесткамі з «Бюро». Уцечка пралівае святло на актыўнасць расійскай мяккай сілы ў розных краінах, у тым ліку ў філіяле МДС у Беларусі – Доме Масквы ў Мінску.

«Масква не складае ўсе яйкі ў адзін кошык і выбудоўвае свае сеткі ўплыву ў абыход Аляксандра Лукашэнкі на той выпадак, калі ён зноў паспрабуе манеўраваць або раптоўна апынецца не пры справах», – дадаў Аўсеюшкін.

«Бюро» вывучыла дакументы з уцечкі, даследавала афіцыйныя сайты і паблікі, пагаварыла з экспертамі. Мы раскажам, як маскоўскія ўлады прасоўваюць свае геапалітычныя інтарэсы ў Беларусі і колькі трацяць на гэта грошай.

 

 

«КАДРЫ ВЫРАШАЮЦЬ УСЁ»

Маскоўскі дом суайчынніка – гэта дзяржаўная арганізацыя, якая працуе з рускамоўнай дыяспарай за мяжой. У Беларусі яна дзейнічае праз прадстаўніцтва – Дом Масквы ў Мінску. Чатырохпавярховы будынак у стылі рускай сядзібы XIX стагоддзя размешчаны недалёка ад Свіслачы, у самым сэрцы Мінска. Як паведамлялі СМІ, яго пабудавалі з ініцыятывы мэра Масквы Юрыя Лужкова амаль 20 год таму. Праект падтрымаў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго аздабленнем беларускай сталіцы.

 

Сярод кіраўніцтва Дома Масквы ў Мінску – спецыфічныя фігуры. У МДС паведамілі «Бюро», што прызначаюць кіраўнікоў прадстаўніцтваў «на падставе прафесійнага досведу, кіраўніцкіх кампетэнцый, ведання спецыфікі міжнароднага і міжрэгіянальнага гуманітарнага супрацоўніцтва, а таксама вынікаў службовай дзейнасці».

 

Доўгі час Дом Масквы ў Мінску ўзначальваў былы дэсантнік, генерал-маёр запасу Алег Чарнавус. Хоць нарадзіўся ён у Беларусі, практычна ўсё ягонае жыццё звязанае з расійскай арміяй. Як паказваюць дакументы з уцечкі, Чарнавус браў удзел у другой чачэнскай вайне і ў вайне Расіі супраць Грузіі. Даслужыўся да намесніка начальніка штаба паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расіі. Сышоўшы з арміі, кіраваў Домам Масквы ў Мінску. У размове з «Бюро» ён адмовіўся каментаваць сваю працу на гэтай пасадзе.

 

CHERNOUS

Алег Чарнавус. Крыніца: mkdc.by

«Крэмль у цэлым успрымае мяккую сілу як натуральны працяг спецыяльных аперацый уплыву, якімі займаюцца сілавыя структуры. Таму цалкам лагічна, што на кіраўнічыя пасады будуць прызначацца людзі з ваенным або спецслужбісцкім бэкграўндам», – зазначыў Аўсеюшкін.

Цяперашні дырэктар Уладзімір Стручкоў прыехаў у Беларусь з анэксаванага Крыма. Там ён узначальваў Дом Масквы ў Севастопалі і быў дэпутатам Севастопальскага гарадскога савета ад партыі «Рускі блок». Украінскія СМІ паведамлялі, што ў сакавіку 2014 года Стручкоў галасаваў за правядзенне рэферэндуму аб уваходжанні Севастопаля ў склад Расіі. Узнагароджаны памятным медалём, прымеркаваным да расійскай анэксіі Крыма. Знаходзіцца пад санкцыямі Украіны.

 

STRUCHKOV

Уладзімір Стручкоў. Крыніца: russkiymir.ru

«У выпадку Стручкова таксама бачны зразумелы патэрн. Анэксіі Крыма папярэднічала доўгая карпатлівая праца па ўплыве на мэтавую краіну і рэгіён, усталяванні асабістых нефармальных кантактаў і даверных сувязяў. Расійскія спецслужбы апрацоўвалі эліты, палітыкаў, сілавы блок. Дастаткова прыгадаць, што крымскае ўпраўленне СБУ практычна ў поўным складзе перайшло на бок акупантаў. Падобная сітуацыя была з Міністэрствам унутраных спраў і Узброенымі сіламі. І сваю ролю ў гэтым сыгралі арганізацыі накшталт Дома Масквы, якія выступілі пунктам зборкі для лаяльных Расіі службоўцаў і звычайных грамадзян», – сказаў старэйшы аналітык iSANS.

 

 

МІЛЬЁНЫ НА БЕЛАРУСЬ

Сёлета маскоўскія ўлады планавалі выдаткаваць на ўтрыманне Дома Масквы ў Мінску больш за 20 мільёнаў расійскіх рублёў.

ПРАЕКТ КАШТАРЫСА ВЫДАТКАЎ НА ЎТРЫМАННЕ ДОМА МАСКВЫ Ў МІНСКУ
PLAN_1
PLAN_2
PLAN_3
PLAN_4
PLAN_5
PLAN_6

У папярэднія гады выдаткі былі супастаўнымі. Грошы ідуць на выплату падатку на маёмасць, тэхнічнае абслугоўванне, камунальныя паслугі, але большая частка – на зарплаты персаналу. Гэта каля 40% усіх запланаваных выдаткаў на гэты год. Паводле апошніх звестак, у Доме Масквы ў Мінску працуе прыкладна 30 чалавек.

 

У сеціве ёсць усяго адно інтэрв’ю цяперашняга дырэктара Дома Масквы ў Мінску пра іх дзейнасць. У ім Уладзімір Стручкоў хваліцца, што ў 2024 годзе на іх пляцоўцы прайшло больш за 70 мерапрыемстваў, якія наведалі звыш 12 тысяч чалавек. Сярод падзей – выставы, канцэрты, фестывалі, спектаклі, творчыя сустрэчы, канферэнцыі, круглыя сталы, майстар-класы і іншае. Ва ўцечцы мы знайшлі больш падрабязнасцяў пра тайную місію Маскоўскага дома суайчынніка і іх бюджэт.

 

З году ў год у Доме Масквы ў Мінску адзначаюць Новы год, Дзень абаронца Айчыны, Масленіцу, Міжнародны жаночы дзень, Дзень касманаўтыкі, Дзень народнага адзінства і іншыя святы. Традыцыйнымі таксама сталі міжнародны літаратурны фестываль «Славянская ліра», міжнародная канферэнцыя «Захаванне, падтрымка і прасоўванне рускай культуры і мовы за мяжой», беларуская рэспубліканская канферэнцыя грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў, урачыстасці з нагоды перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і іншыя падзеі.

 

GRYZLOV

Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў выступае ў Доме Масквы ў Мінску. Крыніца: belarus.mid.ru

 

На мерапрыемствы ў маскоўскім урадзе прадугледжаны асобны бюджэт. У 2021 годзе Маскоўскі дом суайчынніка выдаткаваў на Беларусь больш за 32 мільёны расійскіх рублёў. У 2022 годзе траты перавысілі 41 мільён расійскіх рублёў, што склала пятую частку ад усяго бюджэту МДС. Гэта больш, чым вылучылі на правядзенне мерапрыемстваў у Ерэване і Сухуме, дзе таксама дзейнічаюць дамы Масквы.

ПЛАН МЕРАПРЫЕМСТВАЎ У МЕЖАХ ДЗЯРЖАЎНАГА ЗАДАННЯ ДАУ «МАСКОЎСКІ ДОМ СУАЙЧЫННІКА» НА 2022 ГОД
PLAN_2022_1
PLAN_2022_2
PLAN_2022_3

У 2023 годзе запланаваныя расходы МДС на Беларусь перавысілі 34 мільёны расійскіх рублёў.

 

У Маскоўскім доме суайчынніка адмовіліся каментаваць і называць канкрэтныя бюджэты на мерапрыемствы ў Беларусі на запыт «Бюро». У арганізацыі толькі паведамілі, што фінансаванне ажыццяўляецца «ва ўстаноўленым парадку і ў межах зацверджаных планаў», а ўсе выдаткі праходзяць фінансавы кантроль і аўдыт. Грошы ідуць на арганізацыю мерапрыемстваў, транспартнае і тэхнічнае суправаджэнне, арэнду абсталявання і памяшканняў, выдавецкую дзейнасць, інфармацыйнае суправаджэнне і іншыя мэты. У Доме Масквы ў Мінску не адказалі на наш запыт.

 

 

РУСКІ СВЕТ У БЕЛАРУСІ

З выгляду звычайныя мерапрыемствы ў справаздачах маскоўскага ўрада абрастаюць канкрэтнымі мэтамі: падтрымліваць рускую мову і культуру, захаваць агульную ідэнтычнасць і гістарычную памяць, змагацца з русафобіяй і антырасійскімі настроямі. Важная місія – кансалідаваць і інтэграваць рускамоўнае насельніцтва за мяжой у прастору так званага рускага свету.

 

Такія падыходы выдатна ўпісваюцца ў канцэпцыю гуманітарнай палітыкі Расіі за мяжой, якую Уладзімір Пуцін зацвердзіў пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Сярод асноўных задач – узмацненне ролі рускай мовы, прасоўванне рускай культуры і абарона ідэалаў рускага свету.

«У выпадку з Расіяй трэба ўлічваць, што яе актыўнасць выходзіць далёка за межы простай падтрымкі рускай культуры і рускай мовы, што ў Беларусі, дзе і так большасць насельніцтва свабодна валодае рускай мовай, з’яўляецца збыткоўным. Крэмль бачыць мяккую сілу як адзін з інструментаў трансфармацыі Беларусі і ўтрымання ў сваёй арбіце ўплыву, а ў выпадку неабходнасці – непасрэднага паглынання», – падкрэсліў Аўсеюшкін.

Асаблівую ўвагу Маскоўскі дом суайчынніка надае працы з моладдзю. Для яе праводзілі форумы, круглыя сталы, журналісцкія, кар’ерныя і лідарскія школы. На думку маскоўскіх уладаў, маладое пакаленне «ў недалёкай будучыні будзе вызначаць аблічча, аўтарытэт і пазіцыі расійскіх дыяспар за мяжой».

 

PIONERY

Прыняцце ў піянеры ў Доме Масквы ў Мінску. Крыніца: mkdc.by

 

Расійскія чыноўнікі ставяць за мэту, каб гэтая моладзь, застаючыся паўнапраўнымі грамадзянамі Беларусі, умацоўвала сваю сувязь з Расіяй і яе культурай. Упор – на выхаванні патрыятызму.

«Урад Масквы надае вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню перадусім маладога пакалення, плануючы і праводзячы мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з фальсіфікацыяй гісторыі і агульнапрызнаных вынікаў Другой сусветнай файны, супраць спробаў гераізацыі нацызму і прапаганды неанацызму», – сказана ў даведцы аб працы МДС.

Ідэалагічны складнік – гэта скразны элемент амаль усёй дзейнасці Дома Масквы ў Мінску. Асабліва заўважным ён стаў пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

«Нягледзячы на агульную лаяльнасць і залежнасць ад Крамля, рэжым Лукашэнкі захоўвае пэўную аўтаномію. Пра яе ступень можна спрачацца, але тое, што яна ёсць, – факт. І не ўсе з рашэнняў, якія прымаюцца, адпавядаюць інтарэсам Крамля на 100%. Разыходжанні праяўляюцца там, дзе з’яўляецца пагроза выжыванню беларускага рэжыму. Напрыклад, гэта добра заўважна ў асвятленні вайны Расіі супраць Украіны, у змяненні танальнасці прапаганды, адаптацыі расійскіх наратываў пад патрэбы афіцыйнага Мінска. Акрамя таго, заўважныя спробы выбудоўвання дыстанцыі ад рускага свету. Таму Крамлю неабходна працаваць з беларускай аўдыторыяй непасрэдна, наўпрост, без «скажэння сігналу». Напрыклад, важнай тэмай была легітымацыя акупаваных украінскіх тэрыторый, Данбаса і Крыма, – тое, чаго Мінск апошнімі гадамі пазбягаў. Або гларыфікацыя ўдзельнікаў вайны супраць Украіны», – сказаў Аўсеюшкін.

У ліпені 2023 года ў Доме Масквы ў Мінску ўпершыню праходзілі Дні Крыма ў Беларусі. Як пісалі СМІ, на іх прэзентавалі турыстычны, эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял анэксаванага паўвострава, хаця афіцыйна беларускія ўлады так і не прызналі яго часткай Расіі. Пасля такія Дні Крыма сталі ў Беларусі рэгулярнымі.

 

У снежні 2023 года ў Доме Масквы ў Мінску адкрылася выстава «Звычайны нацызм», дзе прасоўвалі расійскія прапагандысцкія наратывы пра «злачынствы ўкраінскіх неанацыстаў» на Данбасе. На адкрыцці выставы дырэктар Службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін заявіў, што «ачаг украінскага неанацызму, стварэнню якога ў многім спрыялі мэтанакіраваныя дзеянні Вашынгтона і іншых заходніх рэжымаў, з’яўляецца сапраўднай пагрозай для Расіі і Беларусі».

 

NARYSHKIN

Кіраўнік СЗР Расіі Сяргей Нарышкін (у цэнтры) на выставе ў Доме Масквы ў Мінску. Крыніца: sb.by

 

Шмат увагі надаецца савецкай спадчыне і Другой сусветнай вайне. У Расіі лічаць сябе галоўнымі наследнікамі перамогі і праводзяць паралелі з цяперашняй вайной ва Украіне.

«Спецыяльная ваенная аперацыя, якую праводзіць Расія [так у Расіі называюць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну], з’яўляецца прамым працягам той барацьбы за праўду і гістарычную справядлівасць, якую нашыя продкі вялі на франтах Вялікай Айчыннай», заявіў у Доме Масквы ў Мінску пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў у траўні гэтага года.

 

 

З НЕВЯДОМЫМ ВЫНІКАМ

Маскоўскі дом суайчынніка ацэньвае эфектыўнасць Дома Масквы ў Мінску паводле некалькіх паказчыкаў: колькасць мерапрыемстваў, геаграфія ўдзельнікаў, узровень прадстаўніцтва экспертнай супольнасці, запатрабаванасць праграм МДС сярод дыяспары, а таксама ўстойлівасць сфармаваных гуманітарных і прафесійных сувязяў.

«Практыка паказвае высокі ўзровень зацікаўленасці ўдзельнікаў і партнёраў у працягу сумеснай працы, што сведчыць пра запатрабаванасць праектаў, якія рэалізуюцца», – адзначылі ў МДС, адмовіўшыся прывесці канкрэтныя прыклады эфектыўнай працы.

Калі меркаваць па колькасці падпісчыкаў і праглядаў у сацыяльных сетках, то расійская мяккая сіла ў Беларусі мае не такую ўжо і вялікую базу падтрымкі, сказаў у размове з «Бюро» дарадца беларускай апазіцыйнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, гісторык Павел Церашковіч, які даследуе ўплыў ідэалогіі рускага свету ў Беларусі.

«Але, магчыма, ім гэта не так ужо і цікава. Іх больш цікавіць кансалідацыя тых, хто ўжо адгукнуўся. Ну і плюс яны ж працуюць не толькі ў медыяпрасторы, яны шукаюць сабе партнёраў [у Беларусі]», – зазначыў Церашковіч.

Падобнага меркавання прытрымліваецца Ян Аўсеюшкін з міжнароднай ініцыятывы iSANS. Паводле яго слоў, прамую эфектыўнасць расійскай мяккай сілы ў Беларусі ацаніць цяжка, але за апошнія гады яе дзейнасць заўважна пашырылася.

«Частка мерапрыемстваў з’яўляюцца фармальнымі і афіцыёзнымі, якія не прыцягваюць шырокую аўдыторыю. Большасць наведнікаў – і без таго індактрынаваныя людзі, якія з’яўляюцца членамі невялікіх супольнасцяў і арганізацый. Але калі глядзець шырэй, на ўсю інфраструктуру мяккай сілы, то за апошнія чатыры гады іх праца стала больш маштабнай і сістэмнай», – сказаў эксперт.

Паводле яго слоў, праца ідзе з рознымі мэтавымі групамі – чыноўнікамі, бізнэсам, медыя, сілавікамі, моладдзю, грамадскімі работнікамі, а канкрэтнымі напрамкамі з’яўляюцца эканамічнае супрацоўніцтва, дзяржаўнае кіраванне, адукацыя і ідэалогія, інфармацыйная палітыка, гістарычная памяць.

 

Аўсеюшкін лічыць, што крамлёўскую мяккую сілу па ступені ўздзеяння нельга параўнаць са стратэгічнай залежнасцю Беларусі ад Расіі ў сферы эканомікі і бяспекі, але яна грае сваю ролю як дадатковы элемент для ўцягвання мэтавых груп.

«Яны ствараюць вельмі шырокую базу [падтрымкі], але невядома, наколькі яна трывалая», – зазначыў у сваю чаргу Церашковіч.

 

 

НА ПАДРАДЗЕ Ў МАСКВЫ

Працуючы над матэрыялам, мы знайшлі цікавыя дакументы аб адным з важных партнёраў Маскоўскага дома суайчынніка ў Беларусі. Некаторыя мерапрыемствы МДС перадаручаў мінскаму Цэнтру сучасных сацыяльных тэхналогій (ЦССТ). Усяго ва ўцечцы мы знайшлі 13 кантрактаў, згодна з якімі гэтая беларуская арганізацыя ўзяла на сябе абавязанні правесці разнастайныя мерапрыемствы на замову МДС у 2021–2023 гадах.

ДАГАВОР АПЛАТНАГА АКАЗАННЯ ПАСЛУГ ПАМІЖ МДС І ЦССТ АД 12 КАСТРЫЧНІКА 2022 ГОДА
DOGOVOR_1
DOGOVOR_2
DOGOVOR_3
DOGOVOR_4
DOGOVOR_5
DOGOVOR_6
DOGOVOR_7

Сярод іх – фестываль расійскага кіно, навагодні паказ для дзяцей, фестываль «Славянская ліра», кніжная выстава, моладзевая школа грамадзянскай журналістыкі «Медыясфера», святкаванне Дня абаронца Айчыны, Міжнароднага жаночага дня, Масленіцы, Дня Расіі, Дня горада Масквы, Дня народнага адзінства і іншых. Сума кантрактаў склала амаль 19 мільёнаў расійскіх рублёў. Тагачасны дырэктар ЦССТ Юрый Герасічкін пацвердзіў супрацоўніцтва з МДС, але адмовіўся казаць пра дэталі.

 

У МДС растлумачылі выбар падрадчыкаў «наяўнасцю неабходнага досведу, прафесійных кампетэнцый, арганізацыйных рэсурсаў і здольнасці забяспечыць якаснае правядзенне мерапрыемстваў ва ўстаноўленыя тэрміны».

«Супрацоўніцтва з падрадчыкамі носіць выключна працоўны і праектны характар і абумоўленае неабходнасцю вырашэння канкрэтных арганізацыйных задач», – зазначылі ў Маскоўскім доме суайчынніка.

Цэнтр сучасных сацыяльных тэхналогій з’явіўся амаль дзесяць год таму. Арганізацыя займаецца правядзеннем канферэнцый і выставаў. ЦССТ заснаваў Сяргей Лушч. Гэта лідар таго самага «Руху Саюз», які мы згадвалі ў самым пачатку.

 

LUSCH

Сяргей Лушч (у цэнтры) у Запарожскай вобласці. Крыніца: souyz.by

 

У адным з дакументаў МДС яго называюць «героем скандальных рэпартажаў». Рэч у тым, што ў маладосці Лушч, як паведамлялі СМІ, быў звязаны з неапаганскімі праварадыкальнымі групоўкамі, а створаная ім арганізацыя «Русь маладая» супрацоўнічала з неанацыстамі з «Рускага вобраза».

 

Пасталеўшы, Лушч пайшоў у вялікую палітыку. На хвалі пратэстаў 2020 года ён спрабаваў стварыць у Беларусі прарасійскую партыю «Саюз», але Мінюст Беларусі адмовіў у рэгістрацыі. У выніку «Русь маладую» перайменавалі ў «Рух Саюз». І гэта цяпер асноўная арганізацыя, ад якой публічна выступае Лушч. Ён не раз вазіў гуманітарку расійскім ваенным на перадавую. Акрамя таго, ён выступае за «ўз’яднанне братніх народаў Беларусі і Расіі» і атрымаў медаль ад Уладзіміра Пуціна за ўдзел у агульнарасійскай акцыі, якая засяроджаная «на падтрымцы ўдзельнікаў СВА».

 

Раней мы расказвалі, як Лушч атрымліваў гранты ад яшчэ адной расійскай арганізацыі – Фонду падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой (Праўфонду). Заходнія спецслужбы лічаць яе псеўдаправаабарончай арганізацыяй, якая выкарыстоўваецца для правядзення аперацый уплыву за мяжой – прапаганды, дэзінфармацыі, вярбоўкі. З 2021 па 2024 год гэты фонд вылучыў больш за 20 мільёнаў расійскіх рублёў на запуск і працу Цэнтра прававых кансультацый у Мінску, які курыруе Лушч.

 

Як паказала нашае расследаванне, іншая арганізацыя прарасійскага актывіста атрымлівала грошы і ад Маскоўскага дома суайчынніка. Сяргей Лушч не адказаў на нашыя званкі. Мы накіравалі яму запыт, але не атрымалі адказу.

 

На сайце лушчаўскага «Руху Саюз» сказана пра шматгадовае і плённае супрацоўніцтва з прадстаўніцтвам МДС у Беларусі – Домам Масквы ў Мінску. МДС каардынуе сваю працу за мяжой не толькі з Праўфондам, але таксама з Міністэрствам замежных спраў Расіі і іншымі структурамі мяккай сілы Расіі.

«Усе гэтыя структуры так званай мяккай сілы – гэта падрыхтоўка да акупацыі [Беларусі]. Таму што было б поўным абсурдам казаць, што ў Беларусі неабходна нейкім чынам абараняць рускую культуру або рускую мову. <...> Цалкам ясна, што гаворка ідзе не пра мову і не пра культуру, а пра ўладу. Па сутнасці, ідзе вярбоўка будучых калабарацыяністаў, якія павінны дапамагаць будучай акупацыйнай уладзе ў Беларусі», – зазначыў Павел Церашковіч.

Міжнародныя эксперты лічаць, што менавіта паслядоўная і доўгатэрміновая праца расійскай улады па падтрымцы сваёй мяккай сілы ва Украіне заклала падмурак для наступнай анэксіі Крыма і часткі Данбаса.

Даданні па тэме