Беларускі Kent і Lucky Strike. Хто стаіць за новым вытворцам цыгарэт пад сусветнымі брэндамі?
Новая тытунёвая кампанія «Этэрна Прайм» звязаная з расійскім дыстрыб’ютарам цыгарэт пад брэндамі карпарацыі British American Tobacco, высветліла «Бюро».
«Этэрна Прайм» з’явілася ў сакавіку 2025 года, а ў лістападзе таго ж года атрымала ліцэнзіі на вытворчасць, захоўванне і гуртовы гандаль тытунёвымі вырабамі. Сёлета кампанія аформіла сертыфікаты бяспекі на серыйны выпуск цыгарэт пад маркамі Kent, Rothmans, Pall Mall, Lucky Strike, Dunhill. Міністэрства па падатках і зборах Беларусі апублікавала максімальныя раздробныя цэны на гэтыя маркі.
Брэнды Kent, Rothmans, Pall Mall, Lucky Strike, Dunhill належаць брытанска-амерыканскай карпарацыі British American Tobacco (BAT), і раней прадукцыя пад гэтымі брэндамі выпускалася на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман». Але пасля пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе BAT заявіла аб продажы бізнэсу ў Расіі і Беларусі.
«Пасля завяршэння продажу нашага бізнэсу ў Расіі і Беларусі ў верасні 2023 года мы больш не ажыццяўляем дзейнасць і не прадстаўленыя ў Расіі або Беларусі», – паведамілі «Бюро» ў тытунёвай карпарацыі.
Пакупніком бізнэсу выступіў кансорцыум на чале з былымі менеджарамі BAT у Расіі.
«Ён [кансорцыум] з’яўляецца незалежным ад групы BAT і адказвае за вядзенне бізнэсу адпаведных кампаній. Група BAT не кантралюе і не ўплывае на гэтую дзейнасць і не атрымлівае ніякай фінансавай выгады ад продажу якой-небудзь прадукцыі на гэтых рынках», – падкрэслілі ў тытунёвай карпарацыі.
У Расіі новы бізнэс прадстаўлены групай кампаній ITMS. У Беларусі дзейнічае яе даччыная кампанія – «МПМТ Бі Уай». Яна мае ліцэнзіі толькі на гуртовы і раздробны гандаль тытунёвымі вырабамі, у той час як «Этэрна Прайм» атрымала ліцэнзію на вытворчасць цыгарэт. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра маркі BAT.
«Пры набыцці нашага бізнэсу ў Расіі і Беларусі пакупнік набыў пэўныя таварныя знакі і можа выкарыстоўваць іх на гэтых рынках пры выкананні пэўных патрабаванняў», – зазначылі ў BAT.
Адзіны ўладальнік «Этэрна Прайм» – расіянін Мікалай Весялоўскі. Як высветліла «Бюро», раней гэты бізнэсовец працаваў у групе кампаній «СНС». Да вайны ва Украіне яна займалася дыстрыбуцыяй цыгарэт BAT у Расіі, а цяпер гандлюе прадукцыяй ITMS. Мікалай Весялоўскі адмовіўся ад каментараў. У «Этерна Прайм» і групе кампаній ITMS не адказалі на запыт.
«Этэрна Прайм» не мае ўласных вытворчых магутнасцяў у Беларусі, а яе офіс знаходзіцца праз дарогу ад Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Хутчэй за ўсё, цыгарэты пад брэндамі BAT выпускаюць менавіта там.
Варта зазначыць, што ГТФ «Нёман» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і ЕС. Пад заходнія абмежаванні падпалі і іншыя тытунёвыя прадпрыемствы Беларусі.
Так, кампанія «Тытунь-Інвест», а таксама яе ўладальнікі Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Раней на іх фабрыцы ў Мінску выпускалі цыгарэты пад брэндамі Camel, Winston, Sobranie, якія належаць кампаніі Japan Tobacco International. Але ў 2023 годзе міжнародны вытворца цыгарэт разарваў стасункі з «Тытунь-Інвест».
Кампанія «Інтэр Табакка» і яе бенефіцыяр Аляксей Алексін знаходзяцца пад санкцыямі ЗША і ЕС. Раней на яго фабрыцы выпускалі цыгарэты пад брэндамі Marlboro, Parliament і L&M, якія належаць кампаніі Philip Morris International. Гэты сусветны вытворца таксама сышоў з Беларусі пасля ўвядзення санкцый.