Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Курыныя лапкі Шэймана

У бізнэс-імперыі Віктара Шэймана з’явілася новая кампанія – ЗАТ «ГБК – Шаўковы шлях». Яна была зарэгістраваная ў 2020 годзе, а ўжо ў 2021-м размясцілася ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск». Гэтая фірма аказалася вельмі прыбытковай – за два апошнія гады яна выплаціла сваім акцыянерам 33,5 мільёна рублёў дывідэндаў.

 

Кампанія з’яўляецца лагістычным хабам, асноўная мэта якога – экспарт мясной прадукцыі і субпрадуктаў у Кітай і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Напрыклад, курыныя лапкі кампанія закупляе ва Узбекістане, а потым перапрадае далей у іншыя краіны. Вось як яны пішуць пра сябе на сайце:

«Мясаперапрацоўчым прадпрыемствам мы прапаноўваем прасоўванне іх прадукцыі на рынкі Кітая, а спажыўцам у Кітаі мы прапаноўваем у тым ліку такія далікатэсы, як курыныя лапкі і ялавічныя галяшкі».

Дырэктарка «ГБК – Шаўковы шлях» Таццяна Аношка – былая кіраўніца іншай шэйманаўскай фірмы «Глобалкастам». Яна была заснаваная ў 2015-м – праз год пасля таго, як Расія забараніла імпарт харчовых прадуктаў з заходніх краін у адказ на санкцыі, і актыўна займалася пастаўкамі «санкцыёнкі» ў Расію.

 

Сайт «ГБК – Шаўковы шлях» быў зарэгістраваны ў 2021 годзе. І, згодна з дадзенымі WHOIS, рэгістравала гэты дамен юрыдычная асоба ТАА «Глобалкастам-менеджмент».

 

Апошняй сумесна валодалі Ганна Хмялеўская і Ганна Пушкарова – грамадзянская жонка Віктара Шэймана, ад якога яна нарадзіла сына Міхаіла.

 

Пазначаны пры рэгістрацыі сайта «ГБК – Шаўковы шлях» тэлефон належыць Юрыю Жоўнеру – брату Яўгена Жоўнера, які да гэтага фігураваў у буйным праекце сям’і Шэймана – здабычы золата ў Зімбабве. Таксама Яўген Жоўнер лічыўся сярод намінальных саўладальнікаў «Глобалкастама» і ахоўнай кампаніі «Гардсэрвіс», якой Лукашэнка даў спецыяльны дазвол на набыццё, захоўванне і перадачу сваім супрацоўнікам цывільнай і службовай зброі. Крыніцы называюць Яўгена Жоўнера даверанай асобай Шэймана.

 

Паводле дадзеных гадавой бухгалтарскай справаздачнасці, кампанія «ГБК – Шаўковы шлях» за 2023 год атрымала выручку ў 237 мільёнаў рублёў. За год да таго выручка кампаніі склала 122 мільёны рублёў.

 

У 2023 годзе кампанія выплаціла «дывідэндаў і іншых даходаў ад удзелу ў статутным капітале арганізацыі» 27 мільёнаў рублёў, у 2022 годзе – 6,5 мільёна рублёў. Хто бенефіцыяры кампаніі, невядома, кампанія створаная як ЗАТ – яе акцыянеры не раскрываюцца.

 

Чысты прыбытак кампаніі пасля выплаты падаткаў і іншых выплат у 2023 годзе склаў 5,7 мільёна рублёў, а ў 2022 годзе – 2,6 мільёна рублёў.

 

Калі вы ведаеце падрабязнасці пра дзейнасць гэтай кампаніі – пішыце нам у тэлеграм або на нашу пошту [email protected]