У палку ганаровых консулаў прыбыло
З пачатку 2023 года ў Беларусі з’явілася пяць ганаровых консульстваў новых краін: Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Амана, Шры-Ланкі і Вануату.
«Бюро» вывучыла кіраўнікоў новых прадстаўніцтваў і сёння расказвае, хто яны, як яны звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам і для чаго апынуліся на сваіх пасадах.
Сербія
Урад Сербіі ў сакавіку 2023 года абвясціў пра прызначэнне Жыварада Смількавіча ганаровым консулам у Беларусі.
Смількавіч – кіраўнік прадстаўніцтва славенскай кампаніі Riko ў Беларусі. Фірма больш за дваццаць гадоў займаецца ў Беларусі пастаўкамі тэхналагічнага абсталявання, энергетыкай, экалогіяй, лагістыкай і будаўніцтвам.

Жыварад Смількавіч. Крыніца: newsgomel.by
Апошнімі гадамі кампанія Riko актыўна ўдзельнічае ў шматмільённых праектах па рэканструкцыі і будаўніцтве электрападстанцый у Беларусі.
Сербскае выданне Danas цытуе дыпламата і былога пасла Сербіі ў Беларусі Срэчка Джукіча, які называе Смількавіча «здольным бізнэсоўцам ва ўсіх гэтых немагчымых умовах у Беларусі, улічваючы ўсе гэтыя санкцыі». Джукіч лічыць, што Смількавіч – гэта чалавек, які дакладна «ведае Беларусь уздоўж і ўпоперак», і што ён, безумоўна, таксама ведае сербскі істэблішмент, які цяпер знаходзіцца пры ўладзе.
Але не толькі з сербскімі ўладамі звязаны Жыварад Смількавіч. «Бюро» выявіла, што ў ліпені 2017 года Смількавіч на бізнэс-джэце вяртаўся разам з Дзмітрыем Лукашэнкам і ягонай жонкай у Мінск з італьянскага града Кальяры на Сардыніі, дзе Ганна Лукашэнка святкавала свой дзень народзінаў.
У 2019-м ён жа разам з сям’ёй сярэдняга сына Лукашэнкі на два тыдні паляцеў у швейцарскі Сьён. З гэтага гарналыжнага курорта яны вярнуліся ў Мінск на дзяржаўным самалёце.
Адзін з суўладальнікаў кампаніі Riko Янэз Шкрабец – былы ганаровы консул Славеніі ў Беларусі. Пасля падзей 2020 года быў адкліканы ўрадам сваёй краіны з гэтай пасады. Ён неаднаразова выступаў супраць санкцый ЕС у дачыненні да Расіі і Беларусі.
Боснія і Герцагавіна
Беларускі палітык і бізнэсовец Уладзімір Галабурда ўзначаліў ганаровае консульства Босніі і Герцагавіны. Калі менавіта гэтае консульства было адчыненае – у Беларусі не паведамлялася. Можна толькі з упэўненасцю сказаць, што сайт новага ганаровага консула з’явіўся ў ліпені 2024 года.
У мінулым Галабурда – дэпутат Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, прабыў там як мінімум тры тэрміны.
Аднак Галабурда не толькі палітык, але і вядомы бізнэсовец. У канцы 90-х ён заснаваў клініку па карэкцыі зроку «Оптымед». А таксама з 2007 па 2014 гады быў намеснікам дырэктара кампаніі «Інгрыда Нафта». У розны час суўладальнікамі гэтай кампаніі былі «кашалёк» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў, а таксама бізнэсоўцы з атачэння сям’і Лукашэнкі – Артур Зубарык, Людміла Няронская і Святлана Гараева.
Цяпер Уладзімір Галабурда суўладальнік кампаніі «ІнаТэх Салюшнс». Кампанія займаецца распрацоўкай і ўкараненнем разнастайнага ПЗ у сферы бізнэсу, эканомікі, абароны інфармацыі і прадукцыі спецыяльнага прызначэння. Апошнімі гадамі супрацоўнікі кампаніі публікавалі навуковыя працы ў асноўным пра энергетычны комплекс Беларусі, а таксама артыкулы «пра этычны ўзлом» і «Python вачыма хакера» ў часопісе «Хакер».
У 2022 годзе кампанія ўвайшла ў холдынг «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» з кіруючай кампаніяй холдынга «Агат – сістэмы кіравання». У красавіку 2024 года «ІнаТэх Салюшнс» падпала пад санкцыі ЗША, бо «Агат – сістэмы кіравання» пастаўляе сваю прадукцыю беларускаму войску.
Аман
Пасаду ганаровага консула Амана атрымаў Васіль Мацюшэўскі – былы першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.
З 1998 па 2010 гады Мацюшэўскі працаваў у Нацбанку Беларусі, дзе яму даверылі курыраваць пытанні кіраўніцтва золатавалютнымі рэзервамі і прыцягнення замежных інвестыцый, ён таксама адказваў за міжнародную дзейнасць.
З 2014 па 2018 гады займаў пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі, курыруючы эканамічны сектар.
У 2018 годзе Мацюшэўскі робіцца старшынём праўлення банка «БелВЭБ».

Васіль Мацюшэўскі. Крыніца: tut.by
У сакавіку 2022 года выданне «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што ўсё кіраўніцтва банка было затрыманае сілавікамі, але неўзабаве адпушчанае пад залог. Далей падзеі развіваліся імкліва: 26 красавіка «БелВЭБ» афіцыйна паведамляе, што Мацюшэўскі пакідае пасаду старшыні праўлення. У той жа дзень Мацюшэўскі апынаецца на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынём КДК Васілём Герасімавым і першым намеснікам прэм’ер-міністра Мікалаем Снапковым. І ўжо 28 красавіка, праз два дні пасля нарады ў Лукашэнкі, Мацюшэўскі вяртаецца на пасаду старшыні праўлення.
Заслона таямніцы прызначэння такога дасведчанага кадра ганаровым консулам крыху прачынілася пасля візіту ў 2024 годзе прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў Аман:
«Калі для Амана адным з прыярытэтаў з’яўляецца прамысловае развіццё, развіццё ўласнай апрацоўчай прамысловасці, вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, перапрацоўкі харчовых прадуктаў. Са свайго боку нам трэба тое, што цудоўна развіта ў Амане: лагістыка, рээкспарт тавараў, функцыянаванне свабодных эканамічных зон, развіццё нафтаперапрацоўкі і хімічнай прамысловасці. Таму поле для сумеснай дзейнасці велізарнае».
Вануату
Ганаровым консулам гэтай далёкай ціхаакеанскай краіны не так даўно стаў бізнэсовец Аляксандр Калджыеў. Сайт яго консульства з’явіўся ў лістападзе 2023 года.
Рэспубліка Вануату размешчаная на 83 астравах у Ціхім акіяне і ў першую чаргу вядомая сваім даступным грамадзянствам і афшорнымі паслугамі.

Аляксандр Калджыеў. Крыніца: consulvanuatu.by
Аляксандр сумесна валодае беларускай кампаніяй «Міруар», якая будуе пяцізоркавы спа-гатэль на 8 тысяч «квадратаў» і некалькі дзясяткаў двухпавярховых катэджаў проста на беразе Мінскага мора. Другі суўладальнік кампаніі – грамадзянін Турцыі Шэнер Эгемен Мустафа – імаверна, уладальнік H Casino ў Double Tree by Hilton у Мінску.
У 2022 годзе Калджыеў атрымаў яшчэ і пасаду дарадцы ў кампаніі «Маркетліга» – сетцы крамаў бяспошліннага гандлю, якая належыць Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту і Прэзідэнцкаму спартоваму клубу.
Шры-Ланка
У студзені 2023 года пасол Шры-Ланкі Джаніта А. Ліянаге ўзяла дзел у адкрыцці офіса ганаровага консула гэтай краіны ў Беларусі. Узначаліў офіс беларускі лекар, дацэнт БДМУ Дзмітрый Рузанаў.

Адкрыццё ганаровага консульства Шры-Ланкі ў Мінску. Дзмітрый Рузанаў – па цэнтры. Крыніца: srilankaembassy.ru
Раней ён працаваў у беларускіх прадстаўніцтвах мноства еўрапейскіх фармацэўтычных кампаній. У 2017 годзе значыўся ў «Трайплфарме» Юрыя Чыжа.
У 2021 годзе Рузанава прызначылі на пасаду дырэктара РНПЦ медыцынскіх тэхналогій. А ў 2023 годзе ён атрымаў пасаду ганаровага консула Шры-Ланкі. Верагодна, гэта звязана з зацікаўленасцю беларускіх медінстытутаў у замежных студэнтах.
Нашыя дапушчэнні пацвердзіліся. На нядаўняй сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова з першай намесніцай кіраўніка МЗС Шры-Ланкі Аруні Ясодха Віджэвардане, што адбылася на саміце БРІКС, закраналася гэтая тэма.
У прэс-рэлізе МЗС Беларусі сказана, што «ў кантэксце развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння падкрэсленая значнасць навучання ў Беларусі студэнтаў з Шры-Ланкі, перадусім у медыцынскіх ВНУ».