Славенскі базар
Славенская кампанія Riko дзесяцігоддзямі працавала ў Беларусі і зарабіла сотні мільёнаў еўра на дзяржпадрадах. А ў 2024 годзе Riko апынулася ў цэнтры карупцыйнага скандалу – яе прадстаўнікі давалі хабар намесніку міністра энергетыкі Міхаілу Міхадзюку, за што той трапіў на лаву падсудных. Пры гэтым выглядае, што самі хабарадавальнікі ніякага пакарання не панеслі.
У гэтым расследаванні мы раскажам, чым займаецца кампанія Riko ў Беларусі, хто за ёй стаіць і як звязаны славенскі бізнэс з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі.
СУД НАД КАРУПЦЫЯНЕРАМ
«На табе падстанцыю, ідзі мадэрнізуй, але ты мне дай хабар. Дзясяткі тысяч долараў» – менавіта так Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені 2024 года абгрунтаваў крымінальную справу супраць былога намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка.
Міхаіл Міхадзюк у судзе. Крыніца: belta.by
Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк быў адпраўлены ў адстаўку ў канцы снежня 2023 года. Ён займаў сваю пасаду 18 гадоў, кіраваў у ведамстве працай Дэпартамента па ядзернай энергетыцы і курыраваў у тым ліку пытанні, звязаныя з БелАЭС.
Як высветлілася ўжо на пасяджэннях суда, Міхаілу Міхадзюку ставілася ў віну тое, што ён атрымаў ад Riko агулам 35 тысяч еўра ў верасні 2022-га і снежні 2023-га за тое, каб кампанію выбралі ў якасці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцый у Беларусі. Частку хабару Міхадзюк выдаткаваў на лячэнне для сябе і сваёй сястры, а таксама на рамонт бацькоўскага дома.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ўжо 26 студзеня 2024 года, усяго праз месяц пасля адстаўкі намесніка міністра.
На судзе Міхадзюк цалкам прызнаў сваю віну, кампенсаваў усю суму хабару і ахвяраваў пяць тысяч рублёў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Але ўсё роўна атрымаў шэсць гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф – 1000 базавых. У сувязі з амністыяй яму скарацілі тэрмін на адзін год.
А што з прадстаўніком кампаніі, які даў хабар высокапастаўленаму чыноўніку? На судзе сведка заявіў, што ініцыятарам сустрэчы з Міхадзюком была славенская кампанія Riko. Падчас пасяджэнняў высветлілася, што прадстаўнік кампаніі, які сустракаўся з Міхадзюком, знаходзіцца за межамі Беларусі. Яго імя ў прэсе не называлася.
Апытаныя «Бюро» юрысты лічаць, што бізнэсовец, які даў хабар Міхадзюку, паводле закона таксама мусіў панесці пакаранне:
«У ягоных [прадстаўніка кампаніі] дзеяннях ёсць прыкметы складу злачынства, і тэарэтычна яго маглі прыцягнуць да адказнасці за даванне хабару», – зазначыў адзін з юрыстаў.
Хто ж гэты загадкавы «прадстаўнік кампаніі», які ініцыяваў сустрэчу і даваў хабар? Ёсць падставы меркаваць, што гэта кіраўнік прадстаўніцтва Riko ў Беларусі – Жыварад Смількавіч. І вось чаму.

Жыварад Смількавіч (другі справа ў акулярах). Крыніца: riko.si
Дзякуючы асвятленню суда ў прэсе мы ведаем, што ініцыятарамі сустрэчы выступілі прадстаўнікі Riko. Выявілася, што адзін с супрацоўнікаў кампаніі жыў па суседстве з Міхадзюком – у адным пад’ездзе, але на некалькі паверхаў вышэй. Ён пазнаёміўся з колішнім чыноўнікам у ліфце. Пра гэта ён расказаў у сябе на працы, і кіраўнік папрасіў яго арганізаваць сустрэчу з «суседам». Кіраўніком прадстаўніцтва Riko ў Беларусі на той момант быў Жыварад Смількавіч.
Сустрэліся намеснік міністра энергетыкі і бізнэсовец у кватэры чыноўніка. Туды кіраўніка прадстаўніцтва прывез на машыне асабісты кіроўца Смількавіча.
Арганізаваць сустрэчу чыноўніку і Жывараду маглі сваякі апошняга. Рэч у тым, што нявестка Жыварада Дар’я – суседка Міхадзюка. А ейны муж Мілуцін працуе разам з бацькам у прадстаўніцтве Riko.
Мы дазваніліся да Дар’і Смількавіч. Яна расказала, што нічога не ведае пра крымінальную справу супраць Міхаіла Міхадзюка і не прыгадвае, каб у ейным пад’ездзе жыў такі чалавек.
Мы паспрабавалі звязацца з Жыварадам Смількавічам, які на момант давання хабару Міхадзюку ўзначальваў прадстаўніцтва Riko ў Беларусі. Але, як выявілася, пагаварыць з ім – няпростая задача: бізнэсовец то на нарадзе, то паехаў на сустрэчу. Яго намесніца наадрэз адмовілася каментаваць, ці панесла кампанія Riko адказнасць за даванне хабару намесніку міністра энергетыкі Беларусі.
У Генеральнай пракуратуры і Следчым камітэце наш запыт на гэты конт пакінулі без адказу.
У славенскай кампаніі Riko заявілі, што ведаюць пра крымінальную справу супраць Міхаіла Міхадзюка, але яна ніяк не паўплывала на іх працу ў Беларусі.
«Афіцыйныя крымінальныя і судовыя органы Беларусі закрылі вышэйзгаданую справу, што ніякім чынам не абцяжарвае кампанію Riko, яе прадстаўніцтва, яе супрацоўнікаў і яе дзейнасць», – напісалі ў Riko ў адказ на запыт нашых калег са славенскага выдання Oštro.
Дык дзякуючы каму або чаму славенская кампанія настолькі трывала замацавала свае пазіцыі на беларускім рынку, што ейныя прадстаўнікі даюць хабар чыноўнікам і пры гэтым не нясуць пакарання?
СЛАВЕНЦЫ Ў ГОРАДЗЕ
Славенская кампанія Riko ўжо некалькі дзесяцігоддзяў займаецца ў Беларусі пастаўкамі абсталявання для заводаў, будаўніцтвам і рэканструкцыяй энергетычнай інфраструктуры. Мы налічылі як мінімум адзінаццаць пабудаваных або рэканструяваных гэтай кампаніяй падстанцый ва ўсёй краіне. У тым ліку Riko мадэрнізавала падстанцыю «Беларуская» да запуску БелАЭС.
Кампанія актыўна займаецца пастаўкамі абсталявання і стварэннем разнастайных механізаваных і вытворчых ліній на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах Беларусі. Сярод іх кліентаў дзяржаўныя прадпрыемствы «Мінскі аўтамабільны завод» (МАЗ), «Мінскі завод колавых цягачоў» (МЗКЦ), «Мінскі трактарны завод» (МТЗ), «Гомсельмаш» і прыватныя «Санта Брэмар», «Савушкаў прадукт» і іншыя.

Сакавік 2017 года, кампанія Riko падпісала дамову на рэканструкцыю падстанцыі ў Мінску (першы злева – саўладальнік Riko Янэз Шкрабец, другі злева – кіраўнік прадстаўніцтва Riko ў Беларусі Жыварад Смількавіч, чацвёрты злева – намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк). Крыніца: riko.si
У 2020 годзе журналісты зазначалі, што за дзесяць гадоў Riko заключыла ў Беларусі здзелак больш як на 310 млн еўра.
Хто ж кіруе гэтым актывам? Узначальвае прадстаўніцтва ў Беларусі грамадзянін Сербіі Жыварад Смількавіч. Разам з ім у Riko была працаўладкаваная ўся ягоная сям’я: жонка Марына і іхны сын Мілуцін са сваёй жонкай Дар’яй.
Мы змаглі даведацца, колькі зарабляюць члены сям’і Смількавічаў у Riko – у кожнага ў 2023 годзе налічаная зарплата да выліку падаткаў была не ніжэйшай за 9 тысяч рублёў за месяц.
У Мілуціна Смількавіча ва ўласнасці кватэра ў Мінску, у новабудоўлі па вуліцы Багдановіча. Ён жа ажаніўся з беларускай, яго жонка Дар’я Смількавіч (у дзявоцтве Гарасцюк) валодае яшчэ адной кватэрай – на праспекце Дзяржынскага.
Акрамя працы ў Riko сын Жыварада Мілуцін спрабаваў весці бізнэс з «кашальком» Лукашэнкі Аляксандрам Зайцавым. Яны сумесна валодалі кампаніяй «СМ Індастрыял Інжынірынг» з 2013 па 2019 год.
Таксама з 2019 па 2023 год Мілуцін вёў сумесны бізнэс з Іванам Смольскім, былым супрацоўнікам Службы бяспекі Лукашэнкі і выканаўчым дырэктарам Прэзідэнцкага спартовага клуба, які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка. Іх кампанія «Верыфайд» планавала аказваць інжынірынгавыя паслугі на экспарт. Чым менавіта кампанія займалася на самай справе – невядома. Яна была ліквідаваная ў 2023 годзе.
Але не толькі бізнэс звязвае Смількавічаў з сям’ёй Лукашэнкі. Мы высветлілі, што Жыварад і Мілуцін некалькі разоў лёталі з сям’ёй Дзмітрыя і Ганны Лукашэнкі на адпачынак.
СУМЕСНЫ АДПАЧЫНАК
У ліпені 2017 года Дзмітрый і Ганна Лукашэнкі разам з усёй сваёй сям’ёй вяртаюцца на прыватным бізнэс-джэце з амаль месячнага адпачынку на Сардыніі. Кампанію ім склалі Жыварад Смількавіч і ягоная жонка Марына.
На Сардыніі 2 ліпеня Ганна Лукашэнка адзначыла свой дзень нараджэння. Ці была на святкаванні сямейная пара Смількавічаў, мы не ведаем. Але ўсяго за пару дзён да святкавання яны вылецелі з Беларусі, а вярнуліся ўжо разам з сям’ёй Ганны і Дзмітрыя Лукашэнкаў.

Ганна і Дзмітрый Лукашэнкі на навагоднім свяце. Крыніца: belta.by
За некалькі месяцаў да таго, у сакавіку 2017 года, сын Жыварада Мілуцін Смількавіч лётаў разам з Дзмітрыем і Ганнай Лукашэнкамі ў Любляну на бізнэс-джэце сям’і Лукашэнкаў.
А ў 2019 годзе Жыварад і Мілуцін ляцелі на бізнэс-джэце разам з Ганнай і Дзмітрыем Лукашэнкамі з адпачынку ў швейцарскім Сьёне, непадалёк ад якога размясціўся вядомы гарналыжны курорт Кран-Мантана. Туды разам з сям’ёй сына Лукашэнкі ляцеў толькі Жыварад Смількавіч, а праз два тыдні з курорту яны вярнуліся ў Мінск ўжо ў поўным складзе.
Мілуцін Смількавіч адмовіўся каментаваць сумесныя пералёты з Дзмітрыем Лукашэнкам і сумесны бізнэс з яго памочнікам Іванам Смольскім.
«Я не хачу размаўляць. Гэта маё права», – сказаў «Бюро» Мілуцін Смількавіч.
Але на гэтым сувязі кампаніі Riko і яе супрацоўнікаў з сям’ёй Лукашэнкаў не завяршаюцца.
ШКРАБЕЦ ПА ШКЛЕ
Лічыцца, што саўладальнік Riko Янэз Шкрабец даўно знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам, хаця сам ён у гэтым не прызнаецца і кажа, што ў яго была магчымасць сустрэцца з Лукашэнкам толькі на нейкім пратакольным мерапрыемстве.
Прэса пісала, што Шкрабец катаўся на лыжах разам з Лукашэнкам падчас кароткатэрміновага «візіту» апошняга ў Славенію ў 2004 годзе, які трымала ў таямніцы колішняя прэс-сакратарка Наталля Пяткевіч. Прадстаўнік МЗС Славеніі Рок Саркр пацвярджаў, што Лукашэнка знаходзіўся ў Славеніі, але ўдакладніў, што гэта быў прыватны візіт.
Афіцыйна паведамлялася, што «падчас візіту Лукашэнка сустрэўся са знанымі палітычнымі дзеячамі і прадстаўнікамі буйнога бізнэсу». Назад са Славеніі Лукашэнка вяртаўся разам з Жыварадам Смількавічам на сваім прэзідэнцкім самалёце. Супадзенне ці не, але пасля гэтага візіту ў Славенію ў Riko пачаліся пастаўкі абсталявання на МАЗ, БелАЗ і Мінскі трактарны завод. Па выніку 2004 года тавараабарот Беларусі і Славеніі вырас на 17,2% у параўнанні з 2003-м і склаў 39,5 млн долараў.
Праект за праектам кампанія Riko пашырала прысутнасць у Беларусі. У студзені 2011 года Шкрабец нават паспрабаваў разам са «зброевым баронам» Уладзімірам Пефціевым стварыць сумесны бізнэс. Была зарэгістраваная кампанія «Белэнергаатам». Але ў чэрвені 2011 года Пефціеў падпадае пад санкцыі ЕС, і ў 2012 годзе кампанія пайшла ў ліквідацыю.
Гэта не адзіная гісторыя пра санкцыі, Riko і Шкрабеца. У лютым 2012 года Еўрасаюз увёў дадатковыя абмежаванні супраць Беларусі. Брусэль пашырыў спіс дзяржслужбоўцаў і прадпрымальнікаў, якім надалей забаронены ўезд у краіны ЕС, а таксама замарозіў іх рахункі ў еўрапейскіх банках. Але некага з лукашэнкаўскіх бізнэсоўцаў у тым спісе не аказалася.
Прэса паведамляла, што Славенія заблакавала кандыдатуру Юрыя Чыжа на ўключэнне ў гэты «чорны спіс». У прэсе пісалі, што гэта можа быць звязана са шматмільённым кантрактам паміж Riko і чыжоўскім «Трайплам» на будаўніцтва ў цэнтры Мінска гатэля «Кемпінскі». Тым не менш ужо ў сакавіку 2012 года лукашэнкаўскі бізнэсовец апынуўся ў новым санкцыйным спісе ЕС.
Летам 2012 года Шкрабец у інтэрв’ю БелТА заявіў, што палітыкі ЕС выбралі няправільную канцэпцыю ў дачыненні да Беларусі:
«Цяперашняя сітуацыя асабліва шкодзіць прадстаўнікам еўрапейскіх бізнэс-структур. Бо Беларусь, наткнуўшыся на зачыненыя з боку Еўрасаюза дзверы, будзе шукаць іншыя выхады, якія, магчыма, будуць нават больш выгаднымі. А Еўропа будзе варыцца ў сваім саку. Са свайго боку магу запэўніць, што мы, прадстаўнікі бізнэсу, імкнёмся ўплываць на палітыкаў, казаць ім праўду пра Беларусь».
У 2016 годзе Шкрабеца прызначылі ганаровым консулам Беларусі ў Славеніі. На просьбы славенскіх СМІ пракаментаваць пратэсты і жорсткае іх задушэнне пасля выбараў 2020 года ён адказаў:
«Вядома, мы шкадуем пра беспарадкі, незадаволенасць і палітычныя разыходжанні ў Беларусі. Як бізнэсовец я б лічыў за лепшае пакінуць ацэнкі і меркаванні пра палітычныя падзеі палітычным аналітыкам, якія нашмат лепей разбіраюцца ў бягучай сітуацыі, чым я сам».

Кастрычнік 2019 года, пасол Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі Алена Купчына ўзнагароджвае медалём саўладальніка Riko і ганаровага консула Беларусі ў Славеніі Янэза Шкрабеца. Крыніца: riko.si
У чэрвені 2021 года Славенія адклікала згоду на беларускае консульства ў Любляне. Шкрабец перастаў быць ганаровым консулам.
Але нядоўга кампанія Riko заставалася без уласнага ганаровага консула. Бо калі адныя дзверы зачыняюцца, недзе адчыняюцца новыя.
ГАНАРОВЫ КОНСУЛ СЕРБІІ
У сакавіку 2023 года ўрад Сербіі без шуму і асаблівых падрабязнасцяў абвясціў аб прызначэнні ганаровага консула ў Беларусі. Ім стаў Жыварад Смількавіч, кіраўнік прадстаўніцтва Riko ў Беларусі.
Выданне Slobodna Evropa з неафіцыйных крыніц даведалася, што новы ганаровы консул блізкі да Сацыялістычнай партыі Сербіі, лідарам якой з’яўляецца Івіца Дачыч, колішні міністр замежных спраў. У самой партыі адмовіліся адказваць на пытанні выдання.
Дыпламат і былы пасол Сербіі ў Беларусі Срэчка Джукіч назваў Смількавіча чалавекам, які напэўна «ведае Беларусь уздоўж і ўпоперак», і адзначыў, што ён, безумоўна, таксама ведае сербскі істэблішмэнт, які цяпер знаходзіцца ва ўладзе.
Да гэтага Сербія не мела ганаровага консульства ў Беларусі. І былы шматгадовы пасол у Беларусі Срэчка Джукіч лічыць рашэнне адкрыць яго незвычайным.
Ці варта з-за гэтага чакаць далейшага пашырэння дзейнасці Riko ў Беларусі? Бо нягледзячы на нязручнасці з-за санкцый і «карупцыйны скандал», кампанія працягвае працаваць у Беларусі.
У распараджэнні «Бюро» ёсць афіцыйны адказ МЗС Сербіі, атрыманы сербскім расследавальніцкім выданнем KRIK, аб прызначэнні Жыварада Смількавіча ганаровым консулам Сербіі ў Беларусі. У ім гаворыцца, што гэта было зроблена «для паляпшэння двухбаковых адносінаў на ўсіх узроўнях, асабліва шляхам заахвочвання эканамічнага супрацоўніцтва і прыцягнення новых інвестыцый».

Лістапад 2021 года. У Магілёўскім раёне ўрачыста адкрылі першую лічбавую падстанцыю, якую мадэрнізавала кампанія Riko (першы злева – кіраўнік прадстаўніцтва Riko ў Беларусі Жыварад Смількавіч, другі злева – міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч). Крыніца: belta.by
У адказе МЗС тлумачыцца, чаму на пасаду ганаровага консула была прапанаваная кандыдатура Жыварада Смількавіча: уся справа ў тым, што ён «дыпламаваны эканаміст і дырэктар прадстаўніцтва Riko ў Мінску», у якога наладжаныя добрыя сувязі з абласнымі і гарадскімі ўладамі ва ўсёй Беларусі.
СУМНЕЎНЫЯ ПАСТАЎКІ Ў РАСІЮ
Але не толькі з Беларуссю звязаныя бізнэс-інтарэсы ўладальнікаў Riko. Мы знайшлі сумнеўныя пастаўкі разнастайнага абсталявання ў 2022 і 2023 гадах у Расію.
Так, згодна з мытнымі дадзенымі, 10 жніўня 2023 года даччыная беларуская кампанія Riko – «Ріко – Тэхцэнтр» паставіла ў Расію кампаненты для мадэрнізацыі вертыкальна-фрэзернага станка – адаптары, шрубы, клапаны, заціскі, апоры, пласціны, свердлы, фрэзы – на агульную суму звыш 120 тысяч долараў.
«Гэта камерцыйная інфармацыя. Каментароў не будзе», – сказалі ў мінскім офісе Riko наконт паставак абсталявання ў Расію.
Сярод пастаўленых тавараў ёсць заходнія кампаненты, якія ЕС забараніў прадаваць у Беларусь і Расію яшчэ вясной 2022 года. Санкцыі цалкам набылі моц летам таго ж года. Адзіным атрымальнікам тавараў пазначаная расійская кампанія «АўтаВАЗ» са штаб-кватэрай у Тальяці, якая з’яўляецца вытворцам аўтамабіляў пад маркай Lada. З 19 кастрычніка 2022 года «АўтаВАЗ» знаходзіцца пад санкцыямі Украіны, з 14 верасня 2023 года – пад санкцыямі ЗША.
Ці з’яўляюцца пастаўкі ў 2023 годзе абыходам санкцый? Дакладна высветліць не атрымалася. Калі камплектуючыя былі закупленыя і дастаўленыя ў Беларусь да набыцця санкцыямі моцы, то гэта не можа лічыцца іх абыходам. Бо Беларусь не абавязаная выконваць санкцыі Еўрасаюза і іншых краін.
У славенскай кампаніі Riko патлумачылі, што строга выконваюць уведзеныя ЕС санкцыі. Там дадалі, што іх даччыная структура ў Беларусі «Ріко – Тэхцэнтр» дзейнічае самастойна – яны на яе не ўплываюць.
«Нягледзячы на карпаратыўную структуру ўласнасці, Riko d.o.o. не ажыццяўляе аператыўнае кіраванне [«Ріко – Тэхцэнтрам»]. З-за абмежавальных захадаў і абмежаваных магчымасцяў для вядзення бізнэсу мы некалькі разоў спрабавалі прадаць кампанію, але з-за мясцовага заканадаўства ў нас пакуль не атрымалася гэтага зрабіць», – напісалі ў Riko ў адказ на запыт нашых калег са славенскага выдання Oštro.
У той жа час з чэрвеня мінулага года еўрапейскія кампаніі абавязаныя «прыкладаць усе намаганні», каб іх даччыныя фірмы ў трэціх краінах не абыходзілі санкцыі.
«Мы не ведаем, ці быў экспарт Riko ў Беларусь парушэннем санкцый. Аднак мы ведаем, што Riko валодае 99-працэнтнай доляй у беларускай кампаніі, якая рээкспартавала гэтыя твары ў Расію пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Такім чынам, Riko была дакладна інфармаваная пра гэтыя рээкспартныя пастаўкі, пра тое, каму яны накіроўваліся і для чаго выкарыстоўваліся, і мела паўнамоцтвы прадухіліць гэтыя аперацыі. Таму, хаця няма ніякіх доказаў таго, што гэтыя здзелкі былі незаконнымі, яны, безумоўна, выглядаюць сумнеўнымі з гледзішча маралі», – сказаў «Бюро» сузаснавальнік і вядучы юрысконсульт міжнароднай няўрадавай арганізацыі State Capture: Research and Action Алекс Прэзанці.
Што да паставак у 2022 годзе, то тавары дастаўляла ў Расію непасрэдна славенская кампанія Riko. Пастаўкі некаторых запчастак ажыццяўляліся пасля ўвядзення санкцый, але да ўваходжання іх у сілу. Атрымальнікамі грузу пазначаная кампанія «Аўтадызель» (Яраслаўскі маторны завод). Прадпрыемства ўваходзіць у групу кампаній «ГАЗ». Forbes называе ГК «ГАЗ» актывам мільярдэра Алега Дзерыпаскі. Больш за тысячу заходніх кампаній самастойна пакінулі расійскі і беларускі рынак пасля пачатку вайны. Але Riko працягнула працу ў нашым рэгіёне. У славенскай кампаніі адкрыты рахунак у «Беларусбанку», які патрапіў пад абмежаванні ЕС.
Як бачым, кампанія Riko і ейныя ўладальнікі дзесяцігоддзямі вядуць свой бізнэс у Беларусі, выконваючы шматмільённыя замовы. Для атрымання звышпрыбытковых падрадаў яны даюць беларускім чыноўнікам хабар, але адказнасці за гэта не нясуць. Такі стан рэчаў забяспечваюць моцныя сувязі з членамі сям’і Лукашэнкі. Не грэбуюць дзеля заробку славенскія бізнэсоўцы і пастаўкамі ў Расію пасля пачатку вайны.