Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Хто выратаваў Ганну Лукашэнку ад еўрапейскіх санкцый?

Літва прапаноўвала ўключыць нявестку Аляксандра Лукашэнкі ў санкцыйны спіс ЕС, але ейную кандыдатуру заблакавала Славакія. Такую інфармацыю атрымала «Бюро» ад трох не звязаных адна з адной крыніц у палітычным, дыпламатычным і праваабарончым колах.

 

Ганна Лукашэнка – адзіная з уплывовага беларускага сямейства, хто не падпаў пад санкцыі ЕС. У чорным спісе ўжо знаходзяцца Аляксандр Лукашэнка, яго сыны Віктар і Дзмітрый і яшчэ адна нявестка Лілія.

 

Hanna Lukashenko

Ганна Лукашэнка. Крыніца: sb.by

Ганна Лукашэнка – жонка Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі. Яна з’яўляецца генеральнай прадзюсаркай «Музычнай медыякампаніі», што атрымлівае дзяржаўныя падрады на правядзенне забаўляльных мерапрыемстваў, часта прапагандысцкай скіраванасці. Нядаўна мы расказвалі, як Ганна Лукашэнка праводзіла прыхаваную перадвыбарную агітацыйную кампанію ў падтрымку свайго свёкра пад выглядам акцыі «Марафон адзінства».

 

Раней жанчына працавала ў гандлёвым доме «БелАЗ», дзе 45% належыць Прэзідэнцкаму спартоваму клубу на чале з Дзмітрыем Лукашэнкам. Гандлёвы дом «БелАЗ» манапалізаваў экспарт беларускіх самазвалаў у Расію. Сям’я і атачэнне Лукашэнкі атрымлівалі выгаду з такіх паставак, паказала журналісцкае расследаванне.

5 жніўня 2024 года ЕС прыняў чарговы пакет санкцый супраць беларускага аўтарытарнага рэжыму. У санкцыйны спіс прапаноўвалі ўнесці Ганну Лукашэнку, але адна з еўрапейскіх краін заблакавала такую прапанову.

«Ганна Л. [Ганна Лукашэнка] была прапанаваная Літвой і сапраўды заблакаваная Славакіяй», – сказаў еўрапейскі чыноўнік нашым калегам з выдання VSquare.org.

У літоўскім і славацкім міністэрствах замежных спраў не пацвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю. У славацкім МЗС патлумачылі, што кожная ініцыятыва па ўключэнні ў санкцыйны спіс ЕС падрабязна разглядаецца з пункту погляду інтарэсаў Славакіі і ЕС, а таксама з пункту погляду прававой абгрунтаванасці і ўстойлівасці санкцый.

«Абмеркаванне прапановаў ЕС па санкцыях праходзіць у закрытым рэжыме, ацэньваюцца палітычныя і прававыя аспекты санкцыйных ініцыятыў. Калі яны ацэньваюцца як недастатковыя з пункту гледжання іх абароны ў судах ЕС, то такая санкцыйная ініцыятыва адкладваецца», – адказалі дыпламаты нашым калегам са славацкага расследавальніцкага цэнтра Яна Куцяка.

Цяперашні прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца выступае за нармалізацыю адносінаў з Расіяй і Беларуссю. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яму наведаць Брэсцкую крэпасць у маі гэтага года. Фіца ўжо бываў у Мінску ў 2016 годзе падчас папярэдняга прэм’ерскага тэрміну. На сустрэчы з Лукашэнкам ён называў Беларусь сяброўскай краінай. Лукашэнка тады падзякаваў славацкаму прэм’еру за нармалізацыю адносінаў Беларусі і ЕС.

 

Robert Fico

Роберт Фіца (справа) сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Крыніца: president.gov.by

«Ваша краіна данасіла да кіраўніцтва ЕС сапраўднае становішча ў Беларусі», казаў Лукашэнка.

Летась Лукашэнка і Фіца абмяняліся віншаваннямі з нагоды юбілеяў (70-годдзя і 60-годдзя адпаведна).

Мы ўдзячныя за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу літоўскаму расследавальніцкаму цэнтру Siena