Дэвайсы маладосці ад фаварытак Лукашэнкі
Мы даведаліся, што Марыя Васілевіч і Алена Казак пастаўляюць абсталяванне для медыцынскіх клінік і б’юты-салонаў.
Нядаўна мы расказалі, што экс-дэпутатка Марыя Васілевіч і асабістая доктарка-анестэзіёлаг кіраўніка Беларусі Алена Казак зарэгістравалі фірму «Амалем».
Мяркуючы па звестках свежастворанага сайта «Амалема», кампанія з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком трох вядучых сусветных вытворцаў медычнага абсталявання і вырабаў медычнага прызначэння для эстэтычнай медыцыны, касметалогіі, дэрматалогіі і гінекалогіі.
На сённяшні дзень Васілевіч і Казак прапаноўваюць пакупнікам прадукцыю з Расіі, Паўднёвай Карэі і Іспаніі, а таксама вучаць персанал працаваць на гэтых апаратах.

Скрыншот сайта кампаніі «Амалем». Крыніца: amalem.by
Алена Казак не пачаткоўка ў б’юты-сферы. «Люстэрка» пісала, што ў 2024 годзе яна стала аднаасобнай уладальніцай салона Antiage Сlinic, які прапаноўвае кліентам амаладжальныя і іншыя касметалагічныя і дэрматалагічныя працэдуры.

Злева направа: Алена Казак, Наталля Эйсмант на вечарынцы Antiage Clinic. Крыніца: Інстаграм
«Бюро» стала вядома, што ва ўласным салоне Казак хутка з’явіцца апарат Estetica LightCare Pro – акурат такі самы дэвайс яна прадае з Марыя Васілевіч праз «Амалем».
Амбасадарка Antiage Сlinic – кіраўніца асацыяцыі рэстаратараў Беларусі і спадкаемніца рэстараннага холдынга Golden Project Наталля Садоўская.

Наталля Садоўская на адкрыцці Antiage Clinic. Крыніца: Інстаграм Наталлі Садоўскай
У 2020 годзе яна была запрошанай госцяй на таемную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі.
Раней Antiage Сlinic называлася «Айрыс» і ёй валодалі асабістая доктарка Лукашэнкі – Святлана Канашэнка, яе сястра Наталля Кізік і хакеіст Павел Белы.