Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Кашалёк Лукашэнкі пастаўляе пуцінскія віны ў Беларусь

Больш як адзінаццаць тысяч бутэлек з пуцінскіх вінаробняў у 2024 годзе завезла ў Беларусь кампанія «Вінны дом». Яна звязаная з набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Сяргеем Цяцерыным.

 

Гаворка пра белыя віны «Азюр», «Сонечны вечар» і чырвоныя «Арэна», «Вечарніца». Гэта прадукцыя вінаробняў «Крыніца» і «Сядзіба Дзіўнаморскае». Абедзве вінаробні знаходзяцца побач з вядомым «палацам Пуціна» ў Геленджыку і звязаныя з кіраўніком Расіі.

 

Кампанія «Вінны дом», якая завезла віны ў Беларусь, была створаная ў снежні 2020 года. Яна пастаўляе замежныя алкагольныя напоі (напрыклад, папулярны нямецкі брэнд Jägermeister).

 

На 75% кампанія «Вінны дом» належыць Яўгену Лівенцаву — дырэктару цяцерынаўскай кампаніі «БелПакЗаб». Астатнія 25% у фірмы «Біяркам», якая таксама звязаная з бізнэс-партнёрамі Цяцерына.

 

Кіруе арганізацыяй Юлія Саннікава. Яна былая супрацоўніца цяцерынаўскай кампаніі «БелГлобалГарант».

 

Сувязь паміж Сяргеем Цяцерыным і кампаніяй «Вінны дом» дэманструе і ліст, які мае «Бюро». У ім Сяргей Цяцерын звяртаецца да кіраўніка Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава з просьбай зрабіць «пэўныя захады» ў дачыненні да кампаніі.

ЛІСТ СЯРГЕЯ ЦЯЦЕРЫНА УЛАДЗІМІРУ КУХАРАВУ
PISMO SERGEYA TETERINA VLADIMIRU KUHAREVU

Ліст датаваны 04.01.2021. Праз восем дзён – 12.01.2021 – Мінгарвыканкам выдаў ліцэнзію «Віннаму дому» на «аптовы гандаль і захоўванне алкагольнай, нехарчовай прадукцыі з утрыманнем спірту, нехарчовага этылавага спірту і тытунёвых вырабаў».

 

Пуцінскім віном «Сядзібы Дзіўнаморскае» не раз частаваўся Аляксандр Лукашэнка на сустрэчах з расійскім дыктатарам. Упершыню яно згадваецца ў меню двух аўтакратаў на ўрачыстым абедзе ў 2019 годзе, які праходзіў у афіцыйнай рэзідэнцыі Пуціна – Бачароў Ручай. Пасля гэтага віны «Сядзібы Дзіўнаморскае» згадваліся як мінімум яшчэ ў 2022 і 2024 гадах на сустрэчах Пуціна і Лукашэнкі.

 

Цяцерын не першы беларускі бізнэсовец, які вырашыў завозіць у краіну «пуцінскія віны». Раней віны пастаўляла кампанія «Тадэум», якая належыць сыну Юрыя ЧыжаУладзіміру. У 2020 і 2021 гадах ён завёз у Беларусь каля тысячы бутэлек з вінаробні «Сядзіба Дзіўнаморскае». Аднак попыт выдаўся невялікім, а цана, наадварот, кусалася – віно трапіла ў прэміюм-сегмент і прадавалася ў 2020–2021 гадах у мінскіх вінных крамах па цане каля 80 рублёў за бутэльку.

 

Пра сувязі вінаробняў «Крыніца» і «Сядзіба Дзіўнаморскае» з Пуціным і яго атачэннем шмат разоў расказвалі расійскія расследавальнікі.

 

Расійскае выданне The Insider расказвала ў 2023 годзе, што маёмасць гэтых дзвюх вінаробняў ацэньваецца ў 17 мільярдаў расійскіх рублёў (на 2023 год гэта было каля 184 мільёнаў еўра).