Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

«Кашалёк» Лукашэнкі зноў нацэліўся на Еўропу ў абыход санкцый

«Бюро» высветліла, што «кашалёк» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў мае дачыненне да будаўніцтва новага лагістычнага тэрмінала для апрацоўкі і размеркавання грузаў, якія транспартуюцца па маршруце Кітай – Еўропа. Мы таксама выявілі, што Зайцаў спрабуе ўтаіць свой удзел у праекце, каб бізнэс не падпаў пад заходнія санкцыі.

 

Ад беларускага боку да будаўніцтва тэрмінала прыцягнулі кампанію «Юніонвэй» (зарэгістраваная менавіта ў такім напісанні) – рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «ЮНІОНВЭЙ»
UNIONVEI_1
UNIONVEI_2

«Юніонвэй» была створаная ў студзені 2022 года. Яе бенефіцыярам з’яўляецца беларус Сяргей Вараб’ёў, які звязаны з «кашальком» Лукашэнкі і яго сынам Раманам Зайцавым праз іншыя фірмы бізнэсоўца – «Рух спорт клуб» і «Сцісхо».

 

Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы даведаліся, што сваю кар’еру Сяргей Вараб’ёў пачынаў у нулявых як ваеннаслужачы ў вайсковай частцы 10091 – цэнтральным апараце КДБ, дзе даслужыўся да намесніка начальніка аддзела. У 2012 годзе ён заняў пасаду начальнік аддзела ў Следчым камітэце.

«Вараб’ёў працаваў у КДБ у цэнтральным апараце, але, хутчэй за ўсё, ён быў [замацаваны] у следчым упраўленні КДБ. І калі СК вылучыўся з МУС і пракуратуры, ён перайшоў туды. І не проста перайшоў, а яго забраў Валер Вакульчык, які і стаў у 2012 годзе першым начальнікам СК. З улікам таго што ён [Вараб’ёў] брэсцкі, то сувязь відавочная», – пракаментаваў «Бюро» кар’ерны шлях Сяргея Вараб’ёва былы супрацоўнік беларускага сілавога ведамства, які пажадаў застацца неназваным.

У 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка асабіста сваім указам узнагародзіў Вараб’ёва медалём «За бездакорную службу» II ступені. На той момант ён быў у званні падпалкоўніка юстыцыі і займаў пасаду начальніка аддзела па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.

 

З 2019 года Вараб’ёў працуе пад кіраўніцтвам Аляксандра Зайцава.

 

Да Вараб’ёва адзіным уласнікам «Юніонвэя» была ключавая лагістычная фірма Зайцава – «Рузэкспедыцыя».

 

9 жніўня 2024 года «Рузэкспедыцыя» падпала пад санкцыі ЗША, і праз 12 дзён у «Юніонвэя» «нечакана» з’явіўся новы «ўласнік» – той самы Сяргей Вараб’ёў. Імаверна, змена ўладальніка абумоўленая жаданнем абысці заходнія санкцыі, бо будучы тэрмінал арыентаваны на працу з Еўропай. Нагадаем, што сам Аляксандр Зайцаў таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША.

 

Ужо пры Вараб’ёве, у 2024 годзе, кампанія «Юніонвэй» атрымала крэдыт на будаўніцтва новага лагістычнага тэрмінала ў Свіслачы – амаль 20,3 мільёна беларускіх рублёў, або каля 6,25 мільёна долараў. Будоўлю фінансуе дзяржаўны «Банк развіцця» ў межах праграмы «Адзін раён – адзін праект». Агульны запланаваны аб’ём інвестыцый у лагістычны цэнтр – каля 68 мільёнаў беларускіх рублёў.

«Адзін раён – адзін праект» – дзяржаўная праграма, якую ў 2022 годзе ініцыяваў сам Аляксандр Лукашэнка з мэтай стварэння новых працоўных месцаў у рэгіёнах.

Акрамя крэдыту новы бізнэс Аляксандра Зайцава атрымаў яшчэ масу бонусаў ад уладаў. Напрыклад, дзяржава вылучыла «Юніонвэю» ўчастак пад будаўніцтва лагістычнага цэнтра ў арэнду без аўкцыёну, гэта значыць, цалкам бясплатна. Так як фірма з’яўляецца членам свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест», яна вызваленая ад выплаты зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельны ўчастак.

ІНФАРМАЦЫЯ ПА ЎЧАСТКУ № 12 СЭЗ «ГРОДНАІНВЕСТ»
UCHASTOK SVISLOCH

Акрамя гэтага, «дзяржава ў сваю чаргу бярэ на сябе адказнасць у вырашэнні пытанняў па стварэнні аб’ектаў інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, рашэнні задач забяспечанасці жыллём», – пракаментавала праўладнаму выданню «Беларусь сегодня» начальнік філіяла «Банка развіцця» ў Гродне Алена Стальбоўская.