Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Буйны беларускі бізнэсовец сышоў з Польшчы пасля нашага расследавання

Паспяховы беларускі бізнэсовец Вадзім Грынкевіч прадаў польскую кампанію SP Europe пасля нашага расследавання «Вялікая наладка».

 

У публікацыі мы распавялі пра міжнародны холдынг «Армтэк», які займаецца дыстрыбуцыяй аўтазапчастак ва ўсім свеце. Яго стварылі беларусы Вадзім і Алег Грынкевічы. «Бюро» высветліла, што «Армтэк» абслугоўваў асабісты гараж Аляксандра Лукашэнкі і пастаўляў у Расію, якая вядзе вайну, падсанкцыйныя тавары падвойнага прызначэння – падшыпнікі з Еўропы.

 

У публікацыі «Бюро» згадвалася і польская кампанія SP Europe, якая валодае складам на 10 тысяч квадратных метраў пад Варшавай і таксама займаецца гандлем аўтазапчасткамі. Вадзім Грынкевіч кантраляваў SP Europe праз ірландскую фірму Pantek Automotive Limited, але са студзеня гэтага года польскі дыстрыб’ютар аўтазапчастак больш не належыць беларускаму бізнэсоўцу, вынікае з рэестра бенефіцыяраў польскіх кампаній.

«Pantek прадала SP Europe у межах працэсу карпаратыўнай рэструктурызацыі ў студзені 2025 года, і ў выніку польская кампанія болей не ўваходзіць у склад нашай групы», – паведаміў «Бюро» прадстаўнік Pantek.

Новым уладальнікам SP Europe стаў галандзец Паул Боскма (Paul Boskma). Мы высветлілі, што ён меў сувязі з бізнэсам Вадзіма Грынкевіча. Боскма ўваходзіць у савет дырэктараў швейцарскай фірмы Lemeitr AG. Гэтая кампанія валодала долямі ў беларускіх прадпрыемствах «Альфа Мотарс» і «Еўразапчастка», калі іх кіраўніком быў Вадзім Грынкевіч. Гаворка ідзе пра ліпень – снежань 2021 года і студзень – верасень 2022 года. Прадстаўнік Pantek не стаў каментаваць «асабістыя стасункі» Грынкевіча з Боскмам. SP Europe не адказала на наш запыт.

 

На сайце SP Europe мы таксама знайшлі, што польская кампанія працягвае гандляваць аўтазапчасткамі пад брэндамі Stellox, Edcon і Areol. Гэтымі маркамі гандлюе «Армтэк» у Беларусі, Расіі і Казахстане.

 

На фоне еўрапейскіх санкцый супраць Расіі і Беларусі SP Europe значна павялічыла выручку ад продажаў. У 2022 годзе – у чатыры разы (да 9,69 мільёна долараў), у 2023 годзе – на 73,8% (да 17,88 мільёна долараў) у параўнанні з папярэднімі гадамі.

«Дзейная з 2016 года кампанія SP Europe стала ва ўмовах міжнародных санкцый (у 2022 – 2024 гадах) адным з найважнейшых звёнаў у пастаўках запчастак з еўрапейскіх заводаў-падрадчыкаў на рынкі Расіі, Беларусі і Казахстана. <...> Расследаванне «Бюро Медыя», якое раскрыла схемы працы кампаній Грынкевічаў, падобна, стала той прычынай, якая падштурхнула братоў пазбавіцца ад свайго актыву ў Польшчы», зазначыў у сваім тэлеграм-канале журналіст Вадзім Сяховіч, які спецыялізуецца на беларускім бізнэсе.