Kvitki.by ліквідуюць
Як стала вядома «Бюро», юрыдычная асоба сэрвісу па продажы білетаў Kvitki.by «Квіткі Бел» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі – рашэнне ўласнікаў аб ліквідацыі датуецца 17 верасня.

Напрыканцы жніўня «Наша Ніва» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што кіраўніцтва кампаніі было затрыманае – старонкі Kvitki.by у сацсетках былі выдаленыя, а мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў недаступныя. Праца сайта пасля «тэхнічнага збою» ўсё ж была адноўленая, аднак з'явілася паведамленне, што Kvitki.by часова не рэалізуюць білеты, па ўсіх пытаннях пакупнікоў накіравалі да арганізатараў мерапрыемстваў.
Ёсць версія, што ўсе гэтыя затрыманні звязаныя з чатам «Орг BY», які прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Паводле версіі КДБ, да гэтага чата меў дачыненне дырэктар Kvitki.by Аляксандр Касінскі.