Літоўская мытня праверыць фігурантаў нашага расследавання
Літоўская мытня правядзе праверку пасля публікацыі нашага расследавання пра пастаўкі італьянскага абсталявання ў Беларусь у абыход міжнародных санкцый. Дастаўкай грузу займалася літоўская кампанія Didneriai.
«Дзякуем вам за інфармацыю, якая перададзеная для правядзення адпаведнай праверкі, пра вынікі якой мы дадаткова апавясцім», – паведамілі «Бюро» ў літоўскай мытні.
У лістападзе мы расказалі, як па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі ў Гродне пабудавалі новы шкляны завод, абуладкаваўшы яго новым італьянскім абсталяваннем. Гаворка ідзе пра тры лініі вытворчасці шкляной тары, выпушчаныя кампаніяй EMS Group. Такое абсталяванне забаронена вывозіць з Еўрапейскага саюза з сакавіка 2022 года.
Але яго даставілі ў Беларусь у абыход міжнародных санкцый. Для гэтага выкарыстоўвалася фірма-пракладка з Казахстана, а таксама быў зменены код тавару. Адзін са сведкаў гэтых схем падзяліўся з намі падрабязнасцямі. Мы здабылі звесткі і дакументы, якія пацвярджаюць ягоныя словы.
Суўладальнік літоўскай кампаніі Didneriai Мар’янас Вавілавас у гутарцы з нашымі калегамі з Siena пацвердзіў, што яны перавозілі італьянскае абсталяванне ў Гродна. Але не прыгадаў, каб у дакументах мянялі мытны код тавару.
У нашым распараджэнні з’явілася некалькі відэазапісаў схаванай камерай, дзе Вавілавас прызнаецца, што пастаўляў італьянскае абсталяванне ў Беларусь у абыход санкцый:
«Мы падабралі такі код, каб тавар быў не санкцыйны. Зрабілі ўсё як трэба», – кажа на відэа бізнэсовец.
Абсталяванне завозілі ў Беларусь у 2022 і 2023 гадах. Яго кошт перавышае два мільёны еўра. Італьянскія лініі выкарыстоўваюцца на новай вытворчай пляцоўцы Гродзенскага шклозавода, пацвердзілі на прадпрыемстве.