Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Сяброўка Ліліі Лукашэнкі перапісала свае актывы ў Еўропе

«Бюро» высветліла, што Людміла Няронская перапісала сваю кампанію ў Польшчы на давераную асобу. Да лютага 2023 года сяброўка сям’і Віктара Лукашэнкі Людміла Няронская сумесна валодала кампаніяй у Польшчы – Transexpedition Polska. Кампанія займалася лагістыкай, пастаўкамі звадкаванага вуглевадароднага газу (LPG) і чыгуначнай экспедыцыяй. У 2021 годзе фірма таксама выконвала перавалку сыпучай хіміі для Sibur International GmbH – актыву, шчыльна звязанага з сям’ёй Уладзіміра Пуціна. У фінансавых дакументах Transexpedition Polska пазначае, што яе асноўныя бізнэс-інтарэсы размешчаныя ва «ўсходніх суседзяў» – у Расіі, Беларусі, Украіне.

 

Transexpedition Polska была заснаваная ў 2019 годзе беларускім бізнэсоўцам Артурам Зубарыкам (50%) і набліжанай да сям’і Лукашэнкі бізнэсоўкай Людмілай Няронскай (50%). Узначаліла польскі актыў беларускіх бізнэсоўцаў іх суайчынніца Ганна Машэра. Да гэтага прызначэння яна працавала ў беларускай кампаніі Няронскай «Захадтрансэкспедыцыя».

 

Мы высветлілі, што Ганна Машэра не проста супрацоўніца структур Няронскай, а сяброўка сям’і і блізкі чалавек. У яе інстаграм-акаўнце мы знайшлі ўзаемныя падпіскі з самой Людмілай Няронскай, маці Няронскай Клаўдзіяй Мінаковай і дзецьмі шлюбнай пары Няронскіх. Дочкі Няронскай і Машэры разам адпачывалі ў Італіі.

Людміла Няронская даўно звязаная з сям’ёй Віктара Лукашэнкі. Дзеці Няронскай і Лукашэнкі вучыліся разам у прэстыжнай мінскай гімназіі № 16. Дарэчы, там жа Няронская і Лілія Лукашэнка былі разам у папячыцельскім савеце. У 2019 годзе Няронская з жонкай і дзецьмі Віктара Лукашэнкі лётала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На шляху назад да іх далучыўся і сам Віктар.

 

Не так даўно «Бюро» расказвала пра тое, што Людміла Няронская пачала сумесны бізнэс з сынам Віктара Лукашэнкі Аляксандрам Лукашэнкам – малодшым.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і ўвядзення санкцый Transexpedition Polska стала мяняць свой профіль дзейнасці, займаючыся не толькі пастаўкамі звадкаванага газу, але і перавозкай інгібітараў, аўтамабіляў, рапсу, збожжавых і іншых тавараў. Паводле інфармацыі «Бюро», кампанія ў 2023 і 2024 гадах пастаўляла ў Расію грузавыя машыны (Mercedes-Benz, Volkswagen, IVECO) з Германіі.

 

Да ўварвання польскі актыў Людмілы Няронскай прыносіў неблагі прыбытак сваім уладальнікам. За 2021 год фірма атрымала чыстага прыбытку 7 мільёнаў злотых, у 2022 годзе – каля 5 мільёнаў злотых. Але апошнія два гады – 2023-ці і 2024-ты – кампанія стабільна ідзе ў мінус па выніках года.

 

 

ПРОДАЖ РАСІЙСКАЙ ДАЧКІ

З-за санкцый Transexpedition Polska давялося пазбавіцца ад долі ў расійскай кампаніі. З 2021 года яна валодала 99,9% долі ў фірме «Грузавая служба», зарэгістраванай у Смаленску. Але пасля пачатку ўварвання польская кампанія прадала яе Людміле Няронскай і Артуру Зубарыку, то бок уласным уладальнікам. Кошт угоды – 20,9 мільёна злотых, або 4,4 мільёна еўра.

 

27 студзеня 2023 года, за некалькі дзён да гэтай угоды ў польскай кампаніі, пазачарговы сход акцыянераў вырашыў выплаціць 8,2 мільёна злотых (1,7 мільёна еўра) дывідэндаў Няронскай і Зубарыку з прыбытку за 2019 – 2021 гады.

 

Ужо 2 лютага 2023 года дырэктарка Transexpedition Polska Ганна Машэра стала адзінай уладальніцай кампаніі. Дамоўленасці з былымі ўладальнікамі былі такія: спачатку яны заплацяць за купленую імі расійскую дачку, а потым атрымаюць дывідэнды ад польскай кампаніі.

 

Але мяркуючы па справаздачах Transexpedition Polska на 2024 год, у Зубарыка і Няронскай заставаўся доўг за расійскую кампанію ў памеры 7,98 мільёна злотых (1,8 мільёна еўра).

 

Па выніку ў 2024 годзе адбыўся ўзаемазалік. Польская кампанія залічыла частку доўгу за продаж былой расійскай дачкі ў кошт дывідэндаў, якія павінна Зубарыку і Няронскай.

 

Кампанія залічыла 5 мільёнаў злотых доўгу за расійскую кампанію за такую ж частку дывідэнднага доўгу і спісала 2 мільёны злотых сабе на страту. І засталася вінная яшчэ 2,98 мільёна злотых дывідэндаў Зубарыку і Няронскай.

 

Пры гэтым нягледзячы на продаж кампаніі, Transexpedition Polska дагэтуль застаецца як «партнёр» на сайце групы кампаній «Сыравінныя рэсурсы-бел», якая належыць Людміле Няронскай і Артуру Зубарыку.

 

Цяперашняя ж уладальніца Transexpedition Polska Ганна Машэра працягвае развіваць бізнэс у Польшчы. У чэрвені 2025 года яна зарэгістравала новую фірму ў Беластоку – Krafttrade. Кампанія плануе займацца экспедыцыяй, лагістыкай і неспецыялізаваным гуртовым гандлем.