Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Расія не ратуе. Як санкцыі ўдарылі па экспарце беларускага паліва

Беларускія ўлады не здолелі аднавіць дасанкцыйныя аб’ёмы экспарту нафтапрадуктаў. Пра гэта сведчаць сакрэтныя дадзеныя, якія здабыла Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі і якімі падзялілася з «Бюро».

 

Летась Беларусь вывезла ў Расію чыгункай больш як 5,7 мільёна тонаў нафтапрадуктаў. У параўнанні з 2023 годам аб’ёмы экспарту знізіліся амаль на чвэрць. Найбольш заўважна праселі пастаўкі дызельнага паліва – на 58% (да 1 мільёна тонаў), а таксама бензіну – на 13% (да 2,3 мільёна тонаў).

 

Раней Беларусь экспартавала ўдвая больш нафтапрадуктаў – прыкладна 11 мільёнаў тонаў за год. Беларускае паліва вазілі чыгункай у парты краін Балтыі, а таксама ва Украіну. Пасля задушэння маштабных пратэстаў і прымусовай пасадкі самалёта Ryanair пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у ЕС апынуліся пад забаронай. Украіна таксама перастала закупляць паліва ў беларускіх уладаў, якія вытупілі суагрэсарам у вайне.

«Раней мы куплялі вельмі танную нафту ў Расіі і прадавалі вырабленыя з яе нафтапрадукты ва Украіну і краіны Балтыі. Яны раскупляліся як гарачыя піражкі з шалёнай маржай. Цяпер усё пад санкцыямі – яны іграюць сваю ролю», – расказаў «Бюро» адзін з нафтатрэйдараў.

Страціўшы асноўныя каналы збыту, Беларусь накіравала экспартныя патокі праз расійскія парты. У прыватнасці, у парты Санкт-Пецярбурга і Усць-Лугі летась вывезена каля 4 мільёнаў тонаў нафтапрадуктаў. З расійскіх партоў беларускія нафтапрадукты накіроўваюцца ў іншыя краіны. Да прыкладу, у Індыю або Кітай, сказала наша крыніца. Паводле ейных словаў, каб абысці санкцыі, выкарыстоўваюць фірмы-пракладкі.

«Усе гэтыя пракладкі трэба карміць. Ад гэтага зніжаецца маржынальнасць. І адлегласць да расійскіх партоў нашмат большая, чым да краін Балтыі. У выніку лагістыка зжырае ўвесь прыбытак і пастаўкі робяцца нявыгаднымі», – зазначыў нафтатрэйдар.

Асноўнымі адпраўнікамі беларускіх нафтапрадуктаў летась былі Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і прыватная кампанія «Лагістык Энерджы». Апошняя звязаная з уплывовым бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём, якога называюць «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі. Раней мы расказвалі, як бізнэсовец выкарыстоўвае «Лагістык Энерджы» для абыходу персанальных санкцый.