Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Колькі Ірыне Абельскай плацяць у лечкамісіі

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы медыяпраекта BYMEDSOL«Белыя халаты»

Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі, вось ужо 16 год кіруе Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтрам, які знаходзіцца ў веданні Упраўлення спраў Лукашэнкі. У народзе гэтая клініка вядомая як лечкамісія.

 

У 2018 годзе яе калектыў пераехаў у новы ультрасучасны будынак у Ждановічах, на ўзвядзенне якога выдаткавалі 100 мільёнаў долараў з беларускага бюджэту. Аднак нягледзячы на тое, што медычны цэнтр будаваўся за дзяржаўныя сродкі, бясплатна ў ім абслугоўваюць толькі чыноўнікаў, а вось простых грамадзян выключна за грошы.

 

Прадстаўнік «Белых халатаў» тлумачыць, што паводле статусу гэтая ўстанова прыраўноўваецца да рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ).

«РНПЦ – гэта апошні, самы высокі ўзровень [у сістэме аказання меддапамогі]: у гэтай установе павінны канцэнтравацца самыя перадавыя тэхналогіі, самыя кваліфікаваныя людзі, і ў адрозненне ад звычайнай лякарні яны нацэленыя на тое, каб змагацца з найбольш складанымі выпадкамі. Па такім прынцыпе арганізаваныя ўсе РНПЦ, акрамя аднаго – Упраўлення спраў [Лукашэнкі]. Гэтая арганізацыя створаная не для таго, каб займацца праблемамі нейкай канкрэтнай галіны ў ахове здароўя і ў медыцыне, а для чыноўнікаў. Па сутнасці, яна з’яўляецца шматпрофільнай установай, якая выконвае функцыю і паліклінікі, і стацыянара для пэўнай катэгорыі грамадзян. РНПЦ пабудаваны на грошы падаткаплацельшчыкаў. Таму сам факт існавання такой установы выклікае пытанні», – пракаментаваў «Бюро» медыяпраект «Белыя халаты».

«Бюро» высветліла, якую заработную плату Ірыне Абельскай налічаюць у клініцы для беларускай «эліты».

 

У 2022 годзе ейная налічаная зарплата, з якой выплачваліся падаткі і ўзносы, планамерна расла ад 4,7 да 8,2 тысячы беларускіх рублёў, і за год Абельскай налічылі амаль 81,6 тысячы беларускіх рублёў. За 2023 год яе заработная плата брута склала 94,7 тысячы беларускіх рублёў. У 2024 годзе тэндэнцыя да росту заробку ў мамы Мікалая захавалася. Аб’ём стаўкі галоўнага лекара дасягнуў 11,7 тысячы беларускіх рублёў. За 9 месяцаў Ірыне Абельскай налічылі больш як 82 тысячы беларускіх рублёў.

 

«Белыя халаты» пагутарылі з галоўным лекарам аднаго з прыватных беларускіх медычных цэнтраў, які таксама працаваў на кіраўнічых пасадах і ў дзяржаўнай медыцыне, і даведаліся, наколькі заяўленая зарплата Ірыны Абельскай адпавядае ўзроўню ў іншых медычных установах краіны:

«РНПЦ у краіне ўсяго 17 штук, і гэта сапраўды кіраўнікі высокага ўзроўню. Дырэктары РНПЦ – гэта штучныя спецыялісты для краіны, якія павінны быць увасабленнем усёй медыцынскай навукі, выконваць вельмі цудоўна прадстаўнічую функцыю, ведаць мовы, павінны быць вучонымі і лідарамі сусветнага ўзроўню. Таму для іх такая зарплата гучыць цалкам адэкватна. Больш за тое, такую зарплату могуць атрымліваць (маглі, прынамсі, раней) дырэктары прыватных медцэнтраў. Праблема толькі ў тым, што Абельская не адпавядае па ўзроўні сваіх кампетэнцый займанай пасадзе».