Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

ЗША пайшлі на новыя саступкі «Белавія»

Урад ЗША дазволіў «Белавія» лётаць на амерыканскіх боінгах у Расію. Гэты папулярны напрамак больш не трапляе пад абмежаванні. Паслабленні адбыліся на фоне перамоваў адміністрацый Лукашэнкі і Трампа па вызваленні палітзняволеных у абмен на адмену санкцый. «Бюро» разбіралася ў сітуацыі.

 

 

У АБЛЁТ САНКЦЫЙ

У снежні мы расказалі, што «Белавія» парушала ўмовы адмены санкцый ЗША, лётаючы на боінгах амерыканскай вытворчасці ў Расію. Аднак з новых дакументаў мы даведаліся, што да моманту нашай публікацыі гэтае абмежаванне ўжо было знятае – нягледзячы на тое, што «Белавія» рэгулярна яго абыходзіла.

 

У чорным спісе было восем канкрэтных самалётаў Boeing 737. «Бюро» вывучыла расклад іх рэйсаў і высветліла, што сем лайнераў, нягледзячы на забарону, у верасні лёталі ў Маскву, шэсць – у Сочы, чатыры – у Санкт-Пецярбург. Асобныя самалёты накіроўваліся ў Калінінград, Екацярынбург, Махачкалу, Наябрск і Самару.

 

Рэакцыя амерыканскага боку на гэтыя парушэнні апынулася нечаканай: замест пакарання – новыя саступкі. Санкцыі знялі з самалёта Лукашэнкі. Гаворка пра ўрадавы лайнер з бартавым нумарам EW-001PA.

 

Паслабленні Міністэрства гандлю ЗША акрэсліла ў кастрычніцкім лісце да «Белавія». У ім зноў адзначалася: палёты ў Расію на боінгах амерыканскай вытворчасці забароненыя.

 

Тым не менш «Белавія» працягнула выконваць гэтыя рэйсы. З’явіліся нават новыя напрамкі: у Казань і Уладзікаўказ. Мяркуючы па ўсім, Беларусь прынцыпова ігнаравала ўмовы амерыканцаў: Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку назваў забарону на палёты боінгаў «Белавія» ў Расію «недарэчнымі абавязацельствамі».

 

 

ЧЫСТАЕ НЕБА

«Бюро» звярнулася ў Мінгандлю ЗША з просьбай пракаментаваць парушэнні з боку «Белавія». Адказу ад ведамства мы не атрымалі – аднак знайшлі новы ліст, які амерыканцы накіравалі «Белавія» ў лістападзе. У ім Расію ўжо не называлі ў ліку краін, у якія беларускаму перавозчыку забаронена лётаць на амерыканскіх боінгах. Такія паслабленні ад ЗША выключна выгадныя «Белавія»: рэйсы ў Расію – самыя шматлікія і папулярныя ў авіякампаніі.

 

Гендырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец шчыра заявіў, што зняцце амерыканскіх абмежаванняў стала «сігналам» для «ўсіх партнёраў» перавозчыка:

«Мы з імі ўжо сустракаемся. З віцэ-прэзідэнтам «Боінга» была добрая, прыязная сустрэча. Абмеркавалі, як мы цяпер разгортваем, аднаўляем нашае супрацоўніцтва. Гэта нашмат спрашчае абслугоўванне самалётаў, набыццё запасных частак, праграмнага забеспячэння. І фінансавыя пытанні, я маю на ўвазе правядзенне плацяжоў у доларах, таксама робяцца прасцейшымі».

Паводле слоў Чаргінца, зняцце санкцый таксама дапамагло пашырыць геаграфію рэйсаў «Белавія»:

«Мы аднавілі палёты ў Алматы, з 8 студзеня мы аднаўляем палёты ў Ізраіль, у Тэль-Авіў. 8 студзеня адкрываем новы кірунак, далёкамагістральны – Утапаа (Тайланд), 11 студзеня – Пхукет (Тайланд). Вясной паляцім у Нячанг (В’етнам), вясной-летам у Туніс, Іарданію».

«Бюро» накіравала ліст у амерыканскае Міністэрства гандлю з просьбай растлумачыць, чаму ЗША пайшлі на новыя саступкі «Белавія», нягледзячы на парушэнні ўмоваў зняцця санкцый з яе боку. Мы чакаем адказу.

 

 

ТУРБУЛЕНТНЫЯ СТАСУНКІ

«Белавія» і раней абыходзіла абмежаванні Штатаў, але тады рэакцыя амерыканцаў была супрацьлеглай. У 2022 годзе ЗША забаранілі выкарыстоўваць самалёты і дэталі амерыканскай вытворчасці ў Расіі і Беларусі без спецыяльнага дазволу. «Белавія» гэтую забарону праігнаравала і працягнула лётаць на самалётах Boeing, у якіх доля амерыканскіх тэхналогій практычна стопрацэнтная. Тады Вашынгтон узмацніў націск і забараніў лайнерам амерыканскай вытворчасці заходзіць у паветраную прастору Беларусі. У 2023 годзе захады зрабілі больш строгімі: усім амерыканскім грамадзянам і кампаніям забаранілі любое супрацоўніцтва з «Белавія», а актывы авіякампаніі ў юрысдыкцыях ЗША заблакавалі.

 

Адмену абмежаванняў анансаваў прадстаўнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у верасні 2025 года. Тады ж з беларускіх турмаў вызвалілі і выслалі ў Літву 52 палітзняволеных, уключаючы 14 замежных грамадзян.

 

Адзначым, што «Белавія» па-ранейшаму нельга выкарыстоўваць лайнеры амерыканскай вытворчасці для палётаў у Іран, Паўночную Карэю, Сірыю, на Кубу і акупаваныя тэрыторыі Украіны. Таксама забароненая перавозка грузаў, якія Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.