Тытунёвыя навічкі
У 2024 годзе на тытунёвым рынку Беларусі пачаліся перастаноўкі. Міжнародныя карпарацыі скасоўваюць ліцэнзійныя дамовы з падсанкцыйнымі ўладальнікамі буйных фабрык.
Так, у маі 2024 года японская JT International скасавала ліцэнзійныя пагадненні з кампаніяй Тапузідзіса «Тытунь-Інвест» – адным з найбуйнейшых вытворцаў цыгарэт у Беларусі. Прычыны скасавання не называюцца. Але, імаверна, яны звязаныя з санкцыямі.
Падзея не прайшла міма Лукашэнкі, які сёлета ў жніўні правёў нараду па тытунёвай галіне, дзе падзяліўся асцярогамі:
«Сённяшнія тэндэнцыі не могуць не насцярожваць».
Але пры гэтым заявіў:
«Мы знайшлі магчымасці нівеляваць наступствы санкцый і забяспечыць сябе сыравінай і матэрыяламі».
Адначасова з гэтым на закрытым тытунёвым рынку Беларусі «намаляваліся» тры новыя кампаніі: «Сентоні ПРА», «Алідзі-Вест» і «Мувлінк».
«Бюро» лічыць, што некаторыя з іх, падобна, створаныя, каб абыходзіць санкцыі, уведзеныя супраць буйных тытунёвых дзялкоў – Паўла Тапузідзіса і Аляксея Алексіна.
«МУВЛІНК»
У жніўні гэтага года беларуская кампанія «Мувлінк» падпісала ліцэнзійную дамову з брытанскай кампаніяй JSS Tobacco Ltd на цыгарэтны брэнд Manchester. Пры гэтым на момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу «Мувлінк» не мае ліцэнзіі на вытворчасць тытунёвай прадукцыі.
Фірма была створаная ў 2020 годзе, але яе бухгалтарская справаздачнасць засакрэчаная згодна з пастановай Савета міністраў № 1149 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку захоўвання звестак, якія складаюць падатковую таямніцу, доступу да іх і іх абнародавання». Звычайна пад гэтую пастанову падпадаюць кампаніі звязаных з Лукашэнкам бізнэсоўцаў.
Нашмат болей інфармацыі «Бюро» атрымала, вывучыўшы паслужныя спісы кіраўніцтва «Мувлінка».
Былы дырэктар «Мувлінка» і заснавальнік кампаніі – Сяргей Ермалінскі – у 2017–2018 гадах працаваў у алексінаўскай кампаніі «Энерга-Оіл». Прыкладна ў той жа час, з 2016-га па 2017-ты, ён працаваў у Беларускім клубе біятлона пад кіраўніцтвам колішняга старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Пост дырэктара і ўладальніка «Мувлінка» Ермалінскі займаў з 2020-га па кастрычнік 2023 года.
У 2022 годзе ў «Мувлінк» Ермалінскага на пасаду намесніка дырэктара прыходзіць Эдмунд Тышкевіч. Ён – былы намеснік Юрыя Чыжа па эканамічных і фінансавых пытаннях у кампаніі «Трайпл». У 2016 годзе Тышкевіч быў затрыманы па так званай справе Чыжа. Але суд так і не здарыўся, падазроныя пайшлі на супрацоўніцтва са следствам і былі адпушчаныя на волю. Эдмунд Тышкевіч працягваў працаваць у «Трайпле» да 2019 года.
У 2021 годзе Тышкевіч пакідае «Трайпл» і робіцца намеснікам дырэктара ў «Кідма-тэк». Нагадаем, арганізацыя звязаная з іншым «кашальком» Лукашэнкі – Аляксандрам Зайцавым і займаецца вытворчасцю зброі і боепрыпасаў. З 2021 года «Кідма-тэк» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.
А ў 2022 годзе намеснік дырэктара «Кідма-тэк» Эдмунд Тышкевіч перайшоў на аналагічную пасаду ў «Мувлінк», дзе працягнуў працаваць пасля змены кіраўніцтва і ўладальніка.
Цяпер кампаніяй валодае і кіруе нехта Анастасія Савельева. З 2021 года яна працавала ў «Мувлінку» пад кіраўніцтвам Ермалінскага, а ў 2023 годзе заняла яго месца. Да таго Анастасія доўгі час працавала ў ТАА «Тэхнаніколь» – даччынай кампаніі расійскага вытворцы дахавых, гідраізаляцыйных і цеплаізаляцыйных матэрыялаў.
Ейны муж Дзмітрый Савельеў – старшы оперупаўнаважаны чацвёртага ўпраўлення ГУБАЗіК. На 2015 год падпалкоўнік міліцыі.
Анастасія Савельева адмовілася каментаваць «Бюро» дзейнасць кампаніі «Мувлінк».
«СЕНТОНІ ПРА»
Кампанія была створаная ў снежні 2023 года. Яна вырабляе цыгарэты марак Vogue, Kent, Rothmans, Pall Mall і Lucky Strike і імпартуе цыгарэты марак Camel, Richmond і Sobranie.
Валодаюць ёю Сяргей Карповіч і ТАА «Буд-АнДзі» з роўнымі долямі – па 50%.
Сяргей Карповіч – чалавек з атачэння падсанкцыйных бізнэсоўцаў Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча. Раней ён ужо быў суўладальнікам іншых звязаных з Тапузідзісам кампаній.
Другі ўладальнік «Сентоні ПРА» – кампанія «Буд-АнДзі». Яе ўладальнік Андрэй Піскароў працаваў на вядомага бізнэсоўца з атачэння Лукашэнкі – Юрыя Чыжа, а затым быў бізнэс-партнёрам Сяргея Чыжа і Дзмітрыя Алексіна.
Раней «Бюро» ўжо падрабязна апавядала пра «Сентоні ПРА».
РАСІЙСКІ «АЛІДЗІ-ВЕСТ»
З 1 жніўня 2024 года на беларускі тытунёвы рынак прыйшоў яшчэ адзін новы гулец.
Даччынае прадпрыемства расійскага гандлёвага холдынга «Алідзі» – «Алідзі-Вест» пачало вытворчасць цыгарэт марак Kent і Rothmans у краіне.
Кампанія была зарэгістраваная яшчэ ў 2012 годзе, але да гэтага займалася пастаўкамі корму для хатніх жывёл ад Nestle і іншых вытворцаў, дзіцячых сумесяў і рознай прадукцыі ад Procter&Gamble.