«Заліпай на choco pie»
У кастрычніку мы ўжо расказвалі пра тое, што Аляксандр Зайцаў будуе кандытарскую фабрыку «Ардзіта», аднак што менавіта там будуць вырабляць, не ўдакладнялася.

Завод «Ардзіта» ў «Брэміна-Орша». Крыніца: astronbuildings.com
«Бюро» атрымала рэферэнсы сайта, што ствараецца для завода «Ардзіта». Дзякуючы ім мы змаглі высветліць, што Аляксандр Зайцаў плануе запоўніць паліцы прадуктовых крамаў бісквітным печывам choco pie.
У лінейцы запланаваныя чатыры віды слодычаў: класічны, спорт (салёная карамель), антыстрэс (махіта) і крэатыў (клубніцы і банан).

Вытворца сцвярджае, што да класічнай рэцэптуры печыва яны дадалі вітаміны і мінералы, зрабіўшы тым самым кандытарскі выраб не толькі смачным, але і карысным і натуральным – без ГМА, кансервантаў і фарбавальнікаў.


Таксама «Бюро» вывучыла бухгалтарскую справаздачнасць «Ардзіты» за 2024 год і высветліла, што ў будаўніцтва завода «кашалёк» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў уклаў амаль 22 мільёна беларускіх рублёў. Праўда, выдаткоўвае бізнэсовец не свае грошы, а крэдытныя.
Раней мы расказвалі, што прадпрыемства плануе заняцца вытворчасцю кандытарскіх вырабаў пад брэндам ZALEEPIE. Мы высветлілі, што гэты таварны знак належыць «кашальку» Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву асабіста. Юрыдычная асоба «Ардзіта», у сваю чаргу, аформленая на колішнюю супрацоўніцу зайцаўскіх структур – Таццяну Кухараву. Раней яна была ўладальніцай зайцаўскай фірмы «Касмічнае агенцтва Белкосмас» і кіраўніцай кампаніі «Рух спорт менеджмент» у той час, калі ёй асабіста валодаў Аляксандр Зайцаў.