Сыны «кашалька» Лукашэнкі Алексіна сталі расійскімі бізнэсоўцамі
Нягледзячы на санкцыі, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна працягваюць займацца бізнэсам і пашыраць свой «праектны партфель».
КАВАВАР ВІТАЛЬ АЛЕКСІН
Малодшы сын «кашалька» Лукашэнкі Віталь Алексін увайшоў у франчайзенгавы бізнэс. У ліпені 2024 года ён атрымаў 30% у кампаніі «Пра ежу», якая валодае франшызай сеткі кавярняў пад брэндам Varka.
Яго бізнэс-партнёры – сузаснавальнікі кампаніі Андрэй Шостак і Яўген Малашэўскі. Цяпер сетка мае каля 80 кавярняў ва ўсёй Беларусі. У 2024 годзе выручка кампаніі склала 4 мільёны беларускіх рублёў, але год яна завяршыла са стратамі ў 244 тысячы.
Нягледзячы на страты, Varka пашыраецца і ў жніўні 2024 года выйшла на расійскі рынак. У расійскай кампаніі «Варка» долі паміж уласнікамі размеркаваныя па аналогіі з беларускай фірмай.
У сакавіку 2025 года ў Маскве запрацавала першая кавярня сеткі, другая адкрыецца ў Санкт-Пецярбургу.
НЕРУХОМАСЦЬ У ПАДМАСКОЎІ
Старэйшы сын тытунёвага магната Дзмітрый Алексін вырашыў заняцца нерухомасцю ў Падмаскоўі, але поспехі ягонага прадпрыемства пакуль сціплыя. У сакавіку 2022 года ён стаў мажарытарным уладальнікам кампаніі «ЮМН» з доляй у 60%. Яго бізнэс-партнёрка з 40% долі – расіянка Юлія Лабанава.
Кампанія Дзмітрыя Алексіна з’яўляецца ўласнікам нерухомасці недалёка ад Масквы і здае яе ў субарэнду. 2024 год кампанія скончыла з чыстым прыбыткам у 8 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 80 тысяч еўра).
Раней «Бюро» расказвала пра тое, як сям’я Алексіных перапісала на сваіх «тайных сваякоў» асноўныя актывы, каб абыходзіць санкцыйныя абмежаванні.