У абыход санкцый. «Белавія» рыхтуецца лётаць на самалётах Airbus
«Белавія» рыхтуе да палётаў тры самалёты Airbus A330-200, увезеныя ў Беларусь у абыход санкцый. Гэтыя самалёты ўжо атрымалі рэгістрацыйныя нумары EW-587PD, EW-588PD і EW-589PD, расказала «Бюро» крыніца ў авіяцыйнай галіне.
Адзін з самалётаў, перафарбаваны ў колеры «Белавія», трапіў у кадр відэасюжэту, знятага нядаўна ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Яго заўважылі нашыя калегі з выдання Reform.news. На відэа можна разабраць беларускі рэгістрацыйны нумар – EW-589PD. Самалёт стаіць на паркоўцы перад Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі № 407. Летась там адкрылі комплекс па фарбаванні паветраных суднаў.

Скрыншот з відэа. Airbus A330-200 у аэрапорце Мінск
З канца мінулага года беларускія бортправаднікі вучацца абслугоўваць самалёты, якія прыбылі ў Мінск, высветліла «Бюро». Сцюардэсы і сцюарды праходзілі навучанне ў Маскве. У авіяпарку «Белавія» ніколі не было самалётаў Airbus, а вось расійскі «Аэрафлот» ужо даўно іх выкарыстоўвае. У сацыяльных сетках мы знайшлі мноства фотаздымкаў беларускіх бортправаднікоў, якія праходзяць падрыхтоўку ў навучальна-трэніровачным комплексе «Аэрафлота». На адным з іх беларуская сцюардэса стаіць побач з макетам самалёта Airbus А330.

Крыніца: instagram.com
«Гэта я еду на рэйс з першага спаткання, ведаючы, што другога не будзе. Затое цяпер ён ведае, чым Boeing адрозніваецца ад Airbus», – напісала на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках іншая сцюардэса, якая праходзіла навучанне ў трэніровачным комплексе «Аэрафлота».
Паводле слоў яшчэ адной крыніцы ў авіяцыйнай сферы, «Белавія» разлічвае ў лепшым выпадку запусціць толькі два самалёты ў эксплуатацыю да канца гэтага года. Цяпер паветраныя судны прыводзяць да ладу, бо ў іх зношаны салон – самалётам болей за 20 гадоў.
«Усё зацягваецца яшчэ і таму, што «Белавія» ніколі раней не мела справы з Airbus. Проста мець такія самалёты і падрыхтаваныя экіпажы – недастаткова. Трэба падцягнуць адпаведным чынам і тэхнічны персанал, рамонтную базу, бортправаднікоў. Бо калі здарыцца нейкая няспраўнасць або нават планавае абслугоўванне – усё «стане». Да таго ж усё гэта адбываецца ва ўмовах жорсткіх санкцый. Акрамя таго справу зацягвае процьма бюракратычных працэдур», – расказала наша крыніца.
Airbus A330-200 можа перавозіць ад 210 да 406 пасажыраў і выкарыстоўваецца для палётаў на далёкія адлегласці. Магчымыя напрамкі з Беларусі: В’етнам, Тайланд і Кітай.
ЯК САМАЛËТЫ AIRBUS ТРАПІЛІ Ў БЕЛАРУСЬ?
Са снежня 2021 года дзяржаўная авіякампанія «Белавія» знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, а са жніўня 2023 года – пад санкцыямі ЗША. Каб прыгнаць у Беларусь самалёты Airbus, была выкарыстаная схема абыходу санкцый з удзелам фірмы-пракладкі. Назіральнікі за самалётамі сфатаграфавалі паветраныя судны, калі яны толькі прыбылі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у жніўні мінулага года.

Крыніца: jetphotos.com
На іх відаць надпіс Onur Air і сінія хвасты з пальмамі. І гэта не выпадкова. Некаторы час гэтыя паветраныя судны выкарыстоўваліся авіякампаніяй Saudi Arabian Airlines, чые самалёты маюць якраз такі сінія хвасты з пальмамі. У сакавіку 2020 года самалёты былі перададзеныя турэцкай кампаніі Onur Air, якая праз два гады абвясціла пра банкруцтва. З лістапада і снежня 2023 года ўсе тры самалёты належаць гамбійскай кампаніі Magic Air. Менавіта гэтая кампанія даставіла самалёты ў Мінск.
Гамбія не падпадае пад заходнія авіяцыйныя санкцыі і не брала на сябе ніякіх абавязкаў па іх выкананні, таму з’яўляецца зручнай юрысдыкцыяй для абыходу абмежаванняў. Раней некаторыя судны пад сцягам Гамбіі выкарыстоўваліся ў якасці ценявога флоту для экспарту расійскай нафты ў абыход санкцый.
Дзякуючы нашым калегам з OCCRP атрымалася даведацца, што асноўным уладальнікам гамбійскай кампаніі Magic Air з’яўляецца іарданскі бізнэсовец сірыйскага паходжання Тарэк Зіяд Абдэль Хамід аль-Аджамі.
Раней ён прыганяў самалёты Airbus для сірыйскай авіякампаніі Cham Wings. У часы рэжыму Башара Асада гэтая авіякампанія выкарыстоўвалася для перавозкі сірыйскіх наёмнікаў, гандлю зброяй, наркатрафіку і адмывання грошай. Акрамя таго, Cham Wings падпала пад еўрапейскія санкцыі, бо перавозіла ў Беларусь мігрантаў з Сірыі, якія спрабавалі нелегальна пранікнуць у ЕС.
Дарэчы, летась у жніўні разам з трыма самалётамі Airbus A330-200 гамбійская кампанія Magic Air прыгнала ў аэрапорт Мінска і адзін вузкафюзеляжны самалёт Airbus A320-200. Праз пару дзён гэты самалёт вылецеў у Дамаск. Цяпер ён належыць усё той жа сірыйскай кампаніі Cham Wings. Паводле звестак праекта Motolko.help, на гэтым самалёце ў Мінск прыляцеў кіраўнік сірыйскага МЗС незадоўга да звяржэння рэжыму Башара Асада.
«Бюро» зацікавілася прыбылымі ў Мінск самалётамі Airbus A330-200 у студзені гэтага года і запрасіла да супрацоўніцтва «Радыё Свабода». Праз месяц мы раскапалі інфармацыю пра ўладальнікаў Magic Air і схему па абыходзе санкцый. Выявілася, што над гэтай тэмай таксама працавала агенцтва Reuters. Яно апублікавала свой матэрыял раней за нас – у сакавіку гэтага года.
Брытанскія журналісты атрымалі каментар ад упраўлення грамадзянскай авіяцыі Гамбіі. Паводле слоў чыноўнікаў, тры самалёты Airbus A330-200 былі знятыя з рэгістрацыі ў Гамбіі праз два дні пасля прыбыцця ў Мінск, таму што кампанія Magic Air прадала іх кампаніі з ААЭ. Яе назва не паведамляецца. У еўрапейскай карпарацыі Airbus паведамілі Reuters, што дакладна выконваюць міжнародныя санкцыі, але не маюць магчымасці кантраляваць продаж патрыманых самалётаў і ўплываць на трэція бакі, якія парушаюць санкцыі.