«Белавія» парушае ўмовы адмены амерыканскіх санкцый
ЗАБАРОНЕНЫЯ ПАЛЁТЫ
Дзяржаўны перавозчык «Белавія» лётае ў Расію на боінгах, нягледзячы на забарону амерыканскага ўрада, высветліла «Бюро».
У пачатку лістапада ЗША афіцыйна знялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Адмену абмежаванняў анансавалі за два месяцы да таго, пасля вераснёўскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам. Тады ж з беларускіх турмаў былі вызваленыя і высланыя ў Літву 52 палітзняволеныя, у тым ліку 14 замежных грамадзян.
Нягледзячы на адмену санкцый, «Белавія» па-ранейшаму забаронена выкарыстоўваць лайнеры амерыканскай вытворчасці для палётаў у Расію, Іран, Паўночную Карэю, Сірыю, на Кубу і акупаваныя тэрыторыі Украіны. Гэтыя ўмовы Міністэрства гандлю ЗША акрэсліла яшчэ ў верасні ў спецыяльным лісце на імя гендырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца.
Ліст закранаў восем канкрэтных самалётаў Boeing 737. «Бюро» вывучыла расклад іх рэйсаў і высветліла, што сем лайнераў парушылі патрабаванні ЗША.
Усе яны ў верасні – лістападзе лёталі ў Маскву, шасцёра – у Санкт-Пецярбург і Сочы. Тры лайнеры выконвалі рэйсы ў Казань і Екацярынбург, два – у Калінінград. Асобныя самалёты накіроўваліся ў Махачкалу, Наябрск, Кіраў, Самару і Уладзікаўказ.
Падобна, ігнараванне ўмоваў зняцця санкцый – прынцыповая пазіцыя Мінска. У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка назваў забарону на палёты боінгаў «Белавія» ў Расію і іншыя краіны «недарэчнымі абавязацельствамі».
«Бюро» звярнулася ў Міністэрства гандлю ЗША з просьбай пракаментаваць парушэнні ўмоваў зняцця санкцый і ўдакладніць, якой можа быць рэакцыя амерыканскага боку. На момант публикацыі адказу ад ведамства мы не атрымалі.
ЯК САНКЦЫІ ПАЎПЛЫВАЛІ НА «БЕЛАВІЯ»
У амерыканскім санкцыйным спісе «Белавія» знаходзілася каля двух гадоў – аднак разнастайныя абмежаванні ў дачыненні да яе дзейнічалі даўжэй, з 2022 года. Тады, з-за пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, ЗША забаранілі выкарыстоўваць самалёты і дэталі амерыканскай вытворчасці ў Расіі і Беларусі без спецыяльнага дазволу. «Белавія» гэтую забарону праігнаравала і працягвала лётаць на самалётах Boeing, у якіх доля амерыканскіх тэхналогій практычна стопрацэнтная. Тады Вашынгтон узмацніў націск і забараніў лайнерам амерыканскай вытворчасці заходзіць у паветраную прастору Беларусі.
У 2023 годзе меры зрабілі больш строгімі: усім амерыканскім грамадзянам і кампаніям забаранілі любое супрацоўніцтва з «Белавія», а актывы авіякампаніі ў юрысдыкцыях ЗША заблакавалі. Вашынгтон заявіў, што санкцыі ўсялі ў сувязі з «трохгадовай гадавінай сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў [у Беларусі] у жніўні 2020 года».
Пра тое, як гэтыя абмежаванні ўплывалі на працу «Белавія», «Бюро» на ўмовах ананімнасці расказаў прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, які займаецца санкцыямі ў дачыненні да Беларусі:
«Праблемы ў сувязі з санкцыямі былі ў двух напрамках. Першы – гэта боязь аператараў аэрапортаў іншых краін, што яны, супрацоўнічаючы з «Белавія», могуць трапіць пад амерыканскія другасныя санкцыі. Другі – немагчымасць набыць у вытворцы арыгінальныя запчасткі і падтрымліваць самалёты ў стане авіяцыйнай прыгоднасці. Запчасткі ёсць у дзвюх катэгорыях. Першая – расходныя матэрыялы. Напрыклад, шыны, пракладкі, герметыкі, заклёпкі, невялікія электронныя кампаненты, прадметы інтэр’еру. Іх можна лёгка купіць на шэрым рынку ў Кітаі і ў Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе самалётаў вялізная колькасць. Гэтыя запчасткі не падлягаюць уліку, і «Белавія», я думаю, іх закупляла і працягвала лётаць на арыгінальных запчастках. Другая катэгорыя запчастак – нумарныя часткі, якія ўлічваюцца вытворцам. Гэта рухавікі, насосы, навігацыйнае абсталяванне. З імі ў «Белавія» таксама не было праблем: з-за таго, што іх флот не новага пакалення, гэтыя запчасткі можна было набываць у Кітаі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Там гэтых самалётаў шмат, і аб’ёмы «Белавія» ў параўнанні з імі проста мізэрныя. Таму яны папросту маглі і ў авіякампаній набываць гэтыя запчасткі праз пасярэднікаў. З-за санкцый «Белавія» не змагла законна абнаўляць карты, якія ўключаныя ў бартавое навігацыйнае абсталяванне і павінны абнаўляцца кожныя 28 дзён. Атрымаць іх легальна можна толькі ў вытворцы. То бок самалёты «Белавія» лёталі па старых, не абноўленых, картах, а таксама па папяровых. Яшчэ актуальныя карты можна, напрыклад, спампаваць на айпад і лётаць з ім замест тых карт, што падаюцца з абсталяваннем. Нават нармальныя авіякампаніі выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне для планшэтаў. Але для іх гэта запасны варыянт на выпадак, калі галоўныя карты не працуюць. «Белавія» ж даводзілася гэтым карыстацца ў якасці асноўнага спосабу».
ЦІ ДАПАМОЖА «БЕЛАВІЯ» РАСІІ АБЫСЦІ САНКЦЫІ
Цяпер, калі абмежаванні знятыя, «Белавія» можа купляць арыгінальныя дэталі і абсталяванне наўпрост у вытворцы. Гэта выклікае асцярогі, што Мінск зоймецца шэрым рээкспартам: будзе набываць вялікія партыі тавараў і перапрадаваць іх у Расію, авіяцыя якой дагэтуль знаходзіцца пад санкцыямі.
Прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, які займаецца санкцыямі ў дачыненні да Беларусі, у размове з «Бюро» назваў гэта малаімаверным:
«У Расіі, у адрозненне ад Беларусі, даволі шмат самалётаў найноўшага пакалення – напрыклад, Airbus A320neo і Boeing 737 MAX. Такіх самалётаў не вельмі шмат нават у Кітаі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэтыя самалёты ў Расіі сталі на прыкол менавіта з той прычыны, што запчасткі для іх у Кітаі і ў Азіі набыць немагчыма. На адзіны Boeing 737 MAX, які мае «Белавія», не атрымаецца рэгулярна купляць такую колькасць запчастак, якія патрэбныя ўсяму флоту Boeing 737 MAX у Расіі. Вытворца будзе адсочваць закупкі, бо ўсе гэтыя запчасткі мусяць ісці на абслугоўванне адзінага самалёта. Спроба набыць пад яго вялікую колькасць запчастак уздыме «чырвоныя сцягі», і рээкспарт хутка скончыцца, нават калі «Белавія» паспрабуе пачаць. А для старых самалётаў, аналагі якіх ёсць у Беларусі, расіяне наладзілі канал паставак яшчэ раней праз Кітай. Беларусь тут нічога новага даць не зможа».
ЯКІЯ ЯШЧЭ САНКЦЫІ ЗША ЗНЯЛІ З БЕЛАРУСКАЙ АВІЯЦЫІ
Разам з «Белавія» ў санкцыйным спісе ЗША знаходзіліся пяць беларускіх паветраных суднаў. З аднаго з іх абмежаванні цалкам знялі. Гаворка пра бізнэс-джэт Bombardier Challenger 850 з рэгістрацыйным нумарам EW-301PJ. На ім лёталі члены сям’і Аляксандра Лукашэнкі і высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі.
Тром іншым суднам выдалі спецыяльную ліцэнзію. Яна не здымае з іх санкцыі, але часова дазваляе «абслугоўванне, пералёты і іншыя тэхнічныя і камерцыйныя аперацыі» ў юрысдыкцыях ЗША. Гаворка пра самалёты з бартавымі нумарамі EW-001PA, EW-001PB і верталёт EW-001PH. Пад санкцыі яны падпалі за сувязі з Лукашэнкам і кампаніяй «Слаўкалій».
Пад санкцыямі ЗША па-ранейшаму застаецца грузавы Boeing 747−300 з бартавым нумарам EW-465TQ, які належыць кампаніі «ТрансАвіяЭкспарт».
ЦІ АДМЕНІЦЬ ЕС САНКЦЫІ СУПРАЦЬ «БЕЛАВІЯ»
Еўрасаюз прыняў санкцыі супраць «Белавія» раней, чым ЗША, – у 2021 годзе, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair і затрымання апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча. Яшчэ адной прычынай для ўвядзення абмежаванняў стала перавозка ў Беларусь выхадцаў з краін Азіі і Афрыкі, якія штурмавалі мяжу з ЕС.
З-за санкцый «Белавія» страціла магчымасць лётаць у краіны ЕС, Вялікабрытанію, Швейцарыю і Украіну. Таксама кампаніі давялося адмовіцца ад паловы свайго флоту, таму што еўрапейскія лізінгавыя фірмы спынілі з ёй супрацоўніцтва.
«Белавія» спрабавала аспрэчыць санкцыі праз суд агульнай юрысдыкцыі Еўрасаюза. Авіякампанія сцвярджала, што «міграцыйнага крызісу больш не існуе» і абвергла тэзіс, нібыта ёй выгадная ўлада Аляксандра Лукашэнкі. У 2024 годзе суд адхіліў гэты пазоў.
Адмена амерыканскіх санкцый не азначае, што цяпер «Белавія» будзе мець болей шансаў на аспрэчванне еўрапейскіх абмежаванняў, сказаў прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў размове з «Бюро»:
«Еўрапейскія санкцыі ў сферы авіяцыі – гэта не палітычнае рашэнне. Змена клімату або рашэнні палітыкаў, маўляў, мы хочам паслабіць абмежаванні, на сітуацыю не паўплывае. Таму што забарону еўрапейскім авіякампаніям выконваць рэйсы ў Беларусь і забарону беларускім кампаніям лётаць у ЕС пасля інцыдэнту з Пратасевічам увяла непалітычная арганізацыя – Еўрапейскае агенцтва бяспекі палётаў (EASA). Зрабілі гэта не для пакарання Беларусі, а таму, што рэгулятары ўбачылі: лётаць у Беларусь небяспечна, бо беларускія ўлады не выконваюць базавых абавязкаў. З пункту погляду EASA, авіяцыйная прастора Беларусі – гэта бяспраўная, пірацкая прастора, у якой еўрапейскім авіякампаніям знаходзіцца небяспечна. Ёсць толькі два варыянты, як гэтае рашэнне адмяніць. Першы – калі EASA прызнае, што рашэнне прынялі памылкова. Гэта практычна неімаверна. Па-першае, гэта будзе канцом кар’еры для людзей. Па-другое, усім зразумела, што рашэнне было прынятае з цалкам дакладных прычын. Другі варыянт – змена тых перадумоў, з-за якіх рашэнне было прынятае, дзякуючы чаму неба над Беларуссю можа будзе назваць бяспечным. Адзінае, што можа да гэтага прывесці, – паказальнае расследаванне гэтай справы і пакаранне вінаватых. Толькі ў выніку гэтага EASA можа адмяніць сваё прадпісанне па бяспецы. Рашэнне Еўракамісіі або любой іншай палітычнай сілы для іх не загад. У гэтым плане еўрапейскія санкцыі ў авіяцыйнай галіне нашмат горшыя, чым амерыканскія».