Узгоднена наверсе. Як скандальны сенатар Баскаў забудоўвае Мінск
У гэтым годзе кампаніі сенатара Дзмітрыя Баскава і яго партнёраў дабудоўваюць тры жылыя комплексы ў Мінску, у наступным – загарадны пасёлак недалека ад сталіцы. «Бюро» расказвае дэталі.
Сёлета ў лістападзе кампанія «СМУ-87» плануе завяршыць будаўніцтва жылога комплексу «Гранд Крыстал» – дома з трох секцый з рознай колькасцю паверхаў у мінскім мікрараёне Лебядзіны. Дзмітрыю Баскаву належаць 55% у кампаніі. Астатняе – ягоным партнёрам Генадзю Нарадоўскаму (22,5%) і Дзянісу Сташкевічу (22,5%).

Дзмітрый Баскаў. Крыніца: hockey.by
Акрамя Лебядзінага бізнэсоўцы актыўна асвойваюць і іншы мінскі мікрараён.
Кампанія «ГрандХаузІнжэнірынг» дабудоўвае жылы комплекс «Квартал на Грушаўцы». Участак пад будаўніцтва шасці дамоў і двух паркінгаў купілі на аўкцыёне яшчэ ў 2019 годзе за 19 мільёнаў рублёў. Пабудаваныя ўжо пяць з шасці жылых дамоў. Здача аб’екта запланаваная ў першым квартале гэтага года. Дзмітрыю Баскаву належаць 13% у «ГрандХаузІнжэнірынгу». Нарадоўскі і Сташкевіч – ягоныя ключавыя партнёры ў гэтай кампаніі. У іх па 25,5%.
Яшчэ адзін праект у Грушаўцы рэалізуе кампанія «Датч Стар». Раней там была доля ў Баскава, але цяпер будаўнічая фірма на парытэтнай аснове належыць толькі Нарадоўскаму і Сташкевічу. Жылы комплекс «Гранд Авеню» з чатырох дамоў плануецца здаць таксама сёлета.
Бізнэсоўцы таксама вядуць будаўніцтва загараднага комплексу «Гранд Віладж» з 13 дамоў каля вёскі Тарасава пад Мінскам. Праект рэалізуе кампанія «Рэторсія Трэйд», дзе Баскаву належыць 50%, а Нарадоўскаму і Сташкевічу – па 22,5%. Здача аб’екта запланаваная на другі квартал 2027 года.

Будаўніцтва комплексу «Гранд Віладж». Крыніца: realt.by
Незалежная экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская звяртае ўвагу, што мінскія ўлады даўно не прадаюць зямлю з аўкцыёнаў пад жыллёвае будаўніцтва. Участак пад «Квартал на Грушаўцы» пайшоў з малатка адным з апошніх. Усе наступныя пляцоўкі пад жыллё выдаваліся камерцыйным забудоўшчыкам ужо пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты, уключаючы жылы комплекс «Гранд Крыстал».
«У прынцыпе любы ўчастак зямлі ў горадзе і прыгарадзе «падпісвае» не горад ці раённыя ўлады – бярыце вышэй. І можна расцэньваць як факт, які адбыўся, – у Мінску да 2030-га выжывуць толькі тыя забудоўшчыкі, якія маюць магчымасць данесці свае ідэі на самы верх», –– піша Літоўская ў сваім тэлеграм-канале.
Баскаў такую магчымасць мае. Бізнэсовец неаднаразова выступаў за хакейную каманду Аляксандра Лукашэнкі, стаўшы яе галоўным трэнерам. Ён таксама трэніраваў Мікалая Лукашэнку.

Мікалай Лукашэнка (злева) і Дзмітрый Баскаў (у цэнтры). Крыніца: tut.by
З 2020 па 2021 год Баскаў узначальваў Федэрацыю хакея Беларусі. Ён пайшоў у адстаўку пасля таго, як Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала яго на пяць гадоў з-за націску на спартоўцаў за іх палітычную пазіцыю. Бізнэсовец таксама не ўвайшоў у выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, пераабраны летась. З 2021-га Баскаў з’яўляецца членам Савета Рэспублікі. Яго прызначыў Аляксандр Лукашэнка.
Партнёры Баскава Нарадоўскі і Сташкевіч валодаюць яшчэ адной будаўнічай кампаніяй – «Будманаліт». Яна будавала штаб-кватэру Нацыянальнага алімпійскага камітэта, а таксама аб’екты на футбольным стадыёне «Барысаў-Арэна», на цэментных заводах у Касцюковічах і Крычаве, Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне і Беларускім аўтамабільным заводзе ў Жодзіне.
Былыя сілавікі з ByPol лічаць, што Баскаў замяшаны ў забойстве актывіста Рамана Бандарэнкі.