Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Кліенты мабільнага аператара А1 не могуць зарэгістравацца ў Signal

Беларускія кліенты мабільнага аператара А1 сутыкаюцца з праблемай пры першаснай рэгістрацыі ў месэнджары Signal.

Signal лічыцца адным з самых бяспечных месэнджараў у свеце, які па змоўчанні выкарыстоўвае скразное шыфраванне end-to-end і адкрыты зыходны код. Гэта значыць, што нават самі распрацоўшчыкі і каманда Signal не маюць доступу да асабістай перапіскі карыстальнікаў і не захоўваюць іх метададзеныя.

Рэч у тым, што пры стварэнні акаўнта ў Signal карыстальніку неабходна ўвесці свой нумар мабільнага тэлефона і пацвердзіць яго з дапамогай 6-значнага кода, які мабільны аператар дасылае праз смс-паведамленне. Аднак, паводле інфармацыі ад нашых чытачоў, правайдар А1 абмяжоўвае магчымасць атрымання кода.

 

«Бюро» папрасіла беларусаў, якія раней ніколі не карысталіся Signal і маюць у наяўнасці беларускую сім-карту, усталяваць дадатак і зарэгістраваць акаўнт у месэнджары.

 

Выявілася, што карыстальнікі ўнутры Беларусі могуць загружаць і ўсталёўваць мабільны дадатак Signal на смартфоны, а вось непасрэдна зарэгістраваць акаўнт выйшла толькі ў кліентаў мабільных аператараў МТС і Life, прычым нават у роўмінгу. Карыстальнікі А1 на запыт кода атрымліваюць наступнае паведамленне:

«У Signal не атрымалася адправіць смс-код з-за праблем з пастаўшчыком смс-паведамленняў».

A1

Скрыншот перададзены рэдакцыі чытачом

 

«Бюро» пад выглядам занепакоенага карыстальніка звязалася з тэхпадтрымкай А1 – там адмаўляюць якія-небудзь абмежаванні адносна Signal:

«Кампанія [А1] не блакуе працу дадаткаў, месэнджараў і сацыяльных сетак».

Мы таксама накіравалі афіцыйны запыт у Signal і чакаем іх адказу.

Месэнджар Signal заблакаваны ў Расіі Раскамнаглядам з 9 жніўня 2024 года з-за «парушэння патрабаванняў заканадаўства» і выкарыстання з «тэрарыстычнымі/экстрэмісцкімі мэтамі».