Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Маскоўскія будні ўнучкі Лукашэнкі

Мы ўдзячныя за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу «Кіберпартызанам»

Старэйшая дачка Дзмітрыя Лукашэнкі і Ганны Лукашэнкі (Сялук)Анастасія – апошнія 5 гадоў жыве і вучыцца ў Маскве. У 2021 годзе, пасля заканчэння прыватнай Мінскай міжнароднай гімназіі, яна паступіла на юрыдычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава (МДУ) на кафедру канстытуцыйнага і муніцыпальнага права.

 

ANASTASIYA LUKASHENKO

Анастасія Лукашэнка. Крыніца: профіль ДСД ва «УКантакце»

 

«Бюро» высветліла, што акрамя вучобы ўнучка Лукашэнкі актыўна брала ўдзел і ў грамадскім жыцці ВНУ. З 2023 года яна знаходзілася ў савеце добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ (ДСД) – гэта такое аб’яднанне студэнтаў-актывістаў, якое займаецца арганізацыяй разнастайных мерапрыемстваў для навучэнцаў факультэта.

Мы вывучылі дзейнасць добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ і высветлілі, што гэтае фармаванне бярэ непасрэдны ўдзел у спансаванні вайны ва Украіне. З 2023 года актывісты дружыны «аказваюць дапамогу ў правядзенні збораў гуманітарнай дапамогі для байцоў, якія знаходзяцца ў зоне СВА». Мы зафіксавалі і «гуманітарныя» выезды студэнтаў, якія знаходзяцца ў дружыне, у прыфрантавыя зоны і на акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі.

У савеце ДСД Анастасія Лукашэнка тры гады займала пасаду кіраўніцы аддзела па працы з замежнымі студэнтамі і дэлегацыямі.

 

Студэнцкая дружына актыўна вядзе свае сацсеткі і падсвятляе нефармальныя аспекты жыцця членаў савета. Гэтыя дадзеныя дазволілі нам даведацца пра падрабязнасці жыцця і побыту Анастасіі Лукашэнкі ў Маскве і на радзіме.

 

Напрыклад, у сакавіку 2024 года ў інстаграме ДСД яна расказала пра адзін дзень са свайго жыцця:

«Сёння выходны, так што можна сабе дазволіць сняданне ў 2 гадзіны дня», расказала Анастасія Лукашэнка і падзялілася фота італьянскага бістро De torino на Мясніцкай вуліцы ў раёне Лубянкі.

Bistro De Torino

Крыніца: інстаграм-акаўнт добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ

 

Пазней, на працягу дня, унучка Лукашэнкі «спрабавала паралеліць справы і падрыхтоўку да мерапрыемстваў» і завяршыла свой дзень прагулкай. Пра гэта яна паведаміла, прыклаўшы фота з відам з акна на старажытную сядзібу Цютчавых у Армянскім завулку – усяго 7 хвілін пехатой ад рэстарана, дзе ў той дзень снедала ў абед Анастасія Лукашэнка.

 

Usad'ba Tutchevyh

Крыніца: інстаграм-акаўнт добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ

 

Гэта самы што ні ёсць гістарычны і шыкоўны цэнтр Масквы – у пешай дасяжнасці знакамітая Пакроўка і Чыстыя пруды.

 

Мы высветлілі, што фота было зробленае з акна на верхніх паверхах будынку па адрасе: вуліца Марасейка, 17/6с2А.

 

Maroseika

Будынак па адрасе: г. Масква, вуліца Марасейка, 17/6с2А. Крыніца: Яндэкс карты

 

У ім размешчаны маскоўскі філіял авіякампаніі «Белавія» і гатэль «Палессе», які кантралюецца пасольствам Беларусі ў Маскве. У гатэлі налічваецца больш за 100 нумароў розных катэгорый, а таксама асобныя апартаменты, у тым ліку і VIP.

Комплекс з чатырох будынкаў быў перададзены ва ўласнасць беларускаму ўраду расійскім урадам у снежні 2012 года.

У інстаграме той жа добраахвотнай студэнцкай дружыны Анастасія Лукашэнка расказала, што летам 2024 года праходзіла практыку ў нейкай музычнай кампаніі:

«У атачэнні творчых людзей я адчуваю сябе сапраўды сабой. І магу сказаць, гэта дакладна МАЁ месца».

Гэтае месца Анастасія Лукашэнка мае поўнае права называць сваім – практыку яна праходзіла ў «Музычнай медыякампаніі», пасаду генеральнага прадзюсара ў якой займае яе маці Ганна Лукашэнка (Сялук).

 

MUZMEDIA

Крыніца: інстаграм-акаўнт добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ

 

Летам 2025 года Анастасія Лукашэнка скончыла бакалаўрыят юрфака МДУ. Мяркуючы па колеры дыплома і даце яго ўручэння, дакумент аб вышэйшай адукацыі ўнучка Лукашэнкі атрымала без адзнакі.

 

DIPLOM

Крыніца: інстаграм-акаўнт добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ

 

 

ЛЮБОЎ ДЫ ЗГОДА

«Бюро» высветліла, што ў Маскве Анастасія Лукашэнка не толькі атрымала дыплом, але і знайшла сабе пару. Абраннікам унучкі Лукашэнкі стаў 22-гадовы Дзмітрый Елісееў – ураджэнец Орска Арэнбургскай вобласці Расіі.

 

ELISEEV

Дзмітрый Елісееў. Крыніца: профіль Дзмітрыя Елісеева ва «УКантакце»

 

Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак у 2021 годзе паступіў на юрыдычны факультэт МДУ на кафедру прадпрымальніцкага права. Тады ж у ВНУ паступіла і Анастасія Лукашэнка.

 

Вясной 2024 года свае стасункі пара ўжо не хавала. У канцы красавіка 2024-га Анастасія Лукашэнка арганізавала паездку ў Мінск для калег па ДСД. У складзе дэлегацыі апынуўся і Елісееў.

 

Вось, напрыклад, яны трымаюцца за рукі ў Палацы незалежнасці.

 

DVOREC NEZAVISIMOSTI

Анастасія Лукашэнка і Дзмітрый Елісееў у Палацы незалежнасці. Крыніца: law.msu.ru

 

Вось яны пазіруюць падчас агляднай прагулкі па Мінску.

 

MINSK

Анастасія Лукашэнка і Дзмітрый Елісееў на агляднай прагулцы па Мінску. Крыніца: law.msu.ru

 

На наступны дзень маладыя людзі працягнулі абдымацца падчас экскурсіі ў цэху завода «Камунарка».

 

KOMMUNARKA

Анастасія Лукашэнка і Дзмітрый Елісееў на экскурсіі па заводзе «Камунарка». Крыніца: law.msu.ru

Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы атрымалі дадзеныя авіяпералётаў Анастасіі Лукашэнкі і Дзмітрыя Елісеева расійскай дзяржаўнай авіякампаніяй «Аэрафлот». З іх мы даведаліся, што Елісееў яшчэ некалькі разоў наносіў візіты ўнучцы Лукашэнкі ў Беларусі.

 

У наступны раз Елісееў прыляцеў у Мінск падчас летніх вакацый 9 ліпеня 2024 года – у дзень адкрыцця «Славянскага базару» ў Віцебску. У Беларусі ён правёў як мінімум тыдзень. Такую выснову мы можам зрабіць зыходзячы з фотасправаздачы з канцэрта Вікторыі Алешкі, які прайшоў у Віцебску 14 ліпеня – унучка Лукашэнкі і яе абраннік трапілі на здымак, калі сядзелі разам.

 

SLAVIANSKI BAZAR

Анастасія Лукашэнка і Дзмітрый Елісееў на «Славянскім базары» ў Віцебску. Крыніца: fest-sbv.gck.by

 

А ў навагоднія вакацыі 2025 года Анастасія і Дзмітрый зноў трапілі ў аб’ектыў – на гэты раз карэспандэнта «Мінскай праўды».

 

SOLIGORSK

Анастасія Лукашэнка і Дзмітрый Елісееў на канцэрце ў салігорскай шахце. Крыніца: mlyn.by

 

23 ліпеня 2025 года Анастасія Лукашэнка і Дзмітрый Елісееў прыляцелі ў Мінск з Масквы адным рэйсам. Білеты браніраваў сам Дзмітрый праз беларускае турагенцтва «Алантур».

 

За месяц да таго, у чэрвені 2025 года, Анастасія Лукашэнка нанесла візіт у Орск: 8 чэрвеня яна і Дзмітрый Елісееў вылецелі з Масквы на радзіму бойфрэнда, дзе жыве ягоная сям’я.

«Бюро» мае падставы меркаваць, што ў летнія месяцы 2025 года ўнучка Лукашэнкі і Дзмітрый Елісееў зарэгістравалі шлюб.

 

Мы вывучылі фотаздымкі і відэа ў пабліках ДСД. Вось відэа за люты 2025 года – Анастасія Лукашэнка віншуе мужчынскую частку ДСД з 23 лютага. На безыменным пальцы правай рукі з’явіўся заручальны пярсцёнак.

 

FEVRAL 2025

Анастасія Лукашэнка віншуе мужчынскую частку ДСД з 23 лютага. Крыніца: профіль ДСД ва «УКантакце»

 

Гэты ж пярсцёнак мы заўважылі на руцэ ўнучкі Лукашэнкі падчас сходу ДСД у красавіку 2025 года.

 

APREL 2025

Анастасія Лукашэнка на сходзе ДСД. Крыніца: профіль ДСД ва «УКантакце»

 

Вось ён жа на відэа ў маі 2025-га.

 

MAI 2025

Анастасія Лукашэнка дэкламуе верш да Дня Перамогі. Крыніца: профіль ДСД ва «УКантакце»

 

У верасні Анастасія вяртаецца на юрфак МДУ ў якасці першакурсніцы-магістранткі. У канцы таго ж месяца праходзяць чарговыя выбары ў савет ДСД і дружыннікі публікуюць зацверджаны склад актыву. На пасаду кіраўніцы аддзела па працы з замежнымі студэнтамі і дэлегацыямі зноў пераабраная ўнучка Лукашэнкі. Але ў пабліках дружыны яна ўжо фігуруе як Анастасія Елісеева.

 

ELISEEVA

Склад ДСД: красавік 2025-га – Анастасія Лукашэнка (злева), верасень 2025-га – Анастасія Елісеева (справа). Крыніца: профіль ДСД ва «УКантакце»

 

Елісеевай яна таксама стала і на сваёй старонцы ва «УКантакце».

VK

Профіль Анастасіі Лукашэнкі ва «УКантакце»

 

Пры дапамозе баз дадзеных, якія трапілі ў сетку, мы змаглі высветліць, што імаверны муж Анастасіі Лукашэнкі мае сціплы «пасаг» – аднапакаёвую кватэру ў Маскве плошчай 23 кв. м у ЖК «Вялікая Ачакаўская 2», за 20 хвілін язды ад галоўнага корпуса МДУ.

 

BOLSHAYA OCHAKOVSKAYA

ЖК «Вялікая Ачакаўская 2». Крыніца: m2.ru

 

Жыллёвая плошча запісаная на ягоную маці – Ірыну Елісееву. Яна жыве ў Орску і працуе намесніцай дэкана па выхаваўчай працы ў Орскім гуманітарна-тэхналагічным інстытуце. На яе таксама зарэгістраванае ІП, праз якое яна аказвае паслугі рэпетытара.

 

На другасным рынку ў тым жа ЖК нерухомасць з такой жа плошчай і рамонтам цяпер можна набыць у сярэднім за 17,5 мільёна рублёў (каля 190 тысяч еўра).

 

Чым цяпер займаецца выпускнік юрфака, невядома, аднак у расійскай падатковай ён зарэгістраваны як самазаняты.