Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

«Нафтавы кашалёк» Лукашэнкі паставіў бізнэс на ценявыя рэйкі

Буйны беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей працягвае зарабляць на пастаўках нафтапрадуктаў і каменнага вугалю, нягледзячы на заходнія санкцыі.

 

 

61-гадовы ўраджэнец украінскага Барыспаля – адна з самых загадкавых фігур у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі. Ён трымаецца ў цені і не дае інтэрв’ю. Варабей уваходзіць у топ-3 паспяховых бізнэсоўцаў Беларусі з актывамі ў паліўнай і лагістычнай галінах. Яго называюць «нафтавым кашальком» Лукашэнкі. Варабей знаходзіцца пад санкцыямі ЕС са снежня 2020 года і пад санкцыямі ЗША – са жніўня 2021 года.

 

Nikolay Vorobey

Мікалай Варабей. Крыніца: tut.by

 

Для абыходу заходніх абмежаванняў бізнэсовец выкарыстоўвае раней не засвечаныя фірмы, якія аформленыя на давераных асоб. Адна з ключавых кампаній у дзейнай сетцы Вараб’я – «Лагістык Энерджы», офіс якой знаходзіцца на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай у Мінску.

 

Уладальніца «Лагістык Энерджы» – Нэлі Малярова. У 2016 годзе яна працавала ў кампаніі «Інтэрсэрвіс», а з 2019 па 2021 год – у «БелКазТранс». Абедзве структуры падкантрольныя Мікалаю Вараб’ю і знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

 

«Лагістык Энерджы» займаецца чыгуначнымі пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў. Раней Беларусь накіроўвала паліва ва Украіну і краіны ЕС наўпрост. Але вайна і санкцыі парушылі традыцыйныя лагістычныя маршруты. Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў пайшоў праз расійскія парты. «Лагістык Энерджы» – важны пастаўшчык на новым напрамку.

 

Згодна з дадзенымі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, летась кампанія вазіла бензін, дызельнае паліва, мазут і газойль у парты Ленінградскай вобласці. «Лагістык Энерджы» перавезла ў Расію больш за 19 тысяч цыстэрнаў больш як з 1,2 мільёна тон нафтапрадуктаў. На яе прыпала прыкладна чвэрць ад усіх паставак з Беларусі ў Расію. Болей пастаўляў толькі Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод – каля 65% усіх паліўных перавозак.

 

Акрамя нафтапрадуктаў «Лагістык Энерджы» займаецца чыгуначнымі перавозкамі каменнага вугалю. За дзевяць месяцаў мінулага года кампанія перавезла ў Польшчу, Літву і Латвію больш як 1,7 тысячы вагонаў больш чым са 115 тысячамі тон вугалю з Казахстана. На экспедытара прыпала болей за 40% усіх транзітных перавозак.

 

Раней Варабей займаўся пастаўкамі нафтапрадуктаў і вугалю праз «Новую нафтавую кампанію» і «БелКазТранс», але яны падпалі пад санкцыі ЕС і ЗША.

 

Новы перавозчык «Лагістык Энерджы» будуе порт у Мурманскай вобласці, каб перагружаць там калійныя ўгнаенні і нафтапрадукты з Беларусі. Аб’ём інвестыцый не раскрываецца. У 2023 годзе выручка «Лагістык Энерджы» склала больш як 71 мільён рублёў, што на 78% ніжэй за паказчык 2022 года. Аднак чысты прыбытак у пазамінулым годзе павялічыўся на 68% – да 35 мільёнаў рублёў. Фінансавыя паказчыкі за 2024 год пакуль не апублікаваныя.

 

Cisterny s nefteproduktami

Цыстэрны з нафтапрадуктамі. Крыніца: xpress.by

 

«Лагістык Энерджы» – не адзіная новая кампанія з арбіты Мікалая Вараб’я. «Бюро» выявіла яшчэ адну фірму з паліўнай сферы – полацкі «ЛэндРэсурс». Згодна з мытнымі дадзенымі, кампанія імпартавала ў Беларусь расійскую нафту – больш за 6,2 мільёна тон у 2021 годзе, больш за 3,8 мільёна тон у 2022 годзе.

 

Адзіны ўладальнік «ЛэндРэсурса» – Сяргей Анцэн. Ён доўгі час працаваў у кампаніі «Інтэрсэрвіс», падкантрольнай Мікалаю Вараб’ю. Сам Варабей значыўся дарадцам дырэктара па развіцці знешнеэканамічных сувязяў «ЛэндРэсурса». Фінансавыя паказчыкі «ЛэндРесурса» засакрэчаныя беларускім урадам.