«Бюро» – 2 гады
Прывітанне! Сёння «Бюро» спаўняецца цэлыя 2 гады. За гэты час нам удалося рэалізаваць смелыя ініцыятывы і апублікаваць важныя матэрыялы. Мы шчаслівыя сёння падзяліцца з вамі нашымі дасягненнямі і планамі на будучыню.
Другі год існавання нашага праекта стаў не менш дынамічным і плённым, чым першы. За год рэдакцыя правяла і апублікавала 13 эксклюзіўных вялікіх расследаванняў і некалькі дзясяткаў унікальных міні-расследаванняў і расследавальніцкіх навін. Акрамя таго, мы эксперыментавалі з фарматамі і цяпер выпускаем расследаванні яшчэ і ў аўдыя.
У 2025 годзе мы сталі членамі GIJN. «Бюро» ўзяло ўдзел у маштабным праекце Dear Compatriots сумесна з 30 замежнымі расследавальніцкімі медыя. А восенню двое журналістаў рэдакцыі былі ўзнагароджаныя прэміяй «Вольнае слова» за свае расследаванні.
Мы рады падзяліцца з вамі нашымі дасягненнямі:
– фігуранты нашага расследавання «Вялікая наладка» падпалі пад санкцыі Брытаніі і ЕС, пасля гэтага яны былі вымушаныя пазбавіцца ад польскай кампаніі і змяніць пастаўшчыка аўтазапчастак для расійскага рынку;
– у Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі зацікавіліся бухгалтэрыяй фонду Мікалая Карпянкова пасля выхаду нашага кастрычніцкага расследавання – гэта вынікае з адказу, які ведамства даслала «Бюро»;
– Літоўская мытня пачала праверку пасля нашага лістападаўскага расследавання пра пастаўкі абсталявання на беларускі завод у абыход санкцый.
Мы і надалей будзем інфармаваць беларусаў пра выпадкі карупцыі і пра тых, хто падрывае дэмакратычныя прынцыпы, парушаючы законы і правы людзей. Сёння карупцыя застаецца адной з ключавых перашкодаў на шляху да справядлівасці і развіцця краіны. Раскрываючы новыя факты карупцыйных практык, мы не толькі перадаем грамадству важную інфармацыю, але і ствараем умовы для грамадскага абмеркавання і адкрытага дыялогу.
Дзякуй, што вы з намі на гэтым шляху. Ваша вера ў нас матывуе і натхняе.
З павагай, каманда «Бюро»