Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся рыбным бізнэсам
Старэйшы сын Віктара Лукашэнкі, Аляксандр Лукашэнка-малодшы, працаваў у кампаніі «Марскія сезоны», якая належыць Людміле Няронскай. Дзякуючы звесткам, атрыманым ад «КіберПартызан», мы даведаліся, што ўнук Аляксандра Лукашэнкі значыўся ў кампаніі як мінімум з 27 жніўня па 30 верасня 2024 года.
Аляксандр Лукашэнка-малодшы не вельмі публічная асоба і з’яўляецца толькі на дабрачынных акцыях, у якіх удзельнічае ягоная сям’я.

Сям'я Віктара Лукашэнкі. Крыніца: belta.by
Цяпер 20-гадовы сын Віктара Лукашэнкі вывучае ў БДУ бізнэс-адміністраванне на англійскай мове.
Кампанія «Марскія сезоны» з’явілася восенню 2022 года, цяпер яна будуе рыбаперапрацоўчы завод у свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск». Фірма атрымала разнастайныя падатковыя і мытныя льготы ад уладаў. Таксама дзяржава выдала льготны крэдыт у 240 мільёнаў рублёў на будаўніцтва завода. У гэтай жа кампаніі працуе зяць Віктара Лукашэнкі – Дзмітрый Дзятлаў.
Уладальніца «Марскіх сезонаў» Людміла Няронская даўно звязаная з сям’ёй Віктара Лукашэнкі. Дзеці Няронскай і Лукашэнкі вучыліся разам у прэстыжнай мінскай гімназіі № 16. Дарэчы, там жа Няронская і Лілія Лукашэнка былі разам у апякунскім савеце.
У 2019 годзе Няронская з жонкай і дзецьмі Віктара Лукашэнкі лётала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На шляху назад да іх далучыўся і сам Віктар.