На бізнэс-джэце з Мінска ў Маскву. Як зяць былога прэм’ера асвоіў неба
Беларуская авіякампанія «Байскай» абнародавала фінансавыя паказчыкі за мінулы год. Выручка вырасла ў тры з паловай разы ў параўнанні з 2024 годам – да 27 мільёнаў рублёў. Чысты прыбытак падвоіўся і склаў амаль 11 мільёнаў рублёў. Кіраўнік авіякампаніі «Байскай» Дзмітрый Кучынскі адмовіўся каментаваць фінансавыя паказчыкі па тэлефоне.
Авіякампанія «Байскай» – адзіны прыватны аператар бізнэс-джэтаў у Беларусі. Яна з’явілася ў 2017 годзе. Заснавальнік – акцыянернае таварыства «Інвестыцыйнае фінансаванне». Па дамоўленасці з беларускімі ўладамі кампанія пабудавала цэнтр бізнэс-авіяцыі ў нацыянальным аэрапорце Мінск.
За авіяцыйным бізнэсам стаіць Сяргей Бацяноўскі. Дзякуючы «Кіберпартызанам» атрымалася пацвердзіць, што ён з’яўляецца зяцем былога прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Лінга, чыё праўленне прыпала на 1997 – 2000 гады.

Бізнэсмэн Сяргей Бацяноўскі (справа) і былы кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро. Крыніца: ban.by
Цяпер, паводле звестак авіяцыйных сэрвісаў, ва флоце авіякампаніі «Байскай» чатыры самалёты: два Pilatus PC-12, Hawker 850XP і Hawker 900XP. Самалёты Pilatus PC-12 кампанія набыла на заводзе ў Швейцарыі. Бізнэс-джэт Hawker 850XP дастаўся «Байскай» ад егіпецкага аператара Alkan Air, а Hawker 900XP – ад казахскага аператара FlyJet KZ.

Бізнэс-джэт Hawker 850XP. Крыніца: jetphotos.com
«Байскай» лётае на сваіх самалётах у асноўным у краінах СНД, вынікае з дадзеных сэрвісу Flightradar24. Авіяперавозчык здзяйсняў пералёты ў аэрапорты Мінска, Брэста, Оршы, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Уфы, Сочы, Омска, Новасібірска, Мінеральных Вод, Астаны, Баку, Кутаісі, Тбілісі, Самарканда, Ерэвана, Тэль-Авіва, Каіра і іншых гарадоў. Часцей за ўсё для палётаў выкарыстоўваўся бізнэс-джэт Hawker 850XP. Летась ён выканаў каля 80 рэйсаў, сёлета – каля 50 рэйсаў.
Кліенты «Байскай» – заможныя людзі. Да прыкладу, на самалёце Pilatus PC-12 расійскі спявак Стас Міхайлаў лётаў на «Славянскі базар» у Віцебск.
Сайт «Байскай» часова не працуе. Мы патэлефанавалі ў кампанію пад выглядам кліента, каб даведацца пра бягучыя расцэнкі на перавозкі. Палёт аднаго пасажыра на самалёце Hawker 850XP з Мінска ў Маскву каштуе 25 000 еўра, у Санкт-Пецярбург – 31 800 еўра. За кожнага дадатковага пасажыра трэба даплаціць па 1 100 еўра.
Палёт аднаго пасажыра на самалёце Pilatus PC12 з Мінска ў Маскву запатрабуе 20 430 еўра, у Санкт-Пецярбург – 28 380 еўра. За кожнага дадатковага пасажыра ў Санкт-Пецярбург трэба даплаціць 910 еўра, у Маскву – 1 020 еўра.
Абодва самалёты разлічаныя на перавозку да васьмі пасажыраў.