Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Фінансы Людмілы Няронскай сталі дзяржаўнай падатковай таямніцай

«Бюро» высветліла, што беларускія ўлады засакрэцілі фінансавую справаздачнасць амаль усіх кампаній рыбнага холдынга сяброўкі сям’і Віктара ЛукашэнкіЛюдмілы Няронскай за 2025 год.

 

Пад грыф «сакрэтна» трапілі адразу 6 фірм бізнэс-лэдзі: «Марскія сезоны», «Марскія промыслы», «Марская мануфактура», «Марская гавань», «Белмарэ груп» і «Сезон упакоўкі», у якой 20-працэнтная доля належыць сыну Віктара Лукашэнкі – Аляксандру Лукашэнку – малодшаму.

Раней мы паведамлялі, што фірма «Сезон упакоўкі» будзе будаваць вытворча-складскі цэх у «аршанскім афшоры» «Брэміна-Орша» за кошт бюджэтнага крэдыту.

Пастанову пра «падатковую таямніцу» ў дачыненні да фінансавай справаздачнасці холдынга Няронскай выдаў Савет міністраў Беларусі. Па такім жа прынцыпе эканамічныя паказчыкі раней былі закрытыя і ў фірмаў, звязаных з сынамі Лукашэнкі (іх напісанне падаем такім, як яны зарэгістраваныя): «Лябяжы парк» і «Глаўгандальпрэд» – Віктара Лукашэнкі, Прэзідэнцкі спартыўны клуб і «Першая ўзорная друкарня»Дзмітрыя Лукашэнкі.

 

«Бюро» накіравала запыты ў Савет міністраў РБ, Міністэрства па падатках і зборах РБ і Міністэрства юстыцыі РБ. Мы папрасілі растлумачыць нам: чаму інфармацыя пра расходы і даходы прыватных фірм стала дзяржаўнай падатковай таямніцай.

Магчыма, такая сакрэтнасць у дачыненні да бізнэсу Няронскай – яшчэ адзін доказ таго, што сям’я Віктара Лукашэнкі мае асабісты фінансавы інтарэс у гэтым рыбным холдынгу. Раней мы высветлілі, што акрамя Аляксандра Лукашэнкі – малодшага, у бізнэс-структурах Няронскай працуе яшчэ двое сваякоў Віктара Лукашэнкі: ягоны зяць Дзмітрый Дзятлаў і швагер – муж роднай сястры Ліліі ЛукашэнкіАляксандр Гарусаў.

Адзіная «рыбная» фірма Няронскай, якая не падпала пад падатковую дзяржтаямніцу, – «Марскі вектар». Яна была зарэгістраваная ў студзені 2025 года і займаецца іншай дапаможнай дзейнасцю ў галіне перавозак. Па выніках 2025 года выручка «Марскога вектара» склала крыху больш за 1,5 мільёна беларускіх рублёў. Фінансавы год кампанія скончыла са стратамі больш як у 800 тысяч беларускіх рублёў.

 

«Бюро» таксама мае ў распараджэнні фінансавую справаздачнасць расійскага актыву Людмілы Няронскай «Саюзныя рыбныя промыслы», якім яна валодае разам з сябрамі Уладзіміра Пуціна – алігархамі братамі Ратэнбергамі.

 

Па выніках 2025 года выручка «Саюзных рыбных промыслаў» склала крыху больш за 22 мільёны еўра. Фінансавы год кампанія скончыла з чыстым прыбыткам амаль у 5,9 мільёна еўра. Акрамя гэтага, Людміле Няронскай і ейнай фірме «Марскія промыслы» як акцыянерам былі выплачаныя салідныя дывідэнды – сумарна на 4,6 мільёна долараў.

 

Яшчэ каля 30 тысяч долараў Няронская атрымала ў якасці ўзнагароджання як член савета дырэктараў. Такую ж суму атрымаў і зяць Віктара Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў, які таксама ўваходзіць у савет дырэктараў «Саюзных рыбных промыслаў».