Фінансы Людмілы Няронскай сталі дзяржаўнай падатковай таямніцай
«Бюро» высветліла, што беларускія ўлады засакрэцілі фінансавую справаздачнасць амаль усіх кампаній рыбнага холдынга сяброўкі сям’і Віктара Лукашэнкі – Людмілы Няронскай за 2025 год.
Пад грыф «сакрэтна» трапілі адразу 6 фірм бізнэс-лэдзі: «Марскія сезоны», «Марскія промыслы», «Марская мануфактура», «Марская гавань», «Белмарэ груп» і «Сезон упакоўкі», у якой 20-працэнтная доля належыць сыну Віктара Лукашэнкі – Аляксандру Лукашэнку – малодшаму.
Пастанову пра «падатковую таямніцу» ў дачыненні да фінансавай справаздачнасці холдынга Няронскай выдаў Савет міністраў Беларусі. Па такім жа прынцыпе эканамічныя паказчыкі раней былі закрытыя і ў фірмаў, звязаных з сынамі Лукашэнкі (іх напісанне падаем такім, як яны зарэгістраваныя): «Лябяжы парк» і «Глаўгандальпрэд» – Віктара Лукашэнкі, Прэзідэнцкі спартыўны клуб і «Першая ўзорная друкарня» – Дзмітрыя Лукашэнкі.
«Бюро» накіравала запыты ў Савет міністраў РБ, Міністэрства па падатках і зборах РБ і Міністэрства юстыцыі РБ. Мы папрасілі растлумачыць нам: чаму інфармацыя пра расходы і даходы прыватных фірм стала дзяржаўнай падатковай таямніцай.
Адзіная «рыбная» фірма Няронскай, якая не падпала пад падатковую дзяржтаямніцу, – «Марскі вектар». Яна была зарэгістраваная ў студзені 2025 года і займаецца іншай дапаможнай дзейнасцю ў галіне перавозак. Па выніках 2025 года выручка «Марскога вектара» склала крыху больш за 1,5 мільёна беларускіх рублёў. Фінансавы год кампанія скончыла са стратамі больш як у 800 тысяч беларускіх рублёў.
«Бюро» таксама мае ў распараджэнні фінансавую справаздачнасць расійскага актыву Людмілы Няронскай «Саюзныя рыбныя промыслы», якім яна валодае разам з сябрамі Уладзіміра Пуціна – алігархамі братамі Ратэнбергамі.
Па выніках 2025 года выручка «Саюзных рыбных промыслаў» склала крыху больш за 22 мільёны еўра. Фінансавы год кампанія скончыла з чыстым прыбыткам амаль у 5,9 мільёна еўра. Акрамя гэтага, Людміле Няронскай і ейнай фірме «Марскія промыслы» як акцыянерам былі выплачаныя салідныя дывідэнды – сумарна на 4,6 мільёна долараў.
Яшчэ каля 30 тысяч долараў Няронская атрымала ў якасці ўзнагароджання як член савета дырэктараў. Такую ж суму атрымаў і зяць Віктара Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў, які таксама ўваходзіць у савет дырэктараў «Саюзных рыбных промыслаў».